Кадры з эфектам эканоміі

На пасяджэнні калегіі Камітэта дзяржаўнага кантролю Брэсцкай вобласці разгледжаны вынікі ажыццяўлення кантролю за мэтавым і эфектыўным расходаваннем бюджэтных сродкаў, рацыянальным выкарыстаннем дзяржаўнай уласнасці, абгрунтаванасцю расходавання сродкаў абласнога бюджэту, што выдзяляліся ўстановам адукацыі Брэсцкай вобласці, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку рабочых кадраў і спецыялістаў для сельскагаспадарчай вытворчасці.

У Брэсцкай вобласці падрыхтоўку такіх кадраў ажыццяўляюць 9 устаноў адукацыі, на ўтрыманне якіх з абласнога бюджэту штогод выдзяляецца больш за 100 млрд. руб.
УМаларыцкім, Навамышскім і Пінскім ліцэях выяўлены значныя праблемы ў іх матэрыяльна-тэхнічных базах, выпадкі неэфектыўнага і нямэтавага выкарыстання будынкаў і збудаванняў, зямель і г.д.
У цэлым па ўсіх 9 установах Брэсцкай вобласці, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку рабочых кадраў і спецыялістаў для сельскагаспадарчай вытворчасці, Мінадукацыяй Рэспублікі Беларусь устаноўлена гранічная колькасць навучэнцаў – 6370 чалавек, пры гэтым у 2013-2014 гадах фактычна навучаліся, адпаведна, 2983 і 3339 чалавек, гэта значыць загрузка не перавышала 52 працэнты.
Інтэрнаты агульнай умяшчальнасцю на 3457 месцаў для пражывання навучэнцаў выкарыстоўваюцца на 45 працэнтаў, адпаведна – неэфектыўна расходуюцца бюджэтныя сродкі на іх утрыманне.
Ва ўстановах для навучання выкарыстоўваецца значная колькасць тэхнічна і тэхналагічна ўстарэлай сельскагаспадарчай тэхнікі. Так, у агульнай колькасці вучэбнай тэхнікі доля найбольш сучаснай (менш за 5 гадоў з моманту выпуску) склала ад  1 адзінкі (з 36) у Навамышскім ліцэі (6 працэнтаў) да 12 адзінак (з 95) у Маларыцкім (13 працэнтаў), а выпушчанай больш за 20 гадоў таму, маральна і фізічна ўстарэлай — ад 51 працэнта ў Маларыцкім ліцэі да 69 працэнтаў у Пінскім. Прычым, падчас кантрольных мерапрыемстваў звернута ўвага на тое, што ні ў адным з трох правераных ліцэяў не было ў наяўнасці сучасных і тэхнічна дастаткова складаных айчынных грузавых аўтамабіляў МАЗ, якія ў апошні час шырока выкарыстоўваюцца ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах.
Па выніках кантрольных мерапрыемстваў калегія Камітэта дзяржкантролю Брэсцкай вобласці ў мэтах забеспячэння эфектыўнага расходавання бюджэтных сродкаў і рацыянальнага выкарыстання дзяржаўнай уласнасці, уключаючы жылыя памяшканні дзяржаўнага жылога фонду і зямельныя ўчасткі, аблвыканкаму прапанавала актывізаваць работу па рэарганізацыі і аптымізацыі колькасці ўстаноў адукацыі, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку рабочых кадраў і спецыялістаў для сельскагаспадарчай вытворчасці.
КДК Брэсцкай вобласці.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *