Вераснёўскія хрызантэмы

Яна ішла па вуліцы з букетам белых хрызантэм. Глядзела на белы цуд і ўсміхалася: іменна для яе расцвілі гэтыя вераснёўскія кветкі. Маленькі кавалачак шчасця, які падарылі Тамары Вікенцьеўне калегі, быў для яе дарагім. Ён увасабляў і павагу, і прызнанне яе прафесіяналізму, і тое, што сёння ў яе ўрачыста-святочны дзень: Тамара Нікішова нарадзілася ў верасні і святкуе чарговую юбілейную дату. Але не будзем лічыць гады, яны няхай сабе бягуць, нясуць юбілярцы прыемныя падзеі, новыя спадзяванні і як мага больш сонечных дзён.
Сярод усіх зямных даброт і радасцяў, якія жыццё падарыла гэтай незвычайнай жанчыне, яна нязменна на першы план ставіць работу. І, трэба сказаць, не кожны спецыяліст, нават з вялікім вопытам, такі запатрабаваны, як Тамара Вікенцьеўна. Яшчэ ў 1958 годзе яна пачала сваю працоўную біяграфію ў ”Саюздруку” і адначасова вучылася ў Мінскім тэхнікуме паштовай сувязі. Неўзабаве была прызначана начальнікам раённага ад-дзялення «Саюздруку». З таго часу (а ўжо мінула 46 гадоў! ) яна застаецца нязменнай на гэтай пасадзе ў лепшым аддзяленні вобласці па ўсіх паказчыках, у тым ліку па тавараабароце і насычанасці перыядычнымі выданнямі. Граматы, падзякі, нагрудны знак “Выдатнік друку Беларусі”— так ацэнена работа Тамары Нікішовай. Але для яе вельмі важна яшчэ і тое, што калектыў, які сфарміраваўся пад яе кіраўніцтвам, паважае і цэніць свайго кіраўніка.
Шчырыя віншаванні яна атрымала не толькі ад калег: муж Міхаіл Сцяпанавіч, сын Аляксандр і абавязкова ўнучачка Міланка жадалі любімай жонцы, маці і бабулі доўгіх гадоў самага актыўнага жыцця. Рэдакцыя таксама далучаецца да віншаванняў!
Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *