У Свяціцу – па рашэнні Ляхавіцкага раённага суда

Ацяпленне, святло, газ, іншыя камунальныя выгоды… Мы ўжо не ўяўляем без іх сваё жыццё, звыкла імі карыстаемся. Але даводзіцца канстатаваць, што не ўсе добрасумленна і своечасова іх аплачваюць. Як паведаміла юрысконсульт КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” Кацярына Заплёціна, толькі за мінулы год выдадзена 1074 папярэджанні грамадзянам, якія мелі пратэрмінаваную запазычанасць за жыллёва-камунальныя паслугі, аформлена 111 натарыяльных надпісаў на суму больш за 187 мільёнаў рублёў, пададзена ў суд 5 іскавых заяў на 27,5 мільёна рублёў. Усе іскі судом задаволены. Практыкуюцца і іншыя спосабы спагнання запазычанасці. Напрыклад, інфармацыя пра даўгі перад камунальнай службай накіроўваецца па месцы работы неплацельшчыка.
Сярод самых радыкальных спосабаў барацьбы з даўжнікамі – высяленне. Згодна артыкула 86 Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь, наймальнікі жылога памяшкання дзяржаўнага жыллёвага фонду і члены іх сем’яў, якія без уважлівых прычын маюць шасцімесячную запазычанасць па аплаце за паслугі ЖКГ, у судовым парадку высяляюцца з прадастаўленнем ім іншага жылля – меншага па плошчы ці горшага па спажывецкіх якасцях.
Як расказаў дырэктар камунгаса Аляксандр Мядзвецкі, летась прайшлі 2 такія суды. З гарадскіх кватэр выселены 2 ляхавічаніна.
Адзін з “перасяленцаў” жыў у райцэнтры ў шматкватэрніку па вуліцы Чкалава, запазычыў камунгасу за 23 месяцы; другі, чыя кватэра размяшчалася па вуліцы Будаўнікоў, не плаціў 52 месяцы. Цяпер іх новым месцам жыхарства па рашэнні суда стала вёска Свяціца, дзе яны і атрымалі камунальныя кватэры.
Камунальнікі спадзяюцца, што такая “міграцыя” стане ўрокам для тых, хто не жадае своечасова плаціць за камфорт і зручнасці.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *