У райвыканкаме «рыбны дзень». Прайшла чарговая апаратная нарада ў старшыні Ляхавіцкага райвыканкама

Аналіз работы арандатараў паляўнічых і рыбалоўных угоддзяў Ляхавіцкага раёна ў 2014 і першым квартале 2015 года быў галоўным пытаннем апошняй апаратнай нарады ў старшыні райвыканкама. Як праінфармаваў яе ўдзельнікаў начальнік райсельгасхарчу Сяргей Баргамон, у мінулым годзе ў арэндзе знаходзіліся 4 размешчаныя на тэрыторыі раёна водныя аб’екты. Вадаём “Нетчын” быў і ёсць у часовым карыстанні ТАА “Барскае сяло”, “Востраў” – Ляхавіцкай РАС БТПР, “Сакуны” – СВК “Шлях новы”, а сажалка “Ляхавіцкая” знаходзіцца ў арэндзе прыватнага прадпрыемства “Ціхі плёс”. З мінулага сакавіка “прафсаюз” арандатараў водных угоддзяў дапоўніла ПУП “Мыслабаж”, якое атрымала ў часовае распараджэнне вадасховішча “Мінічы”.

На 2014 год Брэсцкім аблвыканкамам нашаму раёну было даведзена заданне на вылаў 9 тон таварнай рыбы. Вылаўлена 5,6 тоны, што адпавядае 62 працэнтам задання. Найбольш выніковымі аказаліся “Шлях новы” і яго “Сакуны”, адкуль было паднята 2942 кілаграмы рыбы, у сваіх угоддзях “Ціхі плёс” здабыў 800, а раённая структура БТПР вылавіла ў “Востраве” 1900 кілаграмаў рыбы. “Барскае сяло” ў выкананні задання не ўдзельнічала. Як вынікае з выступлення ў ходзе нарады прадстаўніка фірмы-арандатара, займацца на “Нетчыне” гаспадарчай дзейнасцю ТАА не мела права. Прычына – несвоечасовае, не па віне арандатара, афармленне ўсіх неабходных у такім выпадку дакументаў. Гісторыя цягнулася больш як год, да мінулага сакавіка, калі, нарэшце, кропка ў афармленні арэндных адносін была пастаўлена. Чыя ў тым віна – адказ на пастаўленае пытанне старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч чакае не пазней, як праз тыдзень, на падставе чаго і будуць зроблены высновы. А да пытання па “Нетчыну” мяркуецца звярнуцца яшчэ раз – праз месяц.

Прэтэнзій да СВК “Шлях новы” і Ляхавіцкай РАС БТПР як да арандатараў адпаведна “Сакуноў” і “Вострава” ў раённай улады не ўзнікае. “Тэрыторыя, што прылягае да водных аб’ектаў, знаходзіцца ў належным санітарным стане. Устаноўлены аншлагі і інфармацыйныя шыльды, туалеты, масткі, кантэйнеры для збору бытавых адходаў, лаўкі, альтанкі”, – маючы на ўвазе названыя вадаёмы адзначыў начальнік райсельгасхарчу.

Што тычыцца паляўнічай гаспадаркі раёна, бадай галоўная навіна ў тым, што 9 сакавіка гэтага года ў Ляхавіцкага лясгаса закончыўся тэрмін арэнды паляўнічых угоддзяў. Новыя дагаворныя адносіны не заключаны, і паляўнічая гаспадарка ў лясгасе зараз не вядзецца.

А вось работа Ляхавіцкай РАС РДГА “БТПР” прызнана станоўчай.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *