Прыёмная серада ў старшыні Ляхавіцкага райвыканкама

У I квартале ў раённы выканаўчы камітэт паступіў 71 зварот грамадзян і юрыдычных асоб: 31 вусны, 25 пісьмовых і 15 электронных. 26 чалавек скарысталіся магчымасцю вырашыць свае праблемы падчас асабістага прыёму ў кіраўніка раёна, у тым ліку – выязнога. Найбольш часта ў зваротах закраналіся пытанні будаўніцтва і набыцця жылля, добраўпарадкавання і рамонту дарог, кошту прыватызацыі жылля.

– Добра, што людзі звяртаюцца са сваімі праблемамі да мясцовай улады. Гэта своеасаблівы індыкатар даверу да яе. Канешне, не ўсе пытанні можна вырашыць адразу. Бывае, неабходна выехаць на месца, разабрацца, вывучыць сітуацыю. Насцярожвае, што некаторыя чыноўнікі, у чыёй кампетэнцыі вырашэнне тых ці іншых праблемных пытанняў, не надаюць дастатковай увагі рабоце са зваротамі, і чалавек вымушаны звяртацца ў вышэйстаячыя дзяржаўныя органы. Выслухаць, растлумачыць і дапамагчы ў адпаведнасці з заканадаўствам і ў межах паўнамоцтваў – абавязак кіраўнікоў і адказных службовых асоб, – пракаментаваў значэнне прыёму грамадзян па асабістых пытаннях старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч.

У мінулую сераду старшыня райвыканкама праводзіў прыём чарговы раз. Праблемы хоць і адрозніваліся рознахарактарнасцю тэм, але ўсе датычыліся актуальных жыццёвых абставін.

Мнагадзетная маці, што стаіць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, цікавілася магчымасцю атрымання жылля ў райцэнтры.

Па словах кіраўніка раёна, праектна-каштарысная дакументацыя на 40-кватэрны дом, будаўніцтва якога планавалася на канец мінулага года, прайшла экспертызу. Але з-за фінансавых цяжкасцяў пачатак будаўніцтва быў адкладзены. Канкрэтныя тэрміны яго пакуль не вызначаны. Маці трох дзяцей былі прапанаваны розныя варыянты магчымага вырашэння жыллёвага пытання.

Малады чалавек жадае адкрыць свой бізнес і звярнуўся з просьбай дапамагчы з арэндай памяшкання. Вячаслаў Сельмановіч даў даручэнне разгледзець пытанне на працягу тыдня.

Жыхара вуліцы Кастрычніцкай прывялі ў райвыканкам прэтэнзіі да якасці працы работнікаў ДЭУ-24. На тэрыторыі яго домаўладання рабочыя пракладвалі водасцёкавую трубу, знялі агароджу і бетонныя слупы. Да гэтага часу агароджу ніхто не аднавіў. Пасля гэтых работ, па словах ляхавічаніна, з’явіліся праблемы з устойлівасцю дома, пачалася прасадка зямлі. Намеснік старшыні райвыканкама Вячаслаў Самахвал атрымаў даручэнне выехаць на месца і разабрацца з сітуацыяй. Заяўніку адказ па выніках праверкі будзе дадзены пісьмова.

З пытаннямі набыцця зямельнага ўчастка, працаўладкавання і з іншымі праблемамі прыходзілі нашы землякі на прыём да старшыні райвыканкама. Кожны, хто ў гэты дзень выкарыстаў магчымасць прамой размовы, атрымаў кампетэнтныя парады і вычарпальныя тлумачэнні.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *