Беражыце мужчын. І жанчын

Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва ў Беларусі — 46 чалавек на 1 кв.км
Такія даныя прадставіла на прэс-канферэнцыі па выніках перапісу насельніцтва 2009 года намеснік старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі Алена Кухарэвіч.
Прадстаўнік Белстата прывяла параўнальныя даныя. Так, ва Украіне сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 76 чалавек на 1 кв. км, у Літве — 52, у Латвіі — 36, у Польшчы — 122 чалавекі на 1 кв. км.
Па стану на 14 кастрыч-ніка 2009 года ў Беларусі пастаянна пражывалі 9 млн. 504 тыс. чалавек. За 10 гадоў пасля перапісу насельніцтва 1999 года жыхароў краіны стала менш на 541 тыс., або на 5,4 працэнта. Дарэчы, скарачэнне колькасці насельніцтва паміж перапісамі 1989 і 1999 гадоў складала 107 тыс. чалавек, або 1 працэнт.
Змяншэнне колькасці пастаяннага насельніцтва характэрна ўсім абласцям рэспублікі. А найбольш істотнае — у Віцебскай (на 10,6 працэнта), Мінскай (на 8,7 працэнта) і Магілёўскай (на 9,4 працэнта) абласцях.
Колькасць мінчан вырасла за дзесяцігоддзе паміж перапісамі на 156 тыс. чалавек (на 9,3 працэнта) і склала на 14 кастрычніка 2009 года 1 млн. 837 тыс. чалавек.
За мінулыя 10 гадоў у Беларусі адбыліся істотныя змяненні ў колькасці і суадносінах мужчын і жанчын, што зрабіла ўплыў на фарміраванне сем’яў і ўзнаўленне насельніцтва. Па стану на 14 кастрычніка 2009 года ў рэспубліцы пражывала 4420 тыс. мужчын і 5084 тыс. жанчын. У параўнанні з 1999 годам мужчын стала менш на 6,3 працэнта, а жанчын — на 4,6 працэнта. Намеснік старшыні Белстата адзначыла, што да 1999 года адбывалася паступовае выраўноўванне структуры насельніцтва па полу, парушанае вайной. Так, паводле перапісу насельніцтва 1959 года, на 1000 мужчын прыпадала 1249 жанчын, у 1979 годзе — 1156, 1999 годзе — 1129. Але да моманту перапісу насельніцтва 2009 года структура насельніцтва па полу пагоршылася: на 1000 мужчын прыпадала 1150 жанчын. Гэта тлумачыцца больш высокім тэмпам росту смяротнасці мужчын, асабліва ў працаздольным узросце.
Істотна адрозніваецца структура насельніцтва па полу ў гарадах і ў вёсцы. Так, у гарадскіх паселішчах колькасць жанчын перасягае колькасць мужчын, пачынаючы з узросту 27 гадоў і больш, у той час як у сельскай мясцовасці — з узросту 56 гадоў і больш. Гэта звязана з больш высокай доляй жанчын, асабліва маладых, у агульнай колькасці мігрантаў з сельскай мясцовасці ў гарадскую. «У выніку ў вёсцы дысбаланс палоў праяўляецца ў няхватцы нявест, — сказала Алена Кухарэвіч. — На 1000 сельскіх мужчын ва ўзросце 20-29 гадоў, калі найбольш актыўна ствараюцца сем’і, прыпадае 853 жанчыны гэтага ж узросту». Дарэчы, па выніках перапісу 1999 года гэтыя суадносіны складалі 893 жанчыны на 1000 мужчын.
На тэрыторыі Беларусі пастаянна пражываюць прадстаўнікі 140 нацыянальнасцей і народнасцей. Амаль 84 працэнты жыхароў краіны аднеслі сябе да карэннай нацыянальнасці — беларусаў, 8 працэнтаў — да рускіх, 3 працэнты — да палякаў, каля 2 працэнтаў — да ўкраінцаў, 0,1 працэнта — да яўрэяў. Прадстаўнік Белстата падкрэсліла, што нацыянальны склад асобных абласцей нашай краіны адрозніваецца ад рэспубліканскага. Так, у Брэсцкай і Мінскай абласцях пяцёрку найбольш шматлікіх нацыянальнасцей замыкаюць не яўрэі, а армяне. У Гомельскай вобласці на чацвёртай пазіцыі ў спісе найбольш шматлікіх нацыянальнасцей знаходзяцца цыгане, а палякі перамясціліся на шостую пазіцыю. У Гродзенскай вобласці доля беларусаў складае 67 працэнтаў, палякаў — 22 працэнты, а замыкаюць пяцёрку літоўцы з доляй 0,2 працэнта.
Міграцыйныя працэсы прывялі да росту колькасці прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей. Так, у параў-нанні з 1999 годам колькасць кітайцаў, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Беларусі, вырасла больш як у 20 разоў, арабаў — у 2,7 раза, туркменаў — у 2,3 раза. Разам з тым доля прадстаўнікоў гэтых нацыянальнасцей у агульнай колькасці насельніцтва нашай краіны пакуль нязначная.
Сярод самых рэдкіх нацыянальнасцей у Беларусі — японцы (23 чалавекі), шведы (17), а 1 чалавек назваў сябе сібірскім татарынам.
БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *