ЛЯСГАСУ – 50

Любое праяўленне пастаянства выклікае, як мінімум, пачуццё шчырай павагі. Тым больш, калі гаворка заходзіць пра адданасць адной канкрэтнай арганізацыі і замацавана доўгімі, сабранымі ў дзесяцігоддзі гадамі добрасумленнай, у адпаведнасці самым высокім прафесіянальным стандартам, працай на яе карысць.
Чаго-чаго, а цяжкасцяў, паўсядзённага іх пераадолення ў рабоце працаўнікоў лясной гаспадаркі – што тых дрэў у густым гаі.
ДЛГУ “Ляхавіцкі лясгас” не з’яўляецца выключэннем і таксама можа пахваліцца і мае права ганарыцца многімі са сваіх колішніх работнікаў. Працоўны стаж асобных з іх не так ужо шмат саступае ўзросту самой установы-юбіляркі. У тым ліку і пра іх службовыя лёсы наш сённяшні “залаты” расповед.

Агульны масіў і яго асобныя “дзялянкі”

Калі не ў блізкіх адносінах, то, бясспрэчна, у блізкім суседстве з уладаннямі ДЛГУ “Ляхавіцкі лясгас” знаходзіцца практычна кожны наш зямляк. Літаральна, няма ў раёне арганізацыі, сфера адказнасці якой мела б такую разнастайнасць абавязкаў, вызначалася падобнай маштабнасцю геаграфіі, адметнасцю гісторыі. Лясгас зараз – гэта 8 звязаных адным ідэйным ланцугом структурных падраздзяленняў. Вытворчую гармонію 6-ці лясніцтвам – Востраўскаму, Крывошынскаму, Ляхавіцкаму, Мядзведзіцкаму, Куршынавіцкаму і аднайменнаму ў далёкіх Навасёлках – складаюць Крывошынскі дрэваапрацоўчы ўчастак і абсталяваны на адной з чыгуначных ветак у райцэнтры ўчастак пагрузкі вагонаў. У кожнай з названых “дзялянак” свае задачы, свая эканоміка, свой рэйтынг карпаратыўнай паспяховасці.
Востраў скарбаў
Не самае тэрытарыяльна вялікае (плошча Востраўскага лясніцтва складае без малога 11 тысяч гектараў), на даны момант яно з’яўляецца найбольш паспяховым з шасцёркі аналагічных вытворчых адзінак у складзе лясгаса. Іменна ў Востраве пытанні вядзення лясной гаспадаркі знаходзяць найбольш якаснае вырашэнне. Тут і самыя высокія аб’ёмы нарыхтоўкі драўніны: і на так званых рубках догляду, і на іх жа, але галоўнага карыстання. Справа, канешне, не ў абсалютным лідарстве, аднак, працаваць вынікова і пры гэтым асабліва далікатна ў адносінах да прыроды – у традыцыях тамашніх лесагаспадарнікаў. Карані гэтых традыцый трэба шукаць, як мінімум, у пачатку 60-ых гадоў, калі лясніцтва было сфарміравана ў блізкім да свайго сённяшняга фармаце, і людзях, што пачыналі і на працягу доўгага часу служылі прадпрыемству верай і праўдай. Напрыклад, з асаблівай цеплынёй і павагай сённяшняе кіраўніцтва ДЛГУ узгадвае Уладзіміра Бярэзіча і Галіну Лук’янчык – адпаведна, вадзіцеля з 45-ці і бухгалтара з больш як 30-гадовым стажам працы ў лясніцтве.
Зараз калектыў прадпрыемства ўзначальвае ляснічы Сяргей Амбражэй. Розныя спецыялісты лясной справы, надзейныя і вельмі надзейныя работнікі. Да ліку апошніх адносяцца, у прыватнасці, майстры лесу Генадзій Аніскевіч, Сяргей Валчок, Валерый Зелянеўскі, вальшчык лесу Уладзімір Зубік і многія іншыя з 35 членаў калектыву.

Работа не цукар – мёд

Канешне ж, не санаторнасць рэжыму, не лёгкасць працоўных намаганняў маецца на ўвазе. Наадварот: у плане напружанай клапатлівасці, дакладнага разліку і карпатлівасці абавязкі пчаляра можна параўнаць з работай яго “падначаленых” у сезон самай квецені. Хіба што маральную асалоду ад магчымасці штодзённых стасункаў з гэтымі руплівіцамі могуць атрымаць людзі, шчыра ўлюбёныя ў справу бортніцтва. Іменна такімі падаліся пчаляры пчальніка Востраўскага лясніцтва Васілій і Іван Навумчыкі. Першым выкладчыкам па прафесіі і майстрам працоўнага навучання для братоў быў бацька Іван Антонавіч. Вопытны пчаляр, ён перадаў хлопцам спачатку любоў да справы, а пасля, калі кожны з іх паспяхова скончыў Смілавіцкі сельгастэхнікум па спецыяльнасці “Пчалярства”, і саму справу. Аказалася яна ў надзейных руках. Гаспадарка развівалася, расло “пагалоўе” так, што зараз пчальнік лясніцтва складаецца з 160 пчоласем’яў.
Гаварыць у лічбах пра сёлетнюю прадукцыйнасць пчальніка Іван Навумчык далікатна не стаў. Адзначыў, аднак, што анамальная спякота мінулага лета не асабліва паўплывала на мёдазбор. Усё таму, што блізка з меданоснымі раслінамі тут дастаткова забалочаных участкаў. Апошнія, калі па-простаму, і не дазвалялі нектару засохнуць, з нармальнага для сябе вадкаснага стану пераўтварыцца ў цвёрдае, недаступнае для пчалы, рэчыва. У раёнах ці рэгіёнах з іншымі ўмовамі, па меркаванні Івана Навумчыка, мёдазбор у гэтым годзе мог упасці вельмі адчувальна.

Цэх дрэваапрацоўкі

Дрэваапрацоўчы цэх ДЛГУ “Ляхавіцкі лясгас” размяшчаецца ў вёсцы Крывошын. Яго арганізацыя і з’яўленне абумоўлена вост-рай патрэбнасцю пасляваеннага народнагаспадарчага комплексу – як раёна, так і рэспублікі ў цэлым – у будаўнічых і іншых піламатэрыялах. Пачыналася ўсё з пары станкоў і дызель-генератара ў якасці крыніцы іх сілкавання. На першым часе мехустаноўка (іменна такое найменне насіла тады прадпрыемства) спецыялізавалася на вырабе дахавага матэрыялу. Гналі гонту, дранку, паступова асвоілі выпуск дубовых нарыхтовак пад паркет, клёпак для бочкатары і іншае. Частка прадукцыі цэха “асядала” ў раёне, другая разляталася ў іншыя куткі вобласці ды і краіны.
Усё працоўнае жыццё зараз 80-гадовага пенсіянера Міхаіла Сегеня прайшло ў цэху. Адзін з тых, хто стаяў ля вытокаў справы, Міхаіл Васільевіч быў і электрыкам, і слесарам, займаў нават інжынерную пасаду. Вызначаўся добрасумленнасцю адносін, а пра прафесіяналізм і творчы падыход да справы гавораць факты яго шматлікіх рацыяналізатарскіх укараненняў.
Сярод не менш заслужаных і паважаных ветэранаў цэха таксама і майстар-наладчык абсталявання Барыс Сегень, трактарыст Іосіф Кендыш, станочнікі Уладзімір Лешык і Міхаіл Дзянішчык, майстар Леанід Дубіна, укладчык піламатэрыялаў Марыя Кулак…
Ужо больш як чвэрць стагоддзя цэх, асноўнай спецыялізацыяй якога зараз з’яўляецца выраб нарыхтовак для паддонаў, дошак і брусоў пад будаўнічыя патрэбы, штакетніку і г. д., узначальвае Фёдар Буцько. У мінулым месяцы калектыў перапрацаваў каля 600 метраў кубічных лесу-кругляку. На рынак пастаўлена таварнай прадукцыі амаль на 100 мільёнаў рублёў. У чым заслуга абсалютна кожнага з 27 членаў працоўнага калектыву вытворчага падраздзялення. У тым ліку станочнікаў Валянціна Здановіча, Аляксандра Шчарбука, трактарыста Аляксандра Герасімовіча, вадзіцеля, трактарыста, аўтакаршчыка ў выпадку вы-творчай неабходнасці Міхаіла Зубіка.

Самае вялікае лясніцтва

Крывошынскае лясніцтва, якое працяглы час знаходзіцца ў паспяховым падначаленні Пятра Пастарнакевіча, вядома, у тым ліку, і як самае тэрытарыяльна вялікае ў складзе ДЛГУ “Ляхавіцкі лясгас”. Знакаміта людзьмі, сваімі працаўнікамі: колішнімі (зараз пенсіянерамі) і тымі, хто працягвае працаваць на карысць лясной справы. З лясгасам звязана ўся працоўная біяграфія былога ляснічага Анатолія Кляцкова і яго жонкі Аліны – надзейнага памочніка не толькі па жыцці, але і па штату, што называецца. Бухгалтар Вера Герасімовіч, увогуле, верай і праўдай служыла роднай арганізацыі яшчэ 17 гадоў пасля дасягнення пенсіённага ўзросту.
А вось Уладзімір Дыдышка, Васілій Калядзіч, Канстанцін Турко – ужо іншае пакаленне працаўнікоў Крывошынскага лясніцтва. Але ж не менш руплівае, з адказным стаўленнем да даручанай справы і прафесійным да яе падыходам. Як, дарэчы, і абсалютная большасць іх калег.

Самае арыгінальнае лясніцтва

Самым блізкім – і геаграфічна, і тапанімічна – да лясгаса з’яўляецца лясніцтва Ляхавіцкае. Як Мыслабажскае, дзе, уласна, і размешчана, вядома яно многім жыхарам блізкага наваколля. “Утворана было ў 1961 годзе ў выніку раздзелу Мядзведзіцкага. Маем амаль 7 000 гектараў тэрыторыі, 5893 з якіх знаходзяцца пад лесам”, – пачаў, седзячы пад шкурай дзіка, што на сцяне рабочага кабінета, памочнік ляснічага Іван Ланкуць. Ляснічы Сяргей Ходар тым часам адбываў у якасці кіраўніка двухтыднёвую працоўную вахту ў Бярэзінскім раёне Міншчыны. Ліпеньская бура ў літаральным сэнсе наламала там шмат дроў. На разборкі кінуты спецыялізаваныя брыгады з многіх рэгіёнаў краіны. Як адзначыў галоўны ляснічы лясгаса Уладзімір Загароўскі, ляхавічанам планава даведзена да 1 лістапада нарыхтаваць у Бярэзінскім раёне 7200 кубоў драўніны. Прыкладна на палову нашы лесарубы з задачай ужо справіліся.
Але ж вернемся ў арыгінальнае наяўнасцю ўласнага дэндрапарку Ляхавіцкае лясніцтва. У дэндрапарку створаны ўмовы для вырошчвання дэкаратыўных відаў дрэў і кустоў. Зараз тут растуць і мацнеюць аксаміт амурскі, туя шарападобная і калонападобная, некалькі відаў незвычайных для нашай паласы ядлоўцаў.
Як і бадай кожная іншая структурная адзінка ДЛГУ, для асобных людзей Ляхавіцкае лясніцтва стала лёсам. Лічы, 4 з паловай дзесяткі гадоў аддаў яму Ігар Шчаўроўскі. З іх 37 гадоў Ігар Аляксандравіч лясніцтва ўзначальваў. Дарэчы, сын Ігара Аляксандравіча — Аляксандр — не проста прадоўжыў працоўную дынастыю Шчаўроўскіх — пайшоў вышэй: быў дырэктарам лясгаса, зараз з’яўляецца яго намеснікам па ідэалагічнай рабоце. Бухгалтар Зінаіда Аўдзеня, рабочы Уладзімір Кардаш, ляснік Ілья Новік таксама на працягу дзесяткаў гадоў надзейна служылі лясгасу. А вось для майстроў Віктара Зайца, Дзмітрыя Канановіча, Аляксандра Маслоўскага, леснікоў Івана Амельяновіча, Антона Дамашэвіча, Міхаіла Козела служба па захаванні і памнажэнні лясных багаццяў працягваецца. І стала калі не лёсам, то пэўнай яго часткай – безумоўна.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *