Хата не з краю. З 1 па 15 красавіка на Ляхавіччыне праходзіў асноўны этап рэспубліканскай прафілактычнай акцыі “Дом без насілля”

З 1 па 15 красавіка ў краіне праходзіў асноўны этап рэспубліканскай прафілактычнай акцыі “Дом без насілля”.

Насілле можа здарыцца ў любой сям’і, хаця большасць фактаў рэгіструецца ў неўладкаваных, малазабяспечаных сем’ях, там, дзе адзін ці некалькі чалавек злоўжываюць алкаголем. Пацярпелым, незалежна ад таго, муж гэта ці жонка, бацькі ці дзеці, не варта спадзявацца, што здзекі спыняцца самі па сабе. Неабходна абавязкова звяртацца за дапамогай у праваахоўныя органы. Падчас акцыі было ўзбуджана 6 крымінальных спраў па фактах злачынстваў у бытавой сферы.

Прадаўжаецца барацьба з алкагалізацыяй насельніцтва. Менавіта злоўжыванне спіртным з’яўляецца вызначальным фактарам у сямейных скандалах. Сёлета выяўлены 37 парушэнняў антыалкагольнага заканадаўства, судом па матэрыялах РАУС асуджаны ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі 7 хранічных алкаголікаў, сярод якіх 5 – абавязаныя асобы, 2 – сямейныя скандалісты. На лячэнне ў абласную псіханеўралагічную бальніцу “Крывошын” накіраваны 42 чалавекі, 9 пастаўлены на ўлік да ўрача-нарколага райбальніцы. Сёння на ўліку ў ЦРБ больш за 900 хранічных алкаголікаў, у асноўным вяскоўцы. Дзейнасць участковых інспектараў міліцыі і прымаемыя імі меры па спыненні ці хаця б змяншэнні п’янства і алкагалізму ў населеных пунктах раёна неабходна актывізаваць, як і барацьбу з незаконным абаротам спіртаўтрымліваючай вадкасці. З пачатку года міліцыянеры канфіскавалі 737 літраў самагоннай брагі і самагону, 4 самагонныя апараты.

Цяпер на ўліку ў РАУС знаходзіцца 18 сямейных скандалістаў. Неэфектыўная прафілактычная работа з гэтай катэгорыяй асоб і нізкая выяўляльнасць прыводзяць да росту адміністрацыйных правапарушэнняў і злачынстваў. Участковыя інспектары недастаткова ўзаемадзейнічаюць па папярэджванні бытавой злачыннасці са старастамі вёсак, пракуратурай, прадстаўнікамі мясцовай улады.

У выпадку бытавога насілля неабходна звяртацца за дапамогай у міліцыю па нумары 102 або на тэлефон “гарачай лініі” 2-48-37. Па гэтых тэлефонах можна паведаміць і пра факты незаконнага абароту алкагольнай прадукцыі.

Аляксандр БУРБІЦКІ,

першы намеснік начальніка РАУС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *