Навука не забываць, ці Памяць пра памяць

Аляксандр Вальчук: "І гэты помнік у Дараве да юбілею Перамогі адрамантуе "БелГранітСэрвіс".

Прывычна сцвярджаем, што памяць — субстанцыя нематэрыяльная, да яе не дакрануцца, не патрымаць у руках, не змераць, не ўзважыць.

…Самотныя вербы ля брацкай магілы, дзе пахаваны 37 герояў, якія загінулі пры вызваленні гэтых мясцін ад фашысцкіх акупантаў летам 44-га, нібы перагаворваюцца з ціхаплыннай Шчарай. Ля помніка ў Дараве хутка затрапеча полымя Вечнага агню. А пакуль тут ідзе работа, якая даказвае: да памяці можна дакрануцца – бывае нагода. Што ўжо не аднойчы рабіла і робіць прыватнае вытворча-гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства “БелГранітСэрвіс”. Юбілейнаму 9 Мая прысвячае яно сваю чарговую дабрачынную акцыю, якую можна ўвасобіць у лаканічна-ўдзячнае “Ад абеліска да абеліска”. Менавіта па гэтым маршруце накіроўваюцца штодня дырэктар прадпрыемства Аляксандр Вальчук і яго калегі-прафесіяналы, якія займаюцца рамонтам і добраўпарадкаваннем помнікаў, абеліскаў, памятных знакаў, звязаных з доўгімі вёрстамі Вялікай Айчыннай.

Клапатліва, беражліва, акуратна майстры здымаюць старую плітку, каб на яе месца пакласці новую, тынкуюць, фарбуюць, абнаўляюць надпісы, каб зіхацелі яны так, як зоркі, запаленыя героямі. Аляксандр Вальчук гаворыць, што распачалі сваю, белгранітсэрвісаўскую, падрыхтоўку да юбілею Перамогі з другой паловы сакавіка. За кошт прадпрыемства добраўпарадкавалі помнік у Падсаколлі, прыведзена ў парадак у райцэнтры магіла забітага бандытамі пасля вайны міліцыянера. А яшчэ завяршылі капітальны рамонт помнікаў загінуўшым воінам у Завінні, Падлессі. Са шчырай пашанай і сёлета, як, дарэчы, апошнія паўтара дзясяткі гадоў, паўдзельнічалі ў добраўпарадкаванні Кургана Славы. Сёння працуюць па некалькіх адрасах. Хочуць паспець зрабіць як мага больш. Такая вось памяць пра памяць у Вальчука і яго калег. “А што тут надзвычайнага, — здзіўляецца Аляксандр Паўлавіч. – Усё, што датычыць Перамогі і пераможцаў, – святое”. І заклапочана дадае, работы па такіх адрасах, на якіх працуе яго прадпрыемства з дарагой сэрцу нагоды, яшчэ шмат. Для “БелГранітСэрвіса” гэта не разавая акцыя. Год назад ён бясплатна зрабіў у Вадзяціна помнік і добраўпарадкаваў месца пахавання расстралянай фашыстамі 8 мая 1943 года сям’і Тарлюк, устанавіў помнік над магілай савецкага воіна, які загінуў у першыя дні вайны, у Завінні…

Да юбілейнага 9 Мая застаецца тры тыдні. І ці варта гаварыць, што ўдзячная памяць нашчадкаў – нас з вамі, паважаныя землякі, — павінна матэрыялізавацца ў тым ліку ў асабістае датыкненне да Памяці. І на сённяшнім суботніку, і ў іншыя перадюбілейныя дні. Па прыкладзе Аляксандра Вальчука і ягонага “БелГранітСэрвіса”.

Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *