Прысніўся той далёкі бой… Разам з электрасувязістамі карэспандэнты «ЛВ» пабывалі па трох адрасах, каб пачуць успаміны ветэранаў вайны, іх голас – гэта голас гісторыі

Больш за 60 гадоў ідуць побач па жыцці Марыя і Уладзімір Маслоўскія.

Да яго, дзевяностагадовага земляка, і сёння прыходзяць аднавяскоўцы з просьбай перавесці тое ці іншае з польскай мовы. Яе веданне вельмі дапамагло, калі ў жніўні 1944 года задворскага хлопца Уладзіміра Маслоўскага Баранавіцкі ваенкамат прызваў на службу – у толькі што створаную 2-ю армію войска польскага.
—Я не адзін з раёна туды трапіў, яшчэ былі прызыўнікі з Рачканаў. Некалькі тыдняў павучыўся на сапёра і — адразу на фронт, у 20-ы асобны батальён, 9-й пяхотнай дывізіі 4-й сапёрнай брыгады. Вызваляў разам з аднапалчанамі многія гарады разбуранай і зруйнаванай Польшчы, у тым ліку і яе сталіцу Варшаву. Удзельнічаў у Берлінскай і Пражскай ваенных аперацыях, — расказвае Уладзімір Іосіфавіч.
Да мая 1945 года заставалася зусім нямала часу, калі фашысцкая куля напрыканцы красавіка магла б назаўсёды пакінуць старшыну-сапёра ў зямлі пад Баўцынам. Пашчасціла: “прашыўшы” бок, яна прайшла навылет. Мужны воін нават не адразу зразумеў, што цяжка паранены… Пасля шпіталя – зноў у дзеючую армію. Вестку пра доўгачаканую Перамогу наш зямляк сустрэў за Эльбай. За мужнасць і гераізм узнагароджаны Ордэнам Славы ІІ ступені і шматлікімі медалямі.
На гэтым ваенная служба для старшыны Маслоўскага не закончылася – дапамагаў у падрыхтоўцы навабранцаў. Дамоў у Задвор’е вярнуўся ў 1949 годзе.
І ўвесь гэты час яго з трывогай і нецярпеннем чакала каханая дзяўчына. Можа, гэта любоў Марыйкі адводзіла кулі, дапамагала выжыць у пекле вайны. Хаця і самой Марыі было вельмі нялёгка ў акупацыі. І нібы нядаўна быў той жудасны расстрэл дзесяці мужчын у ліпені 1941 года каля Альхоўцаў, сведкамі зверстваў карнікаў стала разам з іншымі і Марыя. На месцы расстрэлу стаіць помнік, які ў народзе называюць «Дзесяць Іванаў».
У 1953 годзе Уладзімір і Марыя ажаніліся. Колькі ўсяго адбылося ў іх жыцці!.. Працавалі, будавалі дом, гадавалі чацвярых дзяцей, а потым столькі ж унукаў, дачакаліся праўнукаў, шанавалі, аберагалі адзін аднаго, заўсёды стараліся быць разам.
Да Уладзіміра Міхайлавіча часта прыходзяць у госці вучні, ён і сам, пакуль дазваляла здароўе, быў частым госцем у школе. Кажа: калі б трэба было, сабраў бы ўсё здароўе ў кулак і пайшоў ваяваць за Радзіму зноў.
Але наша краіна міралюбівая і ветэраны могуць быць спакойныя: мір у надзейных руках. А Уладзімір Маслоўскі з задавальненнем і гонарам надзявае святочны пінжак, на якім больш за 20 медалёў. Зусім нядаўна месца на ім знайшлося яшчэ для аднаго – у гонар 70-годдзя Вялікай Перамогі. З нецярпеннем ён чакае святочную юбілейную дату, калі разам з роднымі і аднавяскоўцамі сустрэне сямідзясяты раз мірны дзявяты дзень мая.

Свае доўгія вёрсты вайны прайшоў і Станіслаў Макарэвіч, які цяпер жыве ў вёсцы Задвор’е ў сям’і сына. З Нясвіжскага раёна быў прызваны ў дзеючую армію летам 1944 года. Ваяваў, не шкадуючы сябе, ішоў з аднапалчанамі ў атакі, страчваў сяброў, якія гінулі смерцю храбрых. Сам неаднойчы быў паранены, але насуперак усім смерцям выжыў і доўгачаканую вестку пра Перамогу пачуў у самым логаве фашызму – Берліне. Дарэчы, за мужнасць, праяўленую ў баях, быў узнагароджаны медалём “За ўзяцце Берліна”. З медалямі і адзнакамі пра раненні бравы салдат Станіслаў Макарэвіч вярнуўся ў сваю родную вёску. Стварыў сям’ю, нарадзіліся дзеці. Станіслаў Іванавіч не цураўся ніякай работы. Працаваў сувязістам – на веласіпедзе штодня ездзіў з Нясвіжскага раёна ў Слуцк, потым ў Гарадзею на льнозавод. Дома па гаспадарцы не стамляўся ўвіхацца.
Але гады бяруць сваё, здароўе ўжо не тое. Хаця, як сцвярджаюць яго родныя, ціск 120/80 для ветэрана справа звычайная. Нягледзячы на шаноўны ўзрост (15 мая Станіславу Іванавічу споўніцца 100 гадоў!) знаходзіць час і сілы пагутарыць з суседзямі ў двары, успомніць і расказаць пра мінулае і загадвае на будучыню. У Нясвіжскім раёне ў родным доме беражліва захоўвае ўзнагароды дзеда ўнук.

Брэстчына для ўраджэнца Гомельшчыны Валянціна Філіянава стала другім домам. У 1939 годзе яго бацьку — вопытнага партыйнага работніка — адправілі ў Заходнюю Беларусь будаваць савецкую ўладу. Менавіта ў Высокім (цяпер Камянецкі раён) сям’ю Філіянавых застала Вялікая Айчынная вайна. І сёння ўбелены сівізной, Валянцін Міхайлавіч добра памятае, як падчас артабстрэлу ён, адзінаццацігадовы хлопчык усвядоміў — пачалася вайна. Бацька разам з іншымі партыйцамі выводзіў з акружэння вялікую групу жанчын з дзецьмі, прабіваліся пераважна ноччу, каб не трапіць на вочы да гітлераўцаў .
—У ліпені 1941 года перайшлі Брэст-Маскоўскую шашу і ў лесе натыкнуліся на чырвонаармейцаў. У вёску Майскае, што на Жлобіншчыне, прыйшлі без дакументаў, з багажу – толькі адзенне, якое было на нас. Бацька адразу паехаў у Гомель, там і быў прызваны ў дзеючую армію. Прайшоў усю вайну, вярнуўся дамоў інвалідам ІІ групы. Памёр у чэрвені 1947 года ад ран і хвароб – расказвае Валянцін Міхайлавіч.
Для яго, як і для многіх іншых дзяцей вайны, пачалося цяжкае жыццё ў акупацыі. Выжывалі, як маглі, адчулі на сабе ўсе “радасці” славутага нямецкага парадку. Гітлераўцы і іх прыспешнікі не шкадавалі нікога, здзекаваліся і са старых, і з малых. Забілі і яго нямоглых бабулю і дзядулю, якім было за 70 гадоў. З 272 дамоў (столькі двароў у Майскім было напачатку вайны) больш-менш цэлымі засталіся каля 14.
Як жа ўсе чакалі вызвалення! Амаль паўгода (са снежня 1943 г. па 23 чэрвеня 1944 г.) Чырвоная Армія вяла баі за вызваленне Жлобінскага раёна, за гэты час загінула больш за 10 тысяч савецкіх воінаў. Для 1300 савецкіх воінаў апошнім прытулкам стала зямля ў вёсцы Майскае. На месцы брацкай магілы пасля Перамогі ўдзячныя нашчадкі ўзвялі мемарыял. Валянцін Міхайлавіч успамінае, як разам з равеснікамі пасля баёў вывозілі забітых, каб пахаваць у агульнай магіле. Падчас аднаго з такіх рэйдаў па акопах побач з падлеткам узарвалася ракетніца, начыненая ўзрыўчаткай. Валянціна адправілі ў ваенны шпіталь. Лячыўся доўга, пачалася гангрэна, медыкам давялося ампутаваць руку, каб выратаваць яму жыццё.
Нягледзячы на інваліднасць, мэтанакіраваны юнак імкнуўся жыць паўнацэнна: закончыў сямігодку, потым лесагаспадарчы тэхнікум, працаваў ляснічым, інжынерам. Ініцыятыўнага маладога чалавека заўважылі, запрасілі на грамадскую работу, дзе ён добра зарэкамендаваў сябе як сакратар Тураўскага райкама камсамола, потым інструктар абкама камсамола.
Аднойчы яго лёс зрабіў круты віраж. Філіянаў прыйшоў у журналістыку: доўгі час быў рэдактарам Жлобінскай і Кармянскай раённых газет.
Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС Валянцін Міхайлавіч другі раз трапіў на Брэстчыну, на гэты раз — у якасці перасяленца з забруджаных радыяцыяй тэрыторый. Цяпер ён – наш зямляк, жыве ў Ляхавічах. З інтарэсам сочыць, пра што пішуць яго раёнкі, а дапамагае яму ў гэтым камп’ютар, з якім ветэран на ты. Раз-пораз, нібы вяртаючыся ў дзяцінства, апаленае вайной, перагортвае да радка знаёмыя старонкі кнігі “Памяць”.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Не пакідаюць Валянціна Філіянава ўспаміны, апаленыя вайной.

Станіслаў Макарэвіч з сынам

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *