Памятаем і ганарымся

Зноў шуміць вясна, здзіўляючы свет сваёй адноўленай прыгажосцю, зноў нязменна прыходзіць да нас святая дата – 9 Мая. Сёлета – 70-ы раз. Усе школы раёна ўключыліся ў перадсвяточныя акцыі, арганізуюць мерапрыемствы з ўдзелам ветэранаў.

У СШ №1 правялі шэраг мерапрыемстваў, аб’яднаных адной тэмай, – “Ветэран жыве побач”.  Пабывалі ў былых вязняў фашысцкіх канцлагераў Надзеі Турчыной і Ніны Папянюк, дапамаглі навесці парадак у дварах, з такім жа клопатам завіталі і да ветэранаў Паўла Здановіча і Аляксандра Ятчэні.

Вучні СШ №2 аб’ядналіся ў валанцёрскі гурток “Данка” і арганізавалі свята, прысвечанае юбілею Перамогі, на якое запрасілі землякоў-ветэранаў. Наведалі музей, у школьным двары пасадзілі дрэвы, а пасля віншавалі з 90-годдзем ветэрана Фёдара Лойку.

Гімназісты наведаліся з сувенірамі да былых вязняў фашысцкіх канцлагераў. Пасля арганізавалі сустрэчу з удзельнікамі клуба “Сівізна”. Школьнікі ўключыліся ў рэспубліканскую патрыятычную акцыю “Пісьмо пераможцу”, ініцыяваную БРСМ, творчы конкурс на лепшае эсэ, прысвечанае знамянальнай даце. Гімназіст Дзіма Ракашэвіч пад кіраўніцтвам настаўніка Міхаіла Курловіча напісаў навуковую працу “Першы бой на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна”, якую адправілі на абласны конкурс творчых работ.
Школьнікі раёна наводзяць парадак каля помнікаў загінуўшым і памерлым вызваліцелям, а акцыю назвалі “Абеліск”. Напрыклад, старшакласнікі Жарабковіцкай СШ далучыліся да эколага-патрыятычнай акцыі “Расціце, дрэвы, у гонар Перамогі!” Дрэвы каля помнікаў саджалі разам з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны Фёдарам Левашам, Уладзімірам Штундзерам, якія частыя госці ў школе.
Гэта толькі маленькая часцінка ўдзячнасці дарагім ветэранам ад маладога пакалення – за мір, за блакітнае неба і шчаслівае дзяцінства.
Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *