Папярэдзіць, абараніць, прышчапіць

Такі дэвіз сёлетняга тыдня імунізацыі (праводзіцца ў дзясяты раз), які па ініцыятыве Еўрапейскага рэгіянальнага бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя пройдзе ў Беларусі, у тым ліку і на Брэстчыне, з 20 па 25 красавіка.

Як адзначыла ўрач-валеолаг райбальніцы Таццяна Усцюшкова, вакцынацыя ва ўсім свеце прызнана найбольш даступным і эканамічным спосабам зніжэння захворвання і смяротнасці ад інфекцыйных хвароб.

”Дзякуючы імунізацыі, насельніцтва планеты пазбавілася ад воспы, практычна ліквідаваны поліяміэліт, які рабіў дзяцей інвалідамі. Вельмі рэдкімі сталі выпадкі адру, краснухі, дыфтэрыі, слупняку і г.д. Планавая імунізацыя супраць іх штогод выратоўвае жыцці і здароўе каля 3 мільёнаў чалавек у розных краінах свету”, — падкрэсліла Таццяна Яўгеньеўна.

Вакцынацыя ў Беларусі супраць гэтых хвароб, а таксама туберкулёзу, гепатыту В праводзіцца бясплатна . Дарэчы, у нашай краіне прышчэпкі дзецям праводзяцца толькі са згоды бацькоў. Гэта значыць, што адказнасць за прынятае рашэнне – быць дзіцяці абароненым ад інфекцыі ці не – цалкам кладзецца на дарослых. Па словах раённага педыятра Іны Драздовіч, з 5560 дзяцей ва ўзросце ад нараджэння да 18 гадоў, якія жывуць на Ляхавіччыне, васьмі не зроблена ніводнай прышчэпкі (з-за адмовы бацькоў). Сярод дарослых такіх адказнікаў 10.

З 20 па 25 красавіка кожны жадаючы можа звярнуцца ва ўстановы аховы здароўя па месцы жыхарства і атрымаць кансультацыю ўрача-спецыяліста па пытаннях імунапрафілактыкі і пры неабходнасці зрабіць прышчэпку.

Галіна КАНЬКО.

Фота з сайта http://ru.depositphotos.com

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *