Далёка пойдуць. Ляхавічане атрымалі прызы ад аблпрадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта

У мінулую суботу алімпійскі спартыўны комплекс “Брэсцкі” прымаў Кубак Рэспублікі Беларусь па спартыўнай хадзьбе і рэспубліканскія спаборніцтвы “Нашы надзеі” на прызы Прадстаўніцтва НАК Беларусі ў Брэсцкай вобласці. Уласна кажучы, на гэты раз сам стадыён паслужыў атлетам хіба толькі ў якасці разміначнай пляцоўкі: з улікам таго, што дзясяткі кіламетраў “мераць” чатырохсотметровым авалам стадыёна справа нудная, рашэннем арганізатараў трасы былі вынесены на бліжэйшыя да спарткомплексу гарадскія вуліцы. Хадакі-мужчыны спаборнічалі на 35 і 20 кіламетрах, таксама на “дваццатку” выходзілі жанчыны, удвая больш кароткую адлегласць неабходна было пераадолець юніёрам і юніёркам. І далей, па ўбыванні да аднаго кіламетра, прайсці які належала самым узроставым (катэгорыя “ветэраны”) і самым юным (11 гадоў і менш) скараходам. Іменна апошнія і далі нам нагоду бліжэй прыгледзецца да брэсцкіх стартаў.

Алеся Давыдава і Яна Касцюк — вучаніцы Ляхавіцкай СШ №2. Займаюцца ў пятым класе, арганізаваным з пачаткам бягучага навучальнага года як спартыўны. Разам з футбалістамі, гандбалістамі, барцамі дзюдо спецыялізаваны клас складаюць і 5 лёгкаатлетаў, у ліку якіх Алеся і Яна. Пра выдатнае выступленне дзяўчынак у Брэсце сведчыць турнірная статыстыка: на кіламетр дыстанцыі Алесе спатрэбілася 5 мінут і адна секунда. Гэта перамога. З адставаннем у 20 секунд, услед за сяброўкай і аднакласніцай фінішавала Яна. Такім чынам дзве верхнія прыступкі п’едэстала гонару рэспубліканскага турніру “Нашы надзеі” ў юных ляхавічанак.

Трэнер-выкладчык ДЮСШ Андрэй Іванюценка адзначыў вельмі добрую арганізацыю спаборніцтваў, іх атмасферу і цудоўны агульны настрой. Спадабалася ўсё і ўсім. Акрамя памятных медалёў і грамат, тройка прызёраў не засталася без прызоў ад аблпрадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта.

Ды і фармат спаборніцтваў, калі ў адным спартыўным катле “варацца” і элітныя спартсмены, ветэраны віду, пачаткоўцы, апошнім дае нашмат больш, чым просты “міжсабойчык”, няхай і рэспубліканскага маштабу.

Алеся і Яна могуць далёка і высока пайсці, у выпадку калі не збавяць тэмпу ў трэніроўках, адносінах да сябе, да спорту.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *