Сапёр памыляецца аднойчы. Ён не памыліўся

Франтавік Нікадзім Юрлевіч.

Кожны год, калі прывабна распускаецца бэз, у вялікай сям’і ляхавічан Юрлевічаў з асаблівым пачуццём чакаюць Дзень Перамогі. Свята, з якім звязана важная і хвалюючая старонка біяграфіі бацькі, дзядулі і прадзядулі Нікадзіма Іосіфавіча, хаця яго даўно няма на гэтым свеце…   Узнагароды, ваенныя дакументы, старыя фотаздымкі – каштоўна-шчымлівая спадчына, гонар і памяць пра роднага чалавека, што шануюць і беражліва захоўваюць у сям’і.

Шмат дзесяцігоддзяў фотаздымку бравага чырвонаармейца Нікадзіма Юрлевіча з Лотвы. Ён апрануў шынель летам 1944 года, калі Ляхавіччына вітала сваіх вызваліцеляў. Наперадзе чакалі баі на чужыне – у Польшчы і Германіі ў складзе войск 1-га і 2-га Беларускіх франтоў.

Баявое хрышчэнне атрымаў там, дзе вайна рабіла свае апошнія крокі, – у Германіі. Маладое папаўненне адправілі туды з усіх куткоў Саюза. Просты і шчыры хлопец, які сярод байцоў вызначаўся гаспадарскай дакладнасцю і разважлівасцю, стаў сапёрам 255-га асобнага батальёна 186-й стралковай дывізіі. Не раз, гледзячы ў вочы смерці, успамінаў бацькоў і родныя мясціны, марыў пра хутчэйшае вяртанне дамоў.

Неаднойчы сапёру Юрлевічу даводзілася праяўляць знаходлівасць, вытрымку і смеласць. У студзені 1945 года фарсіравалі раку Віслу. Калі тая закіпала ад куль, узводзілі масты. Жудасная пераправа, Нікадзім тады ледзь не патануў…  У самыя цяжкія моманты нязломным духам і верай ён падтрымліваў сваіх таварышаў. За фарсіраванне Віслы быў адзначаны медалём “За адвагу”.

Асабліва лютавалі фашысты, адступаючы, снег плавіўся, зямля стагнала… Выконваючы заданне пад моцным агнём праціўніка, Юрлевіч быў паранены. Нягледзячы на нясцерпны боль, заставаўся на полі бою да апошняга. “Знішчыў трох немцаў, мабілізуючы ўвесь асабовы склад на выкананне задачы” – запісана ва ўзнагародным лісце ад 15 лютага 1945 года, “за праяўленыя мужнасць і доблесць таварыш Юрлевіч заслугоўвае ўрадавай узнагароды ордэна Славы III ступені”.

Напярэдадні пераможнага мая адважнаму чырвонаармейцу Вярхоўны Галоўнакамандуючы двойчы аб’яўляў падзяку.

– Хоць і сціплы чалавек быў бацька, не любіў выстаўляць свае ўзнагароды напаказ, але вельмі ганарыўся імі, час ад часу разглядаў, успамінаў пра баявое брацтва і сяброў. 9 Мая лічыў найвялікшым святам, – расказвае малодшы сын Яўгеній.

Вярнуўся дамоў салдат праз год пасля Вялікай Перамогі. Вайна зусім не змяніла Нікадзіма Іосіфавіча: застаўся такім жа добрым, сумленным і працавітым чалавекам. Ажаніўся з суседскай дзяўчынай Марыяй. Пабудавалі дом, пасадзілі сад, выгадавалі трох сыноў – Мікалая, Уладзіміра, Яўгенія.

Усяго 57 вёснаў было адмерана лёсам Нікадзіму Юрлевічу. Паспеў яшчэ стаць дзедам і патрымаць на руках унучку Наталлю – дачку старэйшага сына.

Памяць пра дарагога чалавека, у лёсе якога была Вялікая Айчынная вайна, назаўсёды – у сэрцах яго дзяцей, унукаў і праўнукаў.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

(Пры напісанні выкарыстаны  матэрыялы з сямейнага архіва Юрлевічаў).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *