Ён штурмаваў Берлін

У глыбіні Палесся паміж Прыпяццю і Ясельдай прытулілася вёсачка Кудрычы Пінскага раёна. Многія хлопцы з гэтай вёскі сталі абаронцамі Радзімы ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Не ўсе вярнуліся дамоў. А вось бацьку дваіх малых сыноў Аляксандру Якаўлевічу Махнаўцу пашчасціла: ён сустрэў Перамогу ў Берліне. Смелы чырвонаармеец 2-га стралковага батальёна 2-й аўтаматнай роты 1-га Беларускага фронту ўзнагароджаны медалямі «За баявыя заслугі», «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна», ордэнам «Айчыннай вайны ІІ ступені». У мяне засталіся самыя светлыя ўспаміны пра гэтага чалавека. Добразычлівы, ураўнаважаны, надзвычай працавіты, сумленны, паважаны ў вёсцы. Выгадаваў чатырох сыноў, працаваў у калгасе, майстраваў лодкі, без якіх на Палессі не абысціся, рыбаком і паляўнічым быў выдатным.

Пра вайну ўспамінаў з болем. Падчас штурма Берліна на яго вачах загінула шмат аднапалчан, а ён у сваім «шчаслівым шынялі» застаўся жывым. Вярнуўся дамоў, каб будаваць мірнае жыццё. Пражыў 90 гадоў, пакінуўшы добры след на любімай зямлі, у сэрцах сваіх унукаў і праўнукаў.

У памяці гучаць словы, якія ён неаднаразова паўтараў: «Самае галоўнае, дзеткі, на зямлі – гэта мір. Беражыце яго!».

Марыя МАХНАВЕЦ,

заслужаная настаўніца, жыхарка Ляхавіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *