Музей пачынаўся з “Пошуку”. Незвычайнае свята адбылося ў Свяціцы: адзначалі 25-годдзе школьнага музея “Партызанская слава”

Незвычайнае свята адбылося ў Свяціцы: адзначалі 25-годдзе школьнага музея “Партызанская слава”. Ён быў адкрыты вясной 1990 года. У экспазіцыі надзвычай шырока прадстаўлены матэрыялы, якія расказваюць пра стварэнне партызанскіх атрадаў і злучэнняў на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

У музеі тры раздзелы: “Пачатак суровых выпрабаванняў”, “Ідзе вайна народная”, “Навекі ў памяці народнай”. Апошні прысвечаны памяці жыхароў Свяціцы – воінаў і партызан, а таксама спаленых фашыстамі землякоў 11 сакавіка 1943 года. Наш музей мае 379 экспанатаў, з іх 249 адзінак асноўнага фонду. Інтэр’ер і экспазіцыя спраектаваны і аформлены выпускніком Свяціцкай СШ, архітэктарам Сяргеем Шыловічам. Цікава распрацаваны вітраж з выявай воіна і партызана, а таксама дыярамы “Бой на 10-м шлюзе”, “Партызаны на прывале”. На стэндах мноства фатаграфій кіраўнікоў падполля, камандзіраў і партызан, ёсць электрыфікаваная карта “Партызанскі рух у Ляхавіцкім раёне”, баявая зброя партызан, узнагароды, пасведчанні, характарыстыкі…
Стварэнню музея “Партызанская слава” папярэднічала вялікая работа па зборы матэрыялаў, якую ажыццявіў атрад “Пошук” у 1986 – 1990 гадах, створаны ў 5 класе Свяціцкай СШ. “Пошукаўцы” аднавілі 16 імёнаў воінаў і партызан, пахаваных у раней безыменнай брацкай магіле, напісалі каля 400 пісем і запытаў у архівы Масквы, Мінска, Падольска, Тулы, Калініна, у партыйныя архівы, у вельмі многія гарады, раёны, вобласці не толькі Беларусі, але і былога СССР. Яны шукалі тых, хто змагаўся ў партызанскіх атрадах, што базіраваліся ў раёне Свяціцы, сустракаліся з ветэранамі, запісвалі іх успаміны, правялі экскурсіі і паходы ў музеі Мінска, Баранавіч, Клецка, Ляхавіч, Крывошына, на месца баявых стаянак партызан, на 10-ы шлюз Агінскага канала. У выніку сабралі шмат матэрыялаў для будучага музея, першым кіраўніком якога быў Уладзімір Ціханавіч Шыловіч, настаўнік гісторыі і завуч школы.
За чвэрць стагоддзя музей “Партызанская слава” стаў сапраўдным духоўным цэнтрам не толькі школы, а і самой вёскі. Тут право-дзяцца ўрокі мужнасці, тэматычныя экскурсіі, сустрэчы з ветэранамі, віктарыны, выставы на ваенна-патрыятычную тэматыку. Ён прымае шматлікіх наведвальнікаў.
Музей адзначаны шматлікімі граматамі і дыпломамі за ваенна-патрыятычную работу, неаднойчы займаў прызавыя месцы ў раённых, абласных, рэспубліканскіх конкурсах і аглядах. Вялікі, знакавы рэзананс не толькі для музея, але і для жыхароў вёскі мела акцыя “Нашчадкі вогненных вёсак”, якую праводзіла ў 2006 г. газета “Звязда” разам з мемарыяльным комплексам “Хатынь”. 20 вучняў школы і жыхароў Свяціцы наведалі Хатынь, удзельнічалі ў мерапрыемствах, прысвечаных памяці ахвяр спаленых вёсак.
Музей “Партызанская слава” актыўна працуе і зараз: збірае і апрацоўвае матэрыялы аб партызанах і воінах-земляках, праводзіць экскурсіі, удзельнічае ў мерапрыемствах, прысвечаных 70-годдзю Вялікай Перамогі.
Уся работа музея была шырока асветлена і на свяце ў гонар яго юбілею. У літаратурна-музычнай кампазіцыі вучні 8-9 класаў пастараліся ярка расказаць пра яго гісторыю, пра тых людзей, каму прысвечана экспазіцыя «Партызанскай славы». Дапамагалі ў арганізацыі і правядзенні свята работнікі Дома культуры, настаўнікі, школьнікі. У святочна прыбраным фае школы прысутнічалі вучні, педагогі, жыхары Свяціцы. А работнікі раённага цэнтра турызму і краязнаўства ўручылі музею дыплом і памятны падарунак за вялікую ваенна-патрыятычную работу сярод школьнікаў і жыхароў Свяціцы.
Арганізатары і ўдзельнікі свята аддалі даніну памяці першаму кіраўніку музея Уладзіміру Ціханавічу Шыловічу:

Зрабіў ён вялікую,
добрую справу,
Пакліканы сэрцам,
сумленнем сваім.
Выдатны музей
“Партызанская слава” –
Удзячная памяць аб ім.

Хочацца падзякаваць тым настаўнікам, хто пасля яго кіраваў работай музея, асабліва Любові Соц, неабыякаваму, адказнаму чалавеку, якая ганарылася тым, што дакранаецца сэрцам да слаўнага мінулага сваёй вёскі. Зараз музеем паспяхова кіруе настаўніца гісторыі Ганна Маісеенка, працягвае слаўную эстафету ваенна-патрыятычнага выхавання. Падтрымлівае работу музея дырэктар школы Ала Гуліцкая.
Духоўны трохвугольнік ”школа – музей – Дом культуры” адыгрывае надзвычай вялікую ролю ў жыцці нашай аддаленай вёскі. А ў “Партызанскай славы” застаецца, надзвычай адказная місія – захаваць для нашчадкаў памяць пра тых, хто здабыў нам мір і свабоду.

Дарагія сябры, загляніце ў музей.
Паглядзіце
на мужныя твары людзей.
У час цяжкі і суровы
крывавай вайны
Засланілі сабою Радзіму яны.

Быў бяспрыкладна слаўным
Геройскі іх шлях.
Гартавалася воля
ў жорсткіх баях.
Паў-Еўропы прайшлі,
Шчасце, мір прыняслі,
А вярнуцца жывымі
не ўсе з іх змаглі.
Хто ў Польшчы,
у Прусіі згінуў, прапаў,
Не сустрэў Перамогу,
Смерць ад кулі прыняў.

Вось пісьмо, што ў Берліне
Салдат напісаў,
Сваёй роднай матулі
яго адаслаў.
У дзевятнаццаць гадоў
так хацелася жыць!
Не дажыў…
Ля рэйхстага ў магіле ляжыць.
Доўга маці чакала
сыночка з вайны,
Ды з магіл не ўстаюць,
не прыходзяць сыны.

Гляньце на партызан,
Што ў атрадах былі,
У тыле ворага білі яго, як маглі.
Рвалі рэйкі,
узрывалі машыны, масты,
Разбуралі дарогі,
Рэзалі правады.
Ім без бою здаваўся
не адзін гарнізон,
І ляцеў пад адхон не адзін эшалон.
На ўвесь свет
пераможна гудзела яна –
Партызанская “рэйкавая вайна”.

Гэта быў незвычайны,
Бязлітасны фронт,
Ён не ведаў граніц,
ён не меў перашкод,
Каб здабыць Перамогу,
хай цаною жыцця,
Ён лавінай ішоў,
ён стаяў да канца.

Кожны быццам нанова
Жыццё напісаў:
Партызанскую
клятву-прысягу даваў.
Вы з пашанай, сябры,
прачытайце яе –
Сіла духу ў ёй, чаго нам нестае.
Партызанская зброя!
Даўно адгрымела вайна,
Агнём, порахам,
дымам прапахла яна.
Паглядзіце на тых,
Хто за нас ваяваў,
Хто ў надзейных руках
тую зброю трымаў.

Мы – нашчадкі герояў,
Сваіх землякоў.
Іх высокая слава
Свяціць будзе навекі вякоў.
Захаваем жа памяць
пра гэтых людзей!
Пакланіцеся ім.
Загляніце ў музей.

Вера ШЫЛОВІЧ, кіраўнік атрада “Пошук” у 1986 – 1990 гадах,
каардынатар музея “Партызанская слава” Свяціцкай СШ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *