Падзяліся дабрынёй. Ляхавічане ўдзельнічалі ў працоўнай акцыі “Маладосць. Традыцыі. Будучыня”

17 красавіка Брэст стаў цэнтрам добрых спраў, дзе  сабраліся на фестываль валанцёрскіх атрадаў БРСМ  “Добрае сэрца” і цімураўскіх атрадаў БРПА каля 300 лепшых іх прадстаўнікоў з усёй вобласці. Удзельнічаў у фестывалі і атрад “Данка”, у які ўвайшлі 5 валанцёраў  СШ №2 і 5 цімураўцаў-гімназістаў.

У Брэсцкай крэпасці ў межах рэспубліканскай акцыі “Кветкі Вялікай Перамогі” рабяты ўсклалі яблыневыя галінкі да Вечнага агню . Падчас злёту прайшло 9 дабрачынных і працоўных акцый. Ляхавічанам выпаў гонар паўдзельнічаць у працоўнай – “Маладосць. Традыцыі. Будучыня”. Разам  з равеснікамі яны наводзілі парадак на тэрыторыі Кобрынскага ўмацавання крэпасці.

Завяршыўся фестываль адкрытым дыялогам,  удзельнікі якога не толькі падвялі вынікі абласной сустрэчы, але і абмеркавалі новыя ідэі, падзяліліся думкамі і пажаданнямі. Валанцёры ўбачылі, як многа людзей бескарысліва робяць дабро. Раман Шкут з СШ №2 расказаў, што злёт дапамог пазнаёміцца з добраахвотнікамі з іншых рэгіёнаў. Удзел у сацыяльна значнай справе напярэдадні 70-годдзя Перамогі – даніна павагі мужнасці і гераізму абаронцаў Радзімы. І чым больш будзе тых, хто адкрыта і шчыра робіць добрыя справы, тым святлей стане навокал.

Тамара ПРАКАП’ЮК,

першы сакратар райкама БРСМ .

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *