Федзюкоўская сярэдняя школа-сад адзначыла свой юбілей

Па добрай традыцыі ў першую суботу лютага ў школах збіраюцца выпускнікі, каб сустрэцца з былымі настаўнікамі і аднакласнікамі, падзяліцца сваімі поспехамі і ўспомніць вучнёўскія будні. 6 лютага сваіх былых вучняў сустракала і Федзюкоўская сярэдняя школа-сад.
Дарэчы, гэты вечар сустрэчы супаў з прыгожым юбілеем: наша школа адзначала 70-годдзе.
А якое свята без гасцей? Выпускнікоў, сённяшніх вучняў, педагагічны калектыў павіншавалі намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Крук, намеснік начальніка аддзела адукацыі Таццяна Герасімава, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі Святлана Бялецкая, старшыня Конькаўскага сельвыканкама Раман Бубен, старшыня СВК “Ордэна “Знак Пашаны “Кастрычнік” Васілій Чубаў. Ад райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў і аддзела адукацыі школа атрымала ў падарунак такі неабходны комплекс музычнай апаратуры, а праўленне мясцовага сельгас-прадпрыемства падарыла школе лазерны шматфункцыянальны апарат.
Удзельнікі сустрэчы з удзячнасцю ўспаміналі імя былога старшыні тутэйшага калгаса Льва Аліферкі, які прыклаў шмат намаганняў для ўзвядзення будынка сучаснай школы. На жаль, сам Леў Анатольевіч не змог прыехаць на сустрэчу, але на адрас школы ён даслаў віншавальны ліст.
З цікавасцю слухала зала выступленне былога дырэктара школы Уладзіміра Максімовіча. А былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Леакадзія Шадура правяла цікавы ўрок на тэму “Ты памятаеш, як усё пачыналася…” Віталі ў гэты святочны вечар настаўнікаў-пенсіянераў, якія шмат душэўнай цеплыні, ведаў і сіл аддалі сваім вучням. Надзвычай прыемным момантам святкавання стала ўручэнне нашым калегам-настаўнікам узнагарод райвыканкама, аддзела адукацыі і райкама прафсаюза.
Школа – гэта і яе выпускнікі. Федзюкоўская школа ганарыцца многімі сваімі выпускнікамі, асабліва кінарэжысёрам Міхаілам Пташуком, Героем Сацыялістычнай Працы Віктарам Малышкам, паэтам Алесем Бадаком. Дарэчы, Алесь Бадак таксама павіншаваў родную школу з юбілеем і падарыў уласную кнігу і музычны дыск з песнямі на яго словы.
Атмасферу святочнасці і ўрачыстасці падчас сустрэчы стваралі і падтрымлівалі яе сённяшнія вучні. Апладысментамі сустракала зала выступленне ансамбля малодшых школьнікаў “Лыжкары”, а вярнуцца ў маленства гасцям дапамагло шчырае выступленне першакласнікаў, якія расказалі пра тое, чым сёння жыве школа.
Напрыканцы вечара слова трымаў дырэктар школы Аляксандр Новікаў, які павіншаваў усіх са святам і падзякаваў за падтрымку і ўзаемаразуменне.

Людміла ЛУЗЯНІНА, намеснік дырэктара Федзюкоўскай СШ-ДС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *