Дзякуй, сусед!

Панядзелак дзень цяжкі. А для жыхароў вёскі Гайнінец ён да таго ж выдаўся і вогненна-гарачым у прамым сэнсе гэтых слоў.
Выпіў, закурыў, заснуў… Менавіта па такім сцэнарыі 20 верасня адбываліся падзеі ў жыцці аднаго з мясцовых аматараў спіртнога. Невядома чым для яго і 78-гадовай жанчыны, якая жыла з ім у адным доме, закончыліся б вогненныя падзеі, калі б не сусед Генадзій Баранаў.
Генадзій Мікалаевіч, як толькі ўбачыў клубы дыму, што валілі з боку суседняга дома, кінуўся на дапамогу і, рызыкуючы ўласным жыццём, выцягнуў з ахопленай полымем хаты гаспадара, які ляжаў на падлозе. Дарэчы, сам віноўнік пажару нават і праз суткі не змог растлумачыць свае паводзіны. Аднак, ён рэальна ўсвядоміў, што замест дома ў яго засталося папялішча…
А яго выратавальнік сціпла гаворыць: “Так на маім месцы зрабіў бы кожны. Пра страх не было калі думаць”. Пра Генадзія Баранава можна сказаць: дзе нарадзіўся, там і згадзіўся. Ён з маленства жыве ў Гайнінцы, апошнія 5 гадоў працуе лесніком у Куршынавіцкім лясніцтве. Ён, як сапраўдны мужчына, ужо пасадзіў дрэва (і не адно), выгадаваў сына і дачку, пабудаваў дом і … выратаваў чалавека.
А для аматараў выпіць спіртнога, а потым закурыць і заснуць гэта яшчэ адзін урок і рэальная магчымасць зазірнуць у сваю будучыню, якая не надта спакуслівая – згарэць жывым у агні…
Сяргей ГАТОЎЧЫЦ, інспектар РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *