Як «маемся»?! З чым асацыюецца першы дзень апошняга месяца вясны ў ляхавічан – тэма чарговага апытання “ЛВ”.

Агульны ўзрушаны настрой, усе шчаслівыя, усміхаюцца, наваколле напоўнена вясновым водарам, расквечана рознакаляровымі шарамі і сцягамі — такая атмасфера панавала на першамайскіх дэманстрацыях. Да ўрачыстага шэсця працоўных калектываў, ветэранаў, спартсменаў, моладзі далучаліся школьнікі. Прайсціся ў святочнай калоне па галоўнай вуліцы горада ў Міжнародны дзень салідарнасці працоўных было гонарам. І ў суверэннай Беларусі 1 мая пазначана чырвоным у календары. Сёння гэта – Свята працы. З чым асацыюецца першы дзень апошняга месяца вясны ў нашых землякоў – тэма чарговага апытання “ЛВ”.

Мікалай ВАЙЦЕШЫК,  старшыня райкама  прафсаюза работнікаў АПК:
— 1 мая больш чым у 60 краінах свету – выхадны дзень. Першамай лічыцца сімвалам міжнароднага рабочага руху. Дэманстрацыі, парады, маёўкі – усё гэта водгалас свята, гісторыі якога больш за стагоддзе. Сёння яно набыло новы стыль, змест. Напрыклад, зараз райкам прафсаюза работнікаў АПК рыхтуецца да сустрэчы-ўшанавання землякоў, якія ў розныя гады ўзначальвалі прафсаюзныя пярвічкі сельгасарганізацый Ляхавіччыны.

Уладзімір ЯНУШКЕВІЧ,  ветэран вайны і працы:
— Калісьці 1 мая ладзіліся дэманстрацыі і гулянні. Але ў вёсцы заўсёды была гарачая працоўная пара: садзілі бульбу, сеялі агарод — хапала клопату. Калі працаваў паштальёнам, то напярэдадні свята работы прыбаўлялася — паштовак і тэлеграм-віншаванняў з Першамаем было вельмі многа. Не толькі разносіў карэспандэнцыю ў 400 двароў у Вадзяціна, Пад’язаўле і па бліжэйшых хутарах, але і дапамагаў жонцы Валянціне, якая таксама працавала паштальёнам у Альхоўцах, Петухоўшчыне, Задвор’і. А яшчэ гэта свята памятнае тым, што давала адлік пераможным дням – да славутага 9 Мая заставаўся тыдзень. У гэтыя дні разам з іншымі ветэранамі прыходзілі ў школы, Дамы культуры, расказвалі пра сваё жыццё, вайну.

Анастасія БОЛТУЦЬ,  маладая мама:

— Асабіста для мяне 1 мая найшчаслівейшы дзень у жыцці — я стала мамай. І хоць гэта падзея здарылася 2 гады назад, – пачуцці бязмежнай радасці, пяшчоты, гонару і натхнення, што перапаўнялі тады, толькі ўзмацніліся. Наша першамайская Дарыначка расце вясёлай, цікаўнай дзяўчынкай. Маем уласную кватэру, муж працуе, я пакуль у водпуску па доглядзе за дзіцём, марым пра папаўненне, жывыя-здаровыя нашы бацькі – мы шчаслівыя людзі!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *