Слова, якое набліжала Перамогу

Франтавік, партызан, рэдактар "Совецкага патрыёта" Аляксандр Фядотавіч Астапаў

Так і хочацца трошкі перайначыць радок вядомай песні, каб загучаў ён, напрыклад, так: “Шумеў сурова Машукоўскі лес…” Па ўспамінах былых партызан, з якімі неаднойчы давялося гаварыць і нават пабываць на месцы дыслакацыі атрада імя Лазо, пабачыць зямлянкі, дзе ў вайну народныя мсціўцы рыхтаваліся да дыверсій супраць фашыстаў, дзе выпускалі падпольную газету “Совецкі патрыёт” – першапачатак сённяшняй раёнкі, векапомны Машукоўскі лес быў у той час ім домам родным: сцены – сосны, дах – неба… Нам, сённяшнім, прывычным да камфорту, гэта нават уявіць цяжка. А яны прайшлі, паспыталі, вытрымалі. І сталі пераможцамі.

Напярэдадні юбілею Перамогі і Дня друку справядліва будзе ўспомніць тых, хто ствараў біяграфію нашай газеты з яе першых нумароў, з кастрычніка 1943-га, хто з мясцовых журналістаў-раёншчыкаў ваяваў з фашыстамі. Сакратар падпольнага райкама КП(б)Б Сцяпан Дзесюкевіч афіцыйна рэдактарам не быў, але менавіта ён арганізаваў і курыраваў выпуск падпольнай газеты. Яны былі першымі: члены рэдкалегіі Вікенцій Бурло, Павел Вярбіцкі, Якаў Шэвелеў, наборшчыкі і друкары Мішня і Гурын. Ксеракопіі нумароў “Совецкага патрыёта”, ад № 1, які выйшаў пад загалоўкам “Смерць нямецкім акупантам!”, з’яўляюцца дарагой спадчынай, што захоўваецца ў рэдакцыі ”ЛВ”. Славуты партызанскі камандзір Аляксандр Астапаў быў прызначаны рэдактарам “Совецкага патрыёта” пасля вызвалення Беларусі ад фашысцкіх акупантаў. Сотні нумароў раённай газеты завяраліся яго подпісам. Калі ў сакавіку 2011-га адзначалася 100-годдзе з дня нараджэння Астапава, публікацыя ў “Ляхавіцкім весніку”, прысвечаная яго памяці, выйшла пад загалоўкам “Патрыёт і “Совецкі патрыёт”. Сімвалічна і дакладна: Аляксандр Фядотавіч усім сэрцам любіў Радзіму, і гэтая любоў была ягонай пуцяводнай зоркай у жыцці заўсёды. Некалькі дзесяцігоддзяў працаваў у раёнцы і ветэран вайны, былы партызан, чыя сям’я загінула ад рук фашыстаў, — добры і разважлівы Ісаак Бярковіч. Светлая яму памяць… Журналісты ва ўсе часы шмат пісалі і пішуць на тэму Вялікай Айчыннай. І не толькі журналісты. У нашай раённай газеты былі, як мінімум два надзвычай актыўныя пазаштатныя аўтары, чые даследаванні на гэту тэму можна назваць фундаментальнымі. Абодва працавалі настаўнікамі – Васіль Сокал у Зубелевіцкай школе, Аляксей Шавель – у Крывошынскай. Нядаўна з’явілася магчымасць папрацаваць з архівам, які пакінуў Аляксей Андрэевіч і які беражліва захоўваюць яго нашчадкі. І доўгія вёрсты вайны, і подзвіг народа, і выпрабаванні, якія давялося вынесці нашым землякам і нашай зямлі, адкрываюцца новымі імёнамі, беражліва занатаванымі ўспамінамі, дакладна перададзенымі фактамі. У сённяшнім нумары “ЛВ” аднаўляем адну са шматлікіх карэспандэнцый аўтарства Аляксея Шавеля – патрыёта, гісторыка, багатага душой чалавека, якая была надрукавана ў “Будаўніку камунізму” і прысвячалася слову, якое змагалася. Вольга БАРАДЗІНА.

Ветэран вайны, журналіст-раёншчык Ісаак Зэлікавіч Бярковіч

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *