“Беспрэміяльны” квартал. Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Ляхавіччыны за першы квартал года сталі асноўным пытаннем пасяджэння райвыканкама

Разгляд вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Ляхавіччыны за першы квартал года стаў асноўным пытаннем апошняга пасяджэння раённага выканаўчага камітэта. “Выканана роўна палова з 14 даведзеных прагнозных паказчыкаў. Але лічба не канчатковая: некаторыя з пазіцый пакуль не выведзены, адносна яшчэ дзвюх прадугледжана гадавая ацэнка”, – адзначыла намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Кацуба.

Абагналі заданне тэмпы росту вала сельскагаспадарчай прадукцыі і росту рознічнага тавараабароту. Складскія запасы гатовай прадукцыі ўтрымліваюцца ў аб’ёмах, істотна ніжэйшых за нарматыўныя. Уведзеныя ў эксплуатацыю 4500 “квадратаў” жылля адпавядаюць палове гадавога задання. Пры гадавым заданні 180 у сектары малога прадпрымальніцтва за квартал створана 78 працоўных месцаў. Няблага атрымалася з экспартам паслуг, які больш чым удвая перавысіў аналагічны базавы паказчык. А вось з продажам на знешнія рынкі тавараў сітуацыя дыяметральна іншая: з замежжам прадпрыемствы і арганізацыі раёна за студзень-люты нагандлявалі на 1,54 мільёна долараў ЗША, што не склала нават і 40 працэнтаў аналагічнага мінулагодняга паказчыка. Аднак і за імпартам Ляхавіччына сёлета звярталася радзей і менш, дзякуючы чаму знешнегандлёвы баланс атрымаўся сабе на карысць і склаў 1,2 мільёна долараў.

Каб разабрацца ў прычынах зніжэння экспарту, выходзіць на глыбокі аналіз патрэбы няма. Прычына, па сутнасці, адна і знаходзіцца на паверхні: дэвальвацыя расійскай грашовай адзінкі істотна змяніла кан’юнктуру на рынку нашага асноўнага знешнегандлёвага партнёра. Нягледзячы нават на меўшы месца амаль дзесяціразовы рост экспарту ў Бельгію і Літву, нівеліраваць недапастаўкі ў Расію аказалася справай непаддымнай. Паказальны ў гэтым сэнсе прыклад ЗТАА “БелДан”, якое на працягу стартавых месяцаў года з Расіяй не гандлюе ўвогуле – беларуска-дацкая свініна рэалізуецца выключна ў Беларусі. Гэта на тым фоне, што за студзень-люты 2014 года “БелДан” выручыў у Расіі ледзь не мільён долараў. “Прасела” і ТАА “Трансэлектракамплект”, электратэхнічныя тэрмаўсадачныя муфты якога ў абсалютнай большасці адпраўляліся за межы краіны.

“Завязанасць” на пераважна аднаго экспарцёра, канешне, не ёсць добра. І пра дыверсіфікацыю экспарту многа гаворыцца і нямала робіцца. З мэтай пашырыць або адкрыць для сябе дадатковыя рынкі прадпрыемствы раёна з пробнымі партыямі прадукцыі выходзяць на новыя краіны, спрабуюць аднавіць стасункі з даўнімі партнёрамі. ТАА “Фермент” – з той жа Расіяй, ТАА “Белпрамтрэйдынг” – з Германіяй, ААТ “ТБЗ Ляхавіцкі” – з Швецыяй і іншае.

Адносна торфабрыкетнага завода хочацца дабавіць. Няпростая сітуацыя тлумачыцца таксама і тым, што, чым цяплей надвор’е, тым “халадней” эканоміцы завода. Зусім не марозная зіма адчувальна абваліла попыт на паліўныя брыкеты. У параўнанні з тым жа леташнім перыядам, праз сістэму рай-гарпалівазбытаў рэалізавана амаль на 3000 тон менш. З гэтай жа прычыны зменшылі аб’ёмы выпрацоўкі і продажу цеплавой энергіі ляхавіцкія камунальнікі.

Дарэчы, пра ўзаемасувязь: меншы вытворчы вал азначае і меншыя падатковыя і іншага кшталту адлічэнні, заработную плату працаўнікоў, напаўняльнасць бюджэту, пакупніцкую здольнасць. Працягваць гэты рад можна і далей. Намінальная сярэднямесячная заработная плата стала яшчэ адным прагнозным паказчыкам, выканаць які раёну ў мінулым квартале не ўдалося. Па меркаванні Таццяны Кацуба, гэта адно з актуальных, патрабуючых павышанай увагі пытанняў.

Павышанай увагі патрабуе і будаўнічы комплекс Ляхавіччыны. Час у рознай ступені няпросты і для

ПМК-13, і для ПМК-17. Але калі першыя, па аператыўных даных, па квартале выходзяць на прыбытак, Ляхавіцкая ПМК-17 сёння з’яўляецца адным з двух стратных прадпрыемстваў раёна. Што адметна, у многім адмоўны баланс фарміруюць актывы ў прынцыпе, якія ў гэтым выпадку выконваюць ролю пасіваў са знакам мінус. У сувязі з аб’яднаннем з

ПМК-16 і ПМК-18, аб’екты нерухомасці, прынятыя на баланс, але якія не выкарыстоўваюцца, абкладваюцца падаткам на нерухомасць у істотна павышаным памеры. Дапаўняюць адмоўную фінансавую карціну і штрафы за пратэрмінаваныя крэдыты, іншае.

Дарэчы, пратэрмінаваных даўгоў не маюць толькі 6 арганізацый з 26 па статыстыцы: малочны і кансервавы заводы, ПМС, ДРБУ-200, райпалівазбыт і лячэбныя майстэрні “Крывошын”.

А што на рынку працы? На 1 красавіка ў раёне зарэгістравана 106 беспрацоўных. Іх стала на 35 больш, чым у пачатку года. Некаторыя прадпрыемствы вымушаны былі пайсці на ўвядзенне рэжыма няпоўнай занятасці. У рознай форме гэта практыкавалі ПМК-13, гідравузел “Шчара”, ТАА “Трансэлектракамплект”. Зрэшты, прагучаўшая ў ходзе пасяджэння думка аб выхадзе “Трансэлектракамплекта” на “штатны” ўзровень сігналізуе, што горшыя часы паступова застаюцца ў мінулым. На гэта прама ці ўскосна ўказваюць і факты значнага ўмацавання расійскага рубля, адносная стабільнасць нашай грашовай адзінкі. Дэпазіты, якія становяцца ўсё менш прыбытковымі, даюць падставу разважаць пра магчымасць патаннення крэдытных рэсурсаў.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *