Формула бяспекі. Ход выканання мерапрыемстваў па прафілактыцы пажарнай бяспекі ў Ляхавіцкім раёне зноў абмяркоўваўся на чарговай апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама

Ход выканання мерапрыемстваў па прафілактыцы пажарнай бяспекі ў раёне зноў абмяркоўваўся на чарговай апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама. Вячаслаў Сельмановіч адразу азначыў тон размовы: фармалізм у гэтым пытанні недапушчальны. Першаму намесніку начальніка РАНС Сяргею Гатоўчыцу былі адрасаваны канкрэтныя пытанні: як складваецца сітуацыя з пажарнай бяспекай у раёне, якія меры прафілактыкі рэалізуюцца, іх выніковасць.

З пачатку года на тэрыторыі раёна зарэгістравана 12 пажараў, на адным з іх загінуў чалавек. Рост колькасці пажараў адзначаны ў Альхоўскім, Навасёлкаўскім сельсаветах і райцэнтры. Па інфармацыі РАНС, не ўсе сельвыканкамы актывізавалі прафілактычную работу, не запрашаюць на вясковыя сходы супрацоўнікаў пажарнай службы.

Важнай мерай прафілактыкі пажараў у жылым фондзе і экасістэмах з’яўляецца падворны абход домаўладанняў. Чалавечы фактар часцей за ўсё становіцца прычынай пажараў, маецца на ўвазе абыякавасць і ігнараванне правілаў бяспекі. Спецыялісты РАНС сёлета выявілі 79 парушэнняў заканадаўства аб пажарнай бяспецы, 61 чалавек прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя сумесна з РАНС, РАУС, сельвыканкамамі і іншымі службамі і арганізацыямі штотыднёва праводзіць рэйды па выяўленні і прадухіленні пажараў у экасістэмах.

Старшыні сельвыканкамаў і кіраўнікі СВК паклапаціліся пра абворванне тэрыторый тых населеных пунктаў і хутароў, якія прымыкаюць да лясных масіваў, поймаў рэк, лугоў і пашаў. Камунальнікі і меліяратары аказваюць платныя паслугі насельніцтву па абкошванні прысядзібных участкаў.

Дзейнасць аглядавых камісій, мерапрыемствы ў навучальных установах па асновах бяспекі жыццядзейнасці, выяўленне ўчасткаў, якія не выкарыстоўваюцца, і прадухіленне выпальвання сухой расліннасці, наяўнасць у суб’ектаў гаспадарання тэхнікі для пажаратушэння – гэтыя і іншыя меры закліканы папярэдзіць узнікненне надзвычайных сітуацый у рэгіёне.

Кіраўнік раёна звярнуў увагу на пытанне забеспячэння бяспекі ў месцах масавага знаходжання людзей.

На нарадзе была заслухана справаздача старшыні Ганчароўскага сельвыканкама Уладзіміра Плескацэвіча пра ход добраўпарадкавання на тэрыторыі сельсавета і ўзаемадзеянне структур, якія закліканы вырашаць пытанні жыццезабеспячэння насельніцтва.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *