У бібліятэку запрашаецца настаўнік

Развіццё школы ў сучасных умовах прадугледжвае комплекснае ўдасканаленне ўсіх бакоў яе жыццядзейнасці. Пры гэтым адну з важных роляў выконвае якаснае і эфектыўнае выкладанне розных дысцыплін. Як зрабіць навучанне сучасным і цікавым, навуковым і даступным? Адказаў шмат, але галоўны з іх – пастаяннае і бесперапыннае павышэнне кваліфікацыі настаўнікаў. А гэта не толькі пашырэнне ведаў педагогаў па выкладаемым прадмеце, але і пераасэнсаванне зместу і метадаў сваёй працы, вядзення ўрокаў і арганізацыі пазакласных мерапрыемстваў ў свеце новых сучасных патрабаванняў педагагічнай навукі і развіцця грамадства ў цэлым.
Кожны навучальны год у сістэме адукацыі розных узроўняў з’яўляецца нешта новае. Не заўсёды лёгка сучаснаму настаўніку сарыентавацца ў разнастайнасці друкаваных і электронных матэрыялаў, прысвечаных навучанню і выхаванню падрастаючага пакалення. Дапамагчы ім у гэтым імкнецца цэнтральная раённая бібліятэка імя Янкі Купалы.
Цікавымі і карыснымі для настаўнікаў будуць як новыя выданні агульнага характару (“Асновы педагогікі”, “Параўнальная педагогіка”, “Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі”), так і адрасаваныя канкрэтна настаўнікам-прадметнікам – “Фізічная культура”, “Методыка выкладання замежных моў”, “Асновы дэфекталогіі” і г.д.
1 верасня ўступіў у сілу Закон Рэспублікі Беларусь “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, якім зацверджана новая рэдакцыя беларускага правапісу. З гэтай нагоды ў друку з’явілася шмат публікацый. Бібліёграф ЦБС Таццяна Арлоўская ўсю інфармацыю сабрала ў бібліяграфічны паказальнік, які прызначаны настаўнікам, вучням, студэнтам – усім, каго цікавіць літаратура па гэтай тэме.
Сёння не губляе актуальнасці атрыманне патрэбнай інфармацыі з газет і часопісаў. У працы выхавальнікам, настаўнікам, кіраўнікам гурткоў дапамогуць перыядычныя выданні. Усё пра выхаванне дашкольнікаў і малодшых школьнікаў — у часопісах “Пралеска” і “Пачатковая школа”. Трыбунай для шырокага абмену вопытам, ідэямі паміж настаўнікамі, навукоўцамі і практыкамі з’яўляюцца часопісы “Народная асвета”, “Адукацыя і выхаванне”. Апошні, дарэчы, мае 23 тэматычныя дадаткі амаль па ўсіх вучэбных прадметах. Як і раней, шмат цікавай і патрэбнай інфармацыі ў перыядычных выданнях “Роднае слова”, “Беларускі гістарычны часопіс”, “Здаровы лад жыцця”, “Настаўніцкая газета”. Шмат, цікавага пра школьнае жыццё, лепшых настаўнікаў, поспехі вучняў можна прачытаць і ў раённай газеце “Ляхавіцкі веснік”.
У падрыхтоўцы і правядзенні разнастайных мерапрыемстваў, тэматычных урокаў і праграм класным кіраўнікам дапамогуць часопісы “Чытаем. Вучымся. Гуляем”, “Свята ў школе”, “ Апошні званок”, “Сцэнарыі і рэпертуар”. Хочацца звярнуць увагу і на картатэку сцэнарыяў, створаную ў чытальнай зале, дзе сабраны сотні распрацовак гульняў, урокаў і сцэнарыяў па рознай тэматыцы.
Прыходзьце, чытайце, вучыцеся. І будзьце заўсёды на вяршыні прафесійнага майстэрства.
Віталія ЛАГУН, бібліятэкар чытальнай залы цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *