Адам і “максім”

Адам Галавач ваяваў на 3-м Беларускім фронце.

Не кожнаму так пашчасціць: Адам Дзмітрыевіч, які прайшоў вайну, у свае 93 гады жыве ў пары з Марыяй Адамаўнай, якой таксама за 90. Праўда, абысціся без падтрымкі дачкі ўжо вельмі цяжка, таму і пераехалі з Клецкага раёна ў Флер’янова. Дзядуля і бабуля Галавачы больш праз акно назіраюць, як кіпіць жыццё, ды яшчэ ўважліва слухаюць расказы дачкі Галіны, сочаць за навінамі па тэлевізары – ім цікава, што робіцца ў свеце і побач, у вёсцы.

Адам Дзмітрыевіч перакананы, што лёс быў для яго прыхільным: выжыць у пекле вайны пашанцавала не ўсім…

…Павестку на фронт ён атрымаў пасля вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў. Яму споўніўся тады 21 год. Адам пакінуў дома бацькоў, дзвюх сясцёр, брат Аляксей ужо ваяваў у Чырвонай арміі. Ішоў на вайну без страху, з вялікім жаданнем дапамагчы дабіць фашыстаў.

Пасля трохмесячнай падрыхтоўкі трапіў на 3-ці Беларускі фронт, які вёў наступальныя баі на Усходнюю Прусію. Рыхтаваўся ваяваць у роце аўтаматчыкаў, а ўжо ў першым баі атрымаў загад узяць пад сваю адказнасць кулямёт “максім”. Гналі фашыстаў няшчадна, вызвалялі адзін за другім прыбалтыйскія населеныя пункты. Кулямёт радавога Галавача быў на пярэдніх вогненных рубяжах. Там жа Адам Дзмітрыевіч атрымаў раненне. Падлячыўся ў шпіталі – і зноў у бой.

Ішлі на Кёнігсберг – фашысцкую крэпасць, якую ворагі трымалі моцна. Аднак рашучае наступленне нашай арміі, мужнасць і гераізм байцоў узялі і гэтую цвярдыню. У многіх аперацыях удзельнічаў радавы Галавач са сваім “максімам”. І сёння ён памятае, як давялося роце аўтаматчыкаў пераадольваць водную перашкоду, а ён жа з кулямётам… Пры падтрымцы байцоў здолеў перабрацца на другі бераг і ўмацавацца на пазіцыі.

Не раз яго агнявая кулямётная кропка трапляла пад прыцэл фашыстаў. У адным з баёў варожы снайпер усё ж дастаў кулямётчыка. Некалькі куляў прашылі ногі салдата. Ён сам здолеў зрабіць перавязку. А пасля Адама нёс на сабе салдат, нёс доўга, пад кулямі, рызыкаваў сабой. Ці жывы яго выратавальнік, ці застаўся навек у зямлі пад Кёнігсбергам, як многія яго сябры-аднапалчане?…Адам Дзмітрыевіч заўсёды з удзячнасцю ўспамінае невядомага сябра.

Вестку пра Перамогу радавы Галавач сустрэў у шпіталі горада Кастрама, куды яго накіравалі пасля цяжкага ранення. Памятае бязмерную радасць, як смяяліся, плакалі, віншавалі адзін аднаго знаёмыя і незнаёмыя.

Цяпер дамоў! Яго чакалі бацькі і сёстры. Брат Аляксей з вайны не вярнуўся. Адам Галавач, на грудзях якога ззялі ордэн Айчыннай вайны ІІІ ступені, медалі “За адвагу”, “За Перамогу над Германіяй”, прыбыў у сваю вёску героем.

Ажаніўся з настаўніцай Марыяй, працаваў на кансервавым заводзе, пасля ў мясцовым калгасе. Дом пабудавалі, дзвюх дачок выгадавалі і вывучылі: Галіна, як і маці, настаўніца, а Ларыса стала ўрачом. У вялікай сям’і ветэрана ёсць добры працяг: 4 унукі і 6 праўнукаў. Нядаўна амаль усе з’ехаліся ў Флер’янова. Пагасцявалі і вырашылі, што чарговая сустрэча адбудзецца

9 Мая, на Дзень Перамогі: прыедуць віншаваць бацьку, дзядулю, прадзядулю — дарагога чалавека, які быў салдатам Вялікай Айчыннай.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “Адам і “максім”

  • 08/05/2015 в 18:08
    Permalink

    Слава героям! Мой дед Войтешик Антон Матвеевич тоже был пулеметчиком и тоже дошел до Кенигсберга, награжден Орденом Славы III степени и медаль За Отвагу и др., Но к сожалению умер в 60 лет, имел много контузий. Может однополчане были.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *