Слова пра сапраўднага кавалера

Нашаму земляку– ураджэнцу Ліпска, поўнаму кавалеру ордэна Славы Аляксандру Малевічу 15 сакавіка споўнілася б 95 гадоў. Колькі выпрабаванняў выпала на яго жыццёвым шляху, колькі давялося зведаць і перажыць… Але заўсёды сустракаў ён кожны новы дзень з радасцю і з павагай да людзей. Яго ўжо няма побач з намі, але жыве памяць пра цудоўнага чалавека ў сэрцах дзяцей і ўнукаў, удзячных землякоў.

Са слязамі на вачах расказвае пра цяжкія ваенныя гады сястра Аляксандра Малевіча Марыя Гатоўчыц: як уся сям’я дапамагала партызанам, а потым партызанілі самі, як прыхоўваў брат Саша сабраную на месцы баёў зброю, як выпякала для народных мсціўцаў у зямлянцы хлеб маці, як лес стаў прытулкам для ўсёй сям’і… Тры гады пражылі ў балоце, а вярнуліся на папялішча – фашысты спалілі хутар… Галоўнае, гаворыць Марыя Іванаўна, каб нашы дзеці не зведалі таго гора, якое напаткала яе пакаленне. Прашу Бога, каб заўсёды быў мір, – паўтарае шматразова.

Па ўспамінах дачкі Аляксандра Малевіча Вялянціны Дыдышка, па натуры жыццярадасны і вясёлы, пры размове пра ваенныя гады бацька адразу станавіўся сумным і негаваркім. Ваеннае ліхалецце пякучым болем адгукалася ў яго душы. Па заданні партызан яго брат Міхаіл хадзіў узрываць цягнікі. Аднойчы пайшоў і не вярнуўся. Куды толькі ні пісалі пасля вайны, каб атрымаць хоць якую звестку, усё дарэмна…
Пра бацьку дачка расказвае з пяшчотай і любоўю. У сям’і было 7 дзяцей. Жылі бедна, грошай на адукацыю не было. А Саша вельмі хацеў вучыцца. Адкрыты і шчыры, грунтоўны ва ўсім і вельмі працавіты. Не ажаніўся, пакуль не пабудаваў уласны дом. Мірнае жыццё прысвяціў лесу – працаваў лесніком. З жонкай выгадавалі чатырох дзяцей, трое з якіх – Валянціна, Канстанцін і Аляксандр – і сёння жывуць у Ліпску, Таццяна цяпер мінчанка.
“Бацькі многа працавалі і нас з маленства да працы прывучалі. Трымалі вялікую гаспадарку. Тата пасадзіў вялікі сад – сотак 40, разводзіў пчолы. Нагрузіць, бывала, вялікі воз яблыкаў і развозіць па вёсцы, раздае. Водар спелых яблыкаў смачна разносіўся па наваколлі…”, – расказвае Валянціна Дыдышка.
У Аляксандра Іванавіча было многа сяброў. Ён усюды паспяваў, імкнуўся падтрымаць і дапамагчы тым, каму было цяжэй. Ніколі не адмаўляўся ад запрашэння сустрэцца са школьнікамі, удзельнічаў у шматлікіх мерапрыемствах. Гасцінны дом Малевічаў быў заўсёды адкрыты для людзей.
Нямала добрых слоў раёнка і іншыя газеты прысвячалі славутаму Малевічу, а на будынку мясцовай школы ўстаноўлена мемарыяльная дошка. У міжнародным патрыятычным інтэрнэт-праекце “Героі краіны” занатаваны баявы шлях Аляксандра Малевіча. “Разведчык узвода разведкі 642-га стралковага палка чырвонаармеец Аляксандр Малевіч 3 сакавіка 1945 года ў баі за населены пункт Ной-Паршэсніца (недалёка ад польскага горада Хойніцэ) у крытычны момант замяніў камандзіра аддзялення, хоць і сам быў паранены, але поля бою не пакінуў. Загадам па 22 стралковай дывізіі ад 20 сакавіка 1945 года чырвонаармеец Аляксандр Іванавіч Малевіч узнагароджаны ордэнам Славы III ступені.
Камандзір стралковага аддзялення 642-га стралковага палка чырвонаармеец Аляксандр Малевіч 23 сакавіка 1945 года недалёка ад горада Данцыг першым уварваўся ў траншэю праціўніка, выбіў яго адтуль, асабіста знішчыў нямала фашыстаў, якія знаходзіліся там, 18 узяў у палон
”. Так на грудзях Аляксандра Малевіча заззяў ордэн Славы II ступені. 1 мая 1945 года яфрэйтар Малевіч з байцамі аддзялення ўзяў у палон паўтары сотні нямецкіх салдат. 31 мая 1945 года камандуючы 2-м Беларускім фронтам маршал Ракасоўскі падпісаў прадстаўленне аб узнагароджанні нашага земляка ордэнам Славы I ступені: “…за ўзорнае выкананне заданняў камандавання ў баях з нямецкімі захопнікамі яфрэйтар Аляксандр Іванавіч Малевіч узнагароджаны ордэнам Славы І ступені, стаўшы поўным кавалерам ордэна Славы”.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота з архіва сям’і А. Шавеля.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *