Калі б помнікі маглі гаварыць…

Ля гэтага святога месца ў аграгарадку Навасёлкі заўсёды кветкі і вянкі ад удзячных нашчадкаў

З 26 чэрвеня 1941 года па 6 ліпеня 1944 года — 36 месяцаў. 1109 чорных дзён і начэй працягвалася акупацыя нашага раёна гітлераўцамі. Тысячы землякоў — мірных жыхароў — былі знішчаны карнікамі, 13 вёсак спалены, а Свяціца – двойчы. У кнізе “Памяць. Ляхавіцкі раён” названы прозвішчы 416 савецкіх воінаў, якія загінулі пры вызваленні Ляхавіччыны і пахаваны на яе тэрыторыі (праз гады дзякуючы пошуку колькасць вядомых імён герояў павялічылася на дзясяткі). Больш за 1400 воінаў-землякоў загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Памяць пра іх — у нашых сэрцах, успамінах нямногіх ужо сведкаў тых падзей, у музейных экспанатах, хроніках.

На тэрыторыі Ляхавіччыны 38 помнікаў і абеліскаў, устаноўленых у памяць воінаў і мірных жыхароў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, і 13 помнікаў воінскай Славы. У 2001 годзе ўстаноўлены помнік невядомаму салдату ў вёсцы Дрэкі, а ў маі 2002 года ў Вадзяціне адкрыты помнік загінуўшаму ў гады вайны экі-пажу самалёта, камандзірам якога быў лейтэнант Цацын. Самым вялікім воінскім пахаваннем у раёне з’яўляецца брацкая магіла ў Ляхавічах, дзе пакояцца астанкі 428 воінаў. Каля дзвюх соцень іх імён пакуль так і застаюцца невядомымі. У брацкіх магілах у Завінні пахавана 245 герояў, у Падлессі — 139. Напярэдадні 70-годдзя Вялікай Перамогі мы чарговы раз пабывалі на маршруце ”Ад абеліска да абеліска”.
Разбураны горад і вёскі, рабаванні, масавыя забойствы мірных людзей – вось ён знакаміты новы парадак, які абяцалі фашысты ўсёй Еўропе, у тым ліку і беларусам. У многіх населеных пунктах раёна фашысты з першых дзён расстрэльвалі савецкіх актывістаў, дэпутатаў, камсамольцаў і камуністаў. Свой крывавы след акупанты пакінулі і ў вёсцы Туркі. У чэрвені 1941 года былі арыштаваны 20 вяскоўцаў. Людзей забіралі з хат у чым яны былі, катавалі, а потым знясіленых вывезлі за вёску і расстралялі. Сярод загінуўшых ад фашысцкіх куль – П. І. Дунчык, В. М. Чыхір, І. Ярашэвіч, І. І. Манарховіч, І. П. Тарлюк, І. Н. Сакун – іх прозвішчы выбіты на помніку каля Туркоў. Імёны астатніх, на жаль, невядомыя…
З году ў год 7 ліпеня (менавіта ў гэты дзень вёска была вызвалена ад фашыстаў) да брацкай магілы і помніка землякам, загінуўшым у гады вайны, прыходзяць жыхары не толькі аграгарадка Навасёлкі, але і навакольных вёсак, нясуць кветкі і вянкі. У брацкай магіле тут пахаваны 30 савецкіх воінаў, якія вызвалялі вёску ад гітлераўцаў, прозвішчы большасці так і не ўстаноўлены. Нязменную вахту на пастаменце нясе салдат Вялікай Айчыннай—“из камня его гимнастёрка, из камня его сапоги”… Барыс Міхайлавіч Варанец—адзін з вядомых загінуўшых герояў. У маі 1975 года піянеры Пранчакоўскай сярэдняй школы атрымалі ліст ад маці салдата з Башкірскай АССР: “Зямны паклон і мацярынская ўдзячнасць за ваш клопат пра месца пахавання невядомага вам хлопца, які загінуў ад рук ворага ў свае амаль яшчэ дзіцячыя 19 гадоў. Ён быў доб-ры, чулы, знаходлівы, ніколі не сумаваў. Апошняе пісьмо ад сына датавана 3 ліпеня 1944, за 2-3 дні да гібелі. Пісаў, што ідуць у бой біць фашыстаў… Дзякуй вам, дарагія дзеці, і вашым настаўнікам за тое, што беражэце памяць пра майго Барыса. Вы сталі для мяне роднымі. Няхай вас ніколі не спасцігне тое няшчасце, якое зведалі нашы дзеці ”.
Недалёка ад брацкай магілы — помнік загінуўшым землякам з надпісам: “Вечная слава героям, паўшым у баях за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы ў гады Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945гг.” Па няпоўных звестках, 26 навасёлкаўцаў, 10 пранчакоўцаў, 6 гарбачоўцаў, па 5 жыхароў Ціткаўшчыны і Станчакоў не прыйшлі з той вайны. У школьных архівах беражліва захоўваюцца звесткі пра іх, успаміны родных і аднавяскоўцаў. Адразу тры пахавальныя з Усходняй Прусіі на сыноў Уладзіміра, Васілія, Паўла Дзядовічаў атрымала іх маці, якая жыла ў Навасёлках. На службу ў армію з гэтай вёскі быў прызваны ў 1940 годзе і Віктар Бобр, які служыў у Мурманску, загінуў у 1943 годзе пад Смаленскам. Пяцёра навабранцаў з прозвішчам Станчык са Станчакоў былі прызваны ў дзеючую армію летам 1944 года, ніхто з іх жывым не застаўся…
У цэнтры вёскі Ураджайная — помнік. На гранітнай пліце надпіс: “У гонар 40 землякоў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. Яны з вёсак Бажкі, Дайнякі, Каранеўшчына, Краглі, Тумашы, Ура-джайная, Карані. Адзін з іх – Сцяпан Голец, якога насцігла фашысцкая куля ў красавіку 1945 года пад горадам Кёнігсбергам. Так і не дачакаліся яго жонка Алена і тры сыны, малодшаму з якіх было 5 гадоў…
Нядаўна недалёка ад помніка з’явіўся сквер з маладзенькіх дрэў, якія ў памяць пра загінуўшых у гады вайны земля-коў пасадзілі актывісты БРСМ, вучні Навасёлкаўскай СШ, работнікі мясцовага СДК і СВК “Шлях новы”.
На світанні 15 жніўня 1941 года роў машын разбудзіў жыхароў вёскі Літва. Уладзіслава Марчык, якой на пачатак вайны споўнілася 9 гадоў, успамінала: “У нашу хату ўвар-валіся карнікі, прыкладамі аўтаматаў пагналі майго 20-гадовага брата ў машыну. Два салдаты засталіся і пачалі збіваць бацьку”. Арыштаваны былі яшчэ пяцёра актывістаў. Іх трымалі ў склепе недалёка ад будынка старой школы. Жыхары суседніх дамоў чулі страшэнныя крыкі і стогны сваіх землякоў, над якімі здзекаваліся фашысты. А днём усіх вяскоўцаў – і старых, і малых – сагналі да мясцовай сажалкі, дзе была выкапана вялікая яма. Перакладчык аб’явіў загад: расстраляць камуністаў. Жанчыны моцна загаласілі, мужчыны толькі сціскалі кулакі. Пачулася аўтаматная чарга. Пахаваць нябожчыкаў родным дазволілі праз некалькі дзён — па-за могілкамі. Перапахавалі ахвяраў фашызму толькі пасля вайны. У 1985 годзе на будынку Дараўскай СШ, якая знаходзіцца ў некалькіх сотнях метраў ад месца жудасных падзей лета 1941 года, устаноўлена мемарыяльная дошка. Запомніце іх імёны: Сцяпан Міхайлавіч Серада, Міхаіл Іванавіч Гарбаты, Антон Міхайлавіч Палонскі, Пётр Восіпавіч Канько, Міхаіл Васільевіч Палуда, Уладзімір Мікалаевіч Марчык.
У родныя Зубелевічы з палёў бою з 1941 па 1945 гады не вярнуліся 35 мужчын. Іх імёны на ўстаноўленым тут помніку. А напачатку лістапада 2005 года свой апошні прытулак тут знайшлі астанкі 17 воінаў, якія загінулі ў гады Першай і Другой сусветных войнаў. Іх знайшлі байцы 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна…
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

На Завінскай горцы цішыня.

У Падсаколлі ў вайну тут грымелі баі..

Помнік загінуўшым у гады вайны землякам у Зубелевічах.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *