Гэта наша Брэсцкая крэпасць

Брэсцкая крэпасць. Сімвал мужнасці і гераізму савецкага народа, яго няскоранасці. 22 чэрвеня 1941 года ваеннаслужачыя Брэсцкай крэпасці першымі прынялі на сябе ўдар фашыстаў.

8 мая 1965 года за выключныя заслугі абаронцаў Цытадэлі перад Радзімай і ў гонар 20-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Брэсцкай крэпасці прысвоена ганаровае званне “Крэпасць-герой” з уручэннем ордэна Леніна і медаля “Залатая Зорка”. Пазней узнагароды былі перададзены мемарыялу, урачыста адкрытаму 25 верасня 1971 года.

Манументы і скульптурныя кампазіцыі ў памяць герояў, музей абароны крэпасці, руіны і казематы – велічны і легендарны помнік над Бугам стаў месцам пакланення для многіх пакаленняў нашчадкаў пераможцаў. Сюды прыязджаюць людзі з усіх куткоў свету, каб аддаць даніну павагі народнаму подзвігу.

Год назад 22 чэрвеня ў паўднёва-ўсходняй казарме Цытадэлі адкрыта новая экспазіцыя “Музей вайны – тэрыторыя міру”, якая стала працягам музея абароны.

Архіўныя фотаздымкі, дзённікі абаронцаў Брэсцкай крэпасці, іх асабістыя рэчы, пісьмы, успаміны ўдзельнікаў абароны і іх родных у юбілей Вялікай Перамогі набываюць асаблівае гучанне.

Кожны экспанат музея мае сваю гісторыю. Партрэт радавога Андрэенкава быў напісаны на прасціне ваенным паштальёнам 21 мая 1941 года, роўна за месяц да пачатку вайны. Анатолій Андрэенкаў адправіў яго родным у Смаленскую вобласць. Калі немцы палілі родную вёску, маці абвязала партрэт вакол сябе, ахоўвала яго ўсю вайну.

На праекцыйным экране – відэаўспаміны абаронцаў Брэсцкай крэпасці, кінафільмы, на інтэрактыўнай сэнсарнай карце пазначаны 33 лагеры смерці, праз якія прайшлі і многія абаронцы крэпасці. Узмахам рукі гартаецца кніга памяці, у якой пазначаны імёны абаронцаў. Капсулы ад снарадаў з зямлёй гарадоў-герояў і месцаў бітваў – як жалобныя свечкі па загінуўшых.

Гэта трэба ўбачыць, адчуць сэрцам. Пра гэта трэба ведаць. Гэта нельга забыць.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота аўтара і Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *