Мужнасцю сваёй у неўміручасць крочылі

Краіна адзначае юбілейны Дзень Перамогі. 70 мірных гадоў мы не стамляемся дзякаваць ветэранам за шчасце жыць, свята ўшаноўваем памяць тых, хто не вярнуўся з вайны, нізка схіляем галовы ля помнікаў і абеліскаў. Гэтыя ўдзячнасць, павага і памяць перадаюцца з пакалення ў пакаленне.

Сённяшнія школьнікі ды і іх бацькі ведаюць пра вайну толькі па расказах, кінастужках і кнігах. Але якімі шчырымі, пранікнёнымі і шчымлівымі атрымаліся сачыненні нашых юных землякоў, дасланыя на конкурс “Мужнасцю сваёй у неўміручасць крочылі”, аб’яўлены “ЛВ” і раённым камітэтам БРСМ. Асабліва прыемна, што хлопчыкі і дзяўчынкі не проста расказалі гісторыю сваёй сям’і, а ўклалі ў гэтыя радкі асабістыя адчуванні, перажыванні, разважанні.

З немалой колькасці творчых работ мы адабралі самыя лепшыя, з якімі прапануем пазнаёміцца нашым чытачам.

Мой прадзядуля Уладзімір Адамавіч Ляўковіч нарадзіўся 15 лютага 1915 года ў вёсцы Рамейкі Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці. У дзяцінстве застаўся сіратой. Гадавала майго прадзеда, сястру і брата іх старэйшая сястра Каця.
Васямнаццацігадовым ён быў прызваны ў армію. Давялося ваяваць, калі фашысты пачалі Другую сусветную і акупіравалі Польшчу. Трапіў у палон, адкуль уцёк, быў паранены, пасля лячэння ў шпіталі вярнуўся дамоў.
Аднойчы на вечарынцы пазнаёміўся з маёй прабабуляй Ганнай: запрасіў яе на танец і адразу ж закахаўся. 23 лютага 1941 года яны пажаніліся. А потым была Вялікая Айчынная, і прадзядуля пайшоў у партызаны, удзельнічаў у дыверсіях супраць акупантаў, хадзіў у Баранавічы ўзрываць чыгуначныя рэйкі з нямецкімі цягнікамі, гружанымі тэхнікай і зброяй. Жахі вайны ён паспытаў на сабе.
Толькі ў 1945 годзе вярнуўся дамоў да жонкі і да сыночка Колі. Увесь гэты час нават не ведаў, ці жывыя яны. Памятаю яшчэ са свайго дзяцінства расказы прабабулі пра тое, як яна чакала мужа. Гаварыла заўсёды са слязамі на вачах, хоць ужо і прайшло столькі часу. Яна расказвала, як змяніўся на вайне прадзядуля, як у 30 гадоў стаў сівым, кульгаў (раны напаміналі пра сябе). Я тады не разумела, чаму плача любімая прабабуля Ганна… Яны выгадавалі чацвёра дзяцей, а ў 1991 годзе адсвяткавалі залатое вяселле. Але жахі, перажытыя ў тыя страшныя гады, ім не забыць ніколі.
Пра гэта павінны памятаць і мы, моладзь, бо ўся адказнасць за будучыню ляжыць на нас. Мы не маем права падвесці прадзедаў, якія так шмат перажылі, столькі нацярпеліся. І яны ўсе жывыя, пакуль жыве памяць пра іх. Наш святы абавязак – забяспечыць ім бессмяротнасць. Дзякуй вам за ўсё, нашы любімыя прадзядулі! З вялікім святам, з Днём Перамогі ўсіх!
Анастасія ПЛЯШКО,
вучаніца 10 “Б” класа гімназіі г. Ляхавічы.

Яўгенія Пятроўна лічыць сябе шчаслівай, бо ў яе ёсць усё, чаго можа жадаць чалавек пад старасць: дагледжаны ўтульны домік з садам, павага аднавяскоўцаў, сын і дачка, якіх разам з мужам выгадавалі на радасць сабе і людзям, цудоўныя ўнукі, дасць Бог і праўнукаў дачакаецца. А ўсяго гэтага
магло б і не быць.
…10 гадоў ёй было, калі пачалася Вялікая Айчынная. З Захаду на Браншчыну (і ў яе горад Почап) сталі прыбываць эшалоны з параненымі чырвонаармейцамі, знясіленыя ваенныя ішлі пешшу. А самалёты з чорнымі крыжамі сыпалі на зямлю бомбы. Усё ў адно імгненне ператваралася ў руіны. Хутка з’явіліся і фашысты. Яны крычалі ў рупары, каб параненыя савецкія салдаты выходзілі з лясоў, абяцалі іх лячыць.
Частку параненых ваеннапалонных без вады, ежы і меддапамогі зачынілі ў царкве. Аднойчы стогны і крыкі адтуль сціхлі. Пасля стала вядома, што няшчасных адправілі ў спецыяльныя машыны-душагубкі – газавыя камеры…
І сёння жанчыне сніцца, іншы раз, як варушыцца зямля над расстралянымі і скінутымі ў роў людзьмі, як на дрэвах абапал дарогі павешаныя, сярод іх – яе настаўнік…
Аднойчы і да іх прыйшлі фашысты – з каністрай і факелам. Пяцёра дзяцей выгналі на двор, арыштавалі маці, спалілі хату. На вуліцы распранутымі аказаліся ўсе суседзі, якім загадалі дабірацца да горада. Жэні, яе сястрычкам і брацікам пашчасціла: у горадзе знайшлі маці. Яна ўмела пячы з мёрзлай бульбы і вотруб’я ляпёшкі, якія і сталі галоўнай ежай.
Неўзабаве ўся сям’я трапіла ў фашысцкі канцлагер, што размяшчаўся ў горадзе Слуцку. Тры велізарныя, запоўненыя да адказу баракі, а ў чацвёртым ляжалі хворыя на тыф, якія тут жа і паміралі. На вышцы – фашыст з аўтаматам…
Зоркія дзіцячыя вочы заўважылі, што за калючым дротам, зусім непадалёку – агарод. Ноччу дзядок разрэзаў дрот і Жэня папаўзла… Прынесла на ўсю сям’ю морквы, капусты – што трапіла пад руку. Аднойчы пашчасціла знайсці яблык. Які ж ён быў смачны…
Восенню фашысты пагналі вязняў у напрамку Лясной, дзе таксама размяшчаўся канцлагер. Сям’ю Кудзін везлі на старым, худым кані, які ля вёскі Падсаколле ўпаў прама на дарозе. Паліцаі, што суправаджалі зняволеных, пакінулі сям’ю мясцоваму солтысу, наказаўшы знайсці новага каня і дагнаць абоз. Але той схаваў вязняў на шчэрбаўскім хутары, у дзядзькі Грыцка…
Не стала сям’я Кудзін мяняць свайго месца жыхарства, мусіць, лёсам было наканавана прайсці пешшу шлях з-пад бранскіх лясоў да Малога Гарадзішча, каб выжыць. Тут пасля вайны знайшоў іх бацька, стала наладжвацца жыццё…
Сёння Яўгенія Пятроўна Кудзін – і шчаслівая, і радасная. А восенню, калі ўбачыць у садзе апошнія яблыкі, што засталіся ў траве, абмытыя дажджамі, парэпаныя і крыху падгніўшыя, абавязкова падыме іх: смачнейшага ласунку для яе няма…
Сяргей ЛЕШЫК,
вучань 7 класа
Малагарадзішчанскага д/с-СШ.

У многіх сем’ях беражліва захоўваюць успаміны аб сваіх дзядах і прадзедах – удзельніках Вялікай Айчыннай. Сэрца сціскаецца, а на вачах з’яўляюцца слёзы, калі глядзіш сёння на ветэранаў і разумееш, якія выпрабаванні, страты, гора і пакуты ім давялося вынесці за гады вайны. Нашы прадзядулі і прабабулі – сапраўдны прыклад доблесці, мужнасці і стойкасці.

У нашай сям’і захоўваюцца фатаграфіі, з якіх глядзіць малады, бравы салдат – гэта мой дваюрадны прадзядуля Лука Міхайлавіч. У гэтым годзе яму споўнілася 90 гадоў. Ён – удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, вызваляў Літву, Усходнюю Прусію, Польшчу. За гераізм і мужнасць узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны ІІ ступені і Чырвонай Зоркі, медалямі “За адвагу”, “За ўзяцце Кёнігсберга”.

Я часта распытваю прадзядулю аб яго баявых узнагародах. Сярод франтавікоў асабліва шануецца медаль “За адвагу”, таму што ім узнагароджвалі выключна за асабістую мужнасць у баі. У барацьбе за Кёнігсберг яе атрымаў і Лука Міхайлавіч.

Яму ёсць пра што расказаць нашчадкам. І сёння гэты мужны чалавек, хаця часта хварэе, але ад сустрэч са школьнікамі, педагогамі ніколі не адмаўляецца. Ён расказвае пра баявую маладосць, успамінае тых, хто не прыйшоў з вайны, і ў першую чаргу родных братоў: Леанід загінуў пры вызваленні Усходняй Прусіі, Іван вярнуўся з фронту жывым, але хутка памёр ад ваенных ран. Самая галоўная мара старога салдата – каб ніколі больш на Зямлі не было вайны, каб не гінулі ў баях людзі.

Вучыцца гераізму і мужнасці заўсёды не позна, я ганаруся тым, што са старэйшага пакалення маёй сям’і можна браць прыклад. Жадаю свайму прадзеду заставацца здаровым, бадзёрым. Яго немагчыма не любіць, ім немагчыма не захапляцца.

Упэўнена, што іменна высокі маральны дух савецкага народа стаў важнейшай умовай нашай Перамогі. І пра гэта не трэба саромецца пісаць і гаварыць. Усе павінны ведаць: мужнасцю нашы прадзеды ў бессмяротнасць крочылі.

Вікторыя СЕЛЬМАНОВІЧ, вучаніца 10 класа Крывошынскай СШ.

Бягуць гады, пралятаюць вёсны… Перамозе ўжо 70.

Я вельмі ганаруся тым, што мае прадзядулі абаранялі сваю Радзіму ад “карычневай чумы”. Яны вярнуліся з вайны ўзнагароджаныя баявымі ордэнамі. Мае бацькі не засталі іх жывымі, бо раненні далі пра сябе знаць – абодва прадзядулі памерлі маладымі. Уся наша сям’я гаворыць дзякуй стваральнікам сайта “Подзвіг народа”, дзе мы знайшлі інфармацыю пра тое, якімі ўзнагародамі і за што яны былі адзначаны.

Прадзед, у вайну сяржант, Анатолій Вікенцьевіч Карповіч падняў роту ў атаку. За ўзятую вышыню ён узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Праз тыдзень у баі разам са сваім кулямётным разлікам знішчыў шмат нямецкіх салдатаў. За гэта быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені. Усяго тыдзень паміж двума подзвігамі. А быў ён старэйшым за мяне, сённяшнюю, на нейкіх дзесяць гадоў…

Як вымераць той запас трываласці, які дазваляў нашым салдатам вытрымліваць нечалавечую нагрузку? Гэта пачуццё абавязку, што накопліваецца ў людзях ад калыскі і да таго страшнага кроку, калі памерці лягчэй, чым жыць у няволі.

Другі прадзядуля – Аляксандр Аляксандравіч Столяр быў сапёрам. Вярнуўся з вайны без рукі. Колькі мінаў трэба было абясшкодзіць, колькі разоў рызыкаваць сваім жыццём, каб цябе, простага салдата, прадставілі да ўзнагароды ордэнам Айчыннай вайны?

Подзвіг – што гэта такое? Мабыць, у першую чаргу, гатоўнасць да канца выконваць свой ратны абавязак. І пасля вайны мае прадзядулі жылі сумленна і прыстойна.

Калі ў школе ствараўся стэнд “Яны змагаліся за Радзіму”, мой брат зрабіў з маленькіх фатаграфій вялікія і размясціў на гэтым стэндзе. Цяпер не толькі сям’я, але і ўсе ведаюць маіх прадзядуль.

Шануем герояў вайны. Мы запальваем свечкі і стаім перад Вечным агнём у мінуце маўчання, мінуце роздуму, мінуце памяці. Памяці аб подзвігу і героях, якія сталі гісторыяй.

Міраслава КАРПОВІЧ, вучаніца 9 класа Малагарадзішчанскага д/с-СШ.

Аднойчы мама прывяла мяне ў школьны музей на экскурсію і з гонарам паказала фатаграфію майго прадзядулі Мікалая Рыгоравіча Буйкевіча.
Нарадзіўся ён у вёсцы Свяціца. Калі пачалася вайна, дзядулю было 17 гадоў.
…11 сакавіка 1943 года фашысты спалілі Свяціцу. Спалілі за тое, што была партызанскай, што тут не існавала дома, дзе б адмовілі ў дапамозе народным мсціўцам. Фашысты спрабавалі спаліць вёску яшчэ ў студзені 1943 года. Прыехалі, расстралялі некалькі чалавек, здзекаваліся над жанчынамі і дзецьмі. Свяцічане, у тым ліку і мой прадзядуля, ратаваліся ад ворагаў у лесе, жылі ў зямлянках. З 15 сакавіка 1943 года да ліпеня 1944 года ён ваяваў у партызанскім атрадзе імя Матросава, брыгадзе імя Грызадубавай. Пасля вызвалення Беларусі служыў радавым у 14-м запасным стралковым палку. Быў цяжка паранены і дэмабілізаваны.
У мірны час працаваў у міліцыі ўчастковым упаўнаважаным, потым фінансавым агентам, брыгадзірам…
Прадзядулі даўно няма ў жывых. Усе яго ўзнагароды захоўваюцца ў нашай сям’і як самая дарагая спадчына. Я ганаруся ім, памятаю і прысвяціла яму верш.

Памяти моего прадедушки

Мой прадед! Я тобой горжусь!
Ты был хорошим, честным человеком.
Ты воевал за нашу Беларусь,
И я хочу всем рассказать об этом.

Ты молод был, когда пришла война.
Семнадцать лет – как это мало…
Но сделала всех крепкими она,
Вы сильными и взрослыми вмиг стали.

Ты воевал плечом к плечу с отцом,
Ты защищал свою родную землю,
И в партизаны ты ушёл потом,
Чтоб жили счастливо и мирно все мы.

За моё детство благодарна я тебе,
За мир, за небо чистое над головою.
Мы «миру – мир!» все говорим и «нет – войне!»
Я благодарна, я горжусь тобою.

Земля моя, живи и процветай!
Летите аисты и выспевайте нивы!
Я так люблю свою землю, свой милый край!
Мы – белорусы! Мы народ счастливый!
Ніка МАСЛАБОЕВА,
вучаніца 7 класа Свяціцкай СШ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *