Сэрца аддаваць дзецям

Настаўнік. Ужо толькі адно гэта слова прымушае трапятліва біцца сэрца дарослага чалавека, а душу ахоплівае нейкае светлае пачуццё, бо на ўспамін прыходзяць шчаслівыя імгненні дзяцінства, родная школа, гарэзлівыя і дружныя аднакласнікі і такія спагадлівыя і строгія, задуменныя і эрудыраваныя, энергічныя і элегантныя педагогі, якія сталі за гады вучобы сапраўды роднымі і блізкімі – назаўжды сваімі.
Ну як можна забыць добрую і абаяльную першую настаўніцу, якая прыветліва ўсміхнуўшыся, пяшчотна ўзяла тваю руку з рукі матулі і разам з такімі ж смешнымі і разгубленымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі павяла ў светлы і прасторны клас. Потым эстафету ад першай настаўніцы перанялі матэматыкі, гісторыкі, хімікі, мовазнаўцы, фізікі, географы, фізрукі і нашы дарагія класныя кіраўнікі. Дзеці пераходзяць з класа ў клас, сталеюць, набіраюцца ведаў, а яны, настаўнікі, наадварот маладзеюць душой і, здаецца, з кожным годам яшчэ больш любяць сваіх вучняў. І пры гэтым паспяваюць не толькі асвойваць і распрацоўваць новыя методыкі выкладання школьнага прадмета, прыдумваць сучасныя формы правядзення ўрокаў, але і арганізоўваюць пазакласныя мерапрыемствы, заўсёды ведаюць, чым жывуць іх выхаванцы, што іх хвалюе і якая дапамога патрэбна дзецям і іх бацькам…
Пра педагогаў, іх здабыткі і працоўныя перамогі, сённяшні дзень і перспектывы вялікай настаўніцкай сям’і Ляхавіччыны – размова з начальнікам аддзела адукацыі райвыканкама Святланай ЮРЛЕВІЧ:
— Святлана Іванаўна, для Вас як для педагога, кіраўніка, дэпутата раённага Савета дэпутатаў з чым асацыіруецца Дзень настаўніка?
— Адказваць на гэта пытанне можна бясконца. Я вырасла ў сям’і, дзе да настаўнікаў былі заўсёды трапяткія і вельмі паважлівыя адносіны. Як кожны чалавек, з пачуццём глыбокай удзячнасці ўспамінаю родную школу, любімых настаўнікаў і ўсё лепшае, што з імі звязана. Гэта яны, педагогі, дапамагаюць кожнаму з нас знайсці правільны шлях, сваё прызванне і не заблукаць на жыццёвых прасторах. Але толькі праз гады прыходзіць усведамленне таго, як многа значыць для цябе настаўнік, без якога ўсё, што адбываецца ў дарослым жыцці, магло не атрымацца. Настаўнік – гэта той, да каго заўсёды ідуць за парадай, ён не перастае быць педагогам і пасля таго, як яго вучні ўжо самі сталі дарослымі. Настаўнік – гэта той, хто, аднойчы з’явіўшыся ў жыцці іншага чалавека, не пакідае яго, бо застаецца жыць у сэрцы. Ад настаўніцкай мудрасці, педагагічнага таленту, прафесійнай вытрымкі і тактоўнасці, мабільнасці і творчага пошуку залежыць (і гэта не проста высокія словы) лёс і асобнага чалавека, і будучых пакаленняў.
Учительство – не труд, а отреченье,
Умение всего себя отдать,
Уйти на долгий подвиг и увлеченье,
И в этом видеть свет и благодать.

Што можа лепш за гэтыя радкі перадаць галоўны сэнс адной з лепшых прафесій на свеце – настаўніка.
— Колькі дзіцячых лёсаў праходзіць праз жыццё настаўніка, колькі характараў, і да кожнага патрэбны індывідуальны падыход. Як Вы лічыце, якая галоўная задача педагога?
— Разгледзець у маленькім чалавеку яго здольнасці, магчымасці, накіраваць іх у патрэбнае рэчышча — асноўная задача педагога, прычым, лічу, ва ўсе часы. Асабліва важна гэта на першай ступені адукацыйнай прасторы – у дзіцячых садах. Прыемна і пачэсна, што ў сістэме дашкольнай адукацыі Ляхавіччыны працуе шмат высокапрафесійных, творчых і таленавітых педагогаў, сярод якіх і пераможца раённага конкурсу “Выхавацель года-2010” Алена Зубік (д/с №2), а таксама яе калегі Людміла Мяжуева (д/с №3), Людміла Касцюк (д/с №2), Марыя Наздрына (Навасёлкаўскі д/с). У дашкольных установах удасканальваецца работа адаптацыйных груп, што дазваляе дзецям ранняга ўзросту, якія не наведвалі дзіцячы сад, хутка адптавацца ў новым калектыве, а іх бацькам больш цесна ўзаемадзейнічаць з выхавацелямі.
Кожнае дзіця нараджаецца на свет з імкненнем пазнаць наваколле. А ў школьным узросце развіццё дзяцей адбываецца галоўным чынам шляхам навучання. І менавіта ў школе гэта здольнасць павінна знайсці неабходную падтрымку, бо інакш творчы патэнцыял дзіцяці так і застанецца нераскрытым. Падтрымаць і развіць індывідуальнасць, не згубіць і не затармазіць рост яго здольнасцей, забяспечыць шырокую агульнаадукацыйную падрыхтоўку высокага ўзроўню – важная педагагічная задача. Для яе паспяховага вырашэння неабходна выкарыстоўваць усё лепшае, што ёсць у сучаснай педагогіцы. Гэта выдатна атрымліваецца і ў педагогаў Ляхавіччыны. Асаблівых слоў пашаны заслугоўваюць настаўнікі-наватары, педагогі, якія падрыхтавалі пераможцаў алімпіяд і навукова-практычных канферэнцый розных узроўняў. Творчасць пачынаецца часта з аднаго ўрока, адной сустрэчы з настаўнікам. Таму можна з упэўненасцю сцвярджаць, што сапраўдны настаўнік не той, хто вучыць, а той, хто не можа не вучыць. Такі педагог абавязкова зацікавіць сваіх вучняў, дапаможа раскрыццю іх унутраных рэсурсаў, акрэсліць перспектывы. І такія настаўнікі ў нас ёсць. Кожны рух, кожнае слова педагогаў Таццяны Бабко (САШ № 1), Таццяны Бохан (САШ № 2), Алены Савіцкай (гімназія), Вольгі Прыхач (Канюхоўскі ДС-ПШ), Таццяны Дашкевіч (Дараўскі ДС-САШ), Наталлі Дылеў-скай (ЦКРНіР), Марыны Баргамон (ЦПР) рабяты ловяць для пераймання. Трэба бачыць, з якой любоўю і прыхільнасцю ставяцца да іх выхаванцы. Такія адносіны варты многага.
У новым навучальным годзе педагогі Ляхавіч-чыны вырашаюць новыя, яшчэ больш складаныя задачы: не толькі ўтрымліваюць заваяваныя пазіцыі, але і імкнуцца пакарыць новыя вяршыні. І тут галоўнае — сістэматычная, штодзённая, грунтоўная работа ў цесным тэндэме “вучань — настаўнік”.
— 1-я нядзеля кастрычніка. Гэты дзень заўсёды шчымлівы і радасны: краіна адзначае Дзень настаўніка. Святлана Іванаўна, Вашы пажаданні калегам…
— Напярэдадні цудоўнага прафесійнага свята шчыра віншую ўсіх педагогаў Ляхавіччыны, нашых шаноўных і дарагіх настаўнікаў-ветэранаў. Ад усяго сэрца жадаю, каб ніколі вашы душы і сэрцы не адчувалі стомленасці і абыякавасці, болю і непаразумення. Няхай будуць невычарпальнымі вашы жыццялюбства, энергія і натхненне, а штодзённая руплівая праца радуе поспехамі і дасягненнямі. Міру, радасці, моцнага здароўя, дабрабыту, таленавітых і ўдзячных вучняў і бязмежнага шчасця зычу ўсім вам, паважаныя калегі.
Где б работать вам жизнь не велела —
В шумном городе, в сельской тиши —
Расточайте без счёта и смело
Все сокровища вашей души!
— Дзякуй за размову і са святам Вас і ўвесь педагагічны калектыў раёна.
Гутарыла Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *