Жаночыя тайны

Таццяна Малышка (другая злева), акушэркі Алена Глобуз і Вольга Бялко, санітарка Надзея Кіршэўская.

Што такое жаноцкасць? Моднае адзенне, ювелірныя ўпрыгожванні, стыльны абутак?.. Загадчыца гінекалагічнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы Таццяна Малышка мае на гэты конт сваё меркаванне: сапраўдная жанчына – гэта чысціня, свежасць, прыемны пах здаровага цела, жаданая цяжарнасць, прывабнасць, прыгажосць у любым узросце.

—Мілыя зямлячкі, памятайце, што жанчына – самы вялікі цуд, створаны Богам і прыродай: толькі ёй падуладна вялікае таінства, яна дае жыццё новаму чалавеку. Быць маці, а яшчэ каханай – вось яно, галоўнае шчасце, — зазначае Таццяна Уладзіміраўна. Не згадзіцца з гэтым проста немагчыма.

У медыцыне Таццяна Малышка больш за 20 гадоў, 15 з якіх працуе ўрачом-гінеколагам у нашай райбальніцы. Яна лечыць сваіх пацыентак, надае шмат увагі прафілактыцы, у тым ліку і сярод школьніц, а яшчэ вучыць зямлячак любіць саміх сябе. Будзе здаровай і шчаслівай жанчына — будуць радасць і гармонія ў сям’і.

Ніхто не стане аспрэчваць, што роля жанчыны ў грамадстве кардынальна змянілася: яна даўно перастала быць проста захавальніцай сямейнага ачага і іншы раз становіцца галоўным “здабытчыкам” у сваёй сям’і. Практычна не засталося прафесій, якія не асвоіла б жанчына. Работа, кар’ера забіраюць нямала часу, а яшчэ трэба паспець у магазін, прыгатаваць вячэру і назаўтра абед, пазаймацца з дзецьмі, не абысці клопатам і пяшчотай мужа, калі-нікалі зазірнуць у цырульню плюс уборка, дача, агарод і г.д. Калі тут пра здароўе думаць!

— Вось і атрымліваецца, што ў кабінет да ўрача нашы жанчыны прыходзяць, калі няма сілы цярпець боль, калі непрыемнасці, звязаныя з хваробай, не даюць магчымасці паўнацэнна жыць. А час упушчаны, пасля пастаўленага дыягназу, прызначанага лячэння даводзіцца доўгі час прымаць лекі, іншы раз ісці на аператыўнае ўмяшальніцтва, — расказвае док-тар.

Яна нагадвае, што кожнай прадстаўніцы прыгожай паловы абавязкова хаця б раз у год, а лепш некалькі (нават пры адсутнасці скаргаў) наведваць жаночую кансультацыю. Таццяна Малышка і раённы ўрач акушэр-гінеколаг Анатолій Панько выслухаюць, правераць, дадуць неабходную параду і дзяўчыне, якая толькі ўступае ў дарослае жыццё, і жанчыне, якая збіраецца стаць маці, і той, якая ўжо дачакалася ўнукаў.

Пракансультаваць па пытаннях планавання сям’і, дапамагчы сямейным парам, якія мараць пра нараджэнне малыша, падрыхтавацца да важнай падзеі, разабрацца ў прычынах бясплоднасці і правесці патрэбнае лячэнне – усё гэта і многае іншае граматна і прафесійна робяць самыя ”жаночыя” медыкі райбальніцы, у тым ліку і фельчарска-акушэрскіх пунктаў, урачэбных амбулаторый. Калі жанчына нараджае, да іх далучаюцца і ўрачы-педыятры, медсёстры з дзіцячай кансультацыі.

Гінеколагі — частыя госці ў школах і каледжы. Але яны аднадушныя ў меркаванні: колькі б медыкі, настаўнікі, псіхолагі ні вялі размовы з падлеткамі і моладдзю на такія інтымныя тэмы, пакуль ім не будзе надавацца належная ўвага ў сям’і, а паміж дзецьмі і бацькамі не ўсталююцца даверныя адносіны, зрухаў да лепшага не будзе. А вось колькасць цяжарнасцей у юным узросце ці выпадкаў інфекцый, што перадаюцца палавым шляхам, толькі павялічыцца.

—Трэба размаўляць з дзяўчатамі на іх мове, пры гэтым не дырэктыўна, а растлумачальна. Абавязкова выслухаць і іх пазіцыю. Мяркую так не толькі як урач, але і з уласнага вопыту як мамы 16-гадовай дачкі, — зазначае Таццяна Малышка.

У нашай краіне значная падтрымка аказваецца сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, асабліва мнагадзетным. Нядаўна ўведзены мацярынскі капітал – яшчэ адно таму пацвярджэнне. Дзяржаўны клопат

спрыяе паляпшэнню дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне, а Брэстчына і ўвогуле лідзіруе ў аптымістычнай дэмаграфіі. І для Ляхавіччыны становіцца тэндэнцыяй нара-джэнне трэцяга дзіцяці ў сям’і, павялічылася колькасць жанчын, якія нараджаюць трэцяе ва ўзросце каля 40 і больш гадоў.

Каб маці і дзіця былі здаровымі, трэба не толькі ўважліва падысці да планавання цяжарнасці, але і быць пад пастаянным наглядам у жаночай кансультацыі. Увогуле, па словах медыкаў, за 9 месяцаў “цікавага” становішча цяжарныя павінны паказвацца ўрачу 13-14 разоў, здаваць усе неабходныя аналізы, праходзіць ультрагукавое абследаванне, усе іншыя неабходныя працэдуры і, канешне ж, весці здаровы лад жыцця. Сёння на ўліку ў жаночай кансультацыі знаходзяцца 158 цяжарных зямлячак, прычым дзве з іх чакаюць двойню.

— За час сваёй практыкі зразумела, што нашым жанчынам патрэбна як комплексная медыцынская, так і псіхалагічная дапамога. Напрыклад, ад 45 да 55 гадоў у іх так званыя “ўзроставыя” праблемы. Абавязкова дапаможам падабраць прэпараты для змяншэння і аслаблення сімптомаў. Пры наяўнасці паказанняў урач выпіша і гарманальныя сродкі новага пакалення, пабочныя эфекты ад якіх зведзены да мінімуму, і якія надоўга дапамагаюць жанчыне заставацца жанчынай, — гаворыць доктар. І настойліва раіць: ні ў якім разе не забываць пра яшчэ адзін важны аспект прафілактыкі – самаабследаванне малочных залоз. Нярэдкія выпадкі, калі жанчыны самі ў сябе знахо-дзяць зацвярдзеласці і пры своечасовым звароце да медыкаў, не чакаючы, пакуль само знікне, хваробу перамагаюць поўнасцю. Зацікаўленасць жанчыны ў тым, каб быць здаровай, значыць вельмі многае.

І заканчвае размову на аптымістычнай ноце.

— Паспрабуйце проста палюбіць сябе,тады вас абавязкова яшчэ больш палюбяць вашы блізкія. Жыццё адно, і трэба пражыць яго цікава і пазітыўна.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *