Вечна маладая Перамога. Ляхавіччына святкавала 9 МАЯ /фота/

Увесь тыдзень напярэдадні слаўнай даты прайшоў у рэжыме ўрачыстасцяў. Усе яны мелі агульную мэту – яшчэ раз выказаць павагу, удзячнасць, захапленне мужнасцю салдат Вялікай Айчыннай. Тых, хто застаўся на полі ратным, хто выйшаў з бою, вярнуўся і працаваў, але не дажыў да дня сённяшняга, вельмі і вельмі нямногіх нашых землякоў, якія, нягледзячы на гады і хваробы, працягваюць заставацца ў ветэранскім страі. Чым бліжэй, тым больш фарматны і яскравы колер набывалі фарбы мая. У восьмы яго дзень Перамозе салютавалі Ляхавічы: мітынг “Мінулых гадоў святая памяць” сабраў ветэранаў, кіраўніцтва раёна, дэлегацыі прадпрыемстваў і ўстаноў, гараджан і жыхароў вёскі, воінаў і будучых абаронцаў Айчыны. Да помніка загінуўшым воінам на плошчы Перамогі ляглі вянкі і кветкі. Са словамі віншавання звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч. Афіцэрам і прапаршчыкам Узброеных Сіл былі ўручаны юбілейныя медалі, прызыўнікам – павесткі на службу.

9 МАЯ. Над Курганам Славы ў вершалінах магутных хвой мужнай нотай гучыць лірыка ваенных гадоў. Ганаровая воінская варта падкрэслівае важнасць і ўрачыстасць моманту. Канцэпцыя як і год, і два, і больш часу назад, але ўсё па-іншаму: выгадна, прыгажэй, змястоўней, разнастайней.
Асобы момант настае роўна ў поўдзень.
“Мужнасці і стойкасці савецкіх салдат, што стаялі насмерць у імя жыцця, 70-й гадавіне Вялікай Перамогі прысвячаецца!”, – вырываюцца з дынамікаў, аддаюцца далёкім магутным рэхам словы вядучых мітынгу “Пераможныя вёрсты вайны”. Кранальна, хвалююча, урачыста-далікатна праходзіла цырымонія ўскладання вянкоў. Ля падножжа Кургана вянкі з рук у рукі прымалі воіны Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, каб пад гукі ўрачыстага салюта беражліва пакласці іх на схіл Кургана – ад раённай улады, ветэранаў вайны і працы, прадпрыемстваў і арганізацый раёна, воінаў. Метраном адлічвае імгненні мінуты маўчання…
У звароце да землякоў старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч 70-годдзе Перамогі назваў вялікім і светлым святам, сімвалам мужнасці, сілы духу і волі савецкага народа. Больш за 4 тысячы нашых землякоў былі прызваны ў рады абаронцаў Айчыны і мужна змагаліся на франтах. Сумная статыстыка і вечная памяць: больш за паўтары тысячы ляхавічан да роднага парога так і не вярнуліся. Старшыня райвыканкама падзякаваў ветэранам за магчымасць жыць пад мірным небам, якую яны падарылі наступным пакаленням.
З цёплымі віншаваннямі з нагоды слаўнага юбілею звярнуліся таксама старшыня райсавета ветэранаў Генрых Траццяк, райваенкам Аляксей Навіцкі, першы сакратар РК БРСМ Тамара Пракап’юк, віцэ-стараста Лэнчынскага павета Люблінскага ваяводства Рэспублікі Польшча Дарыюш Кавальскі, які ў складзе дэлегацыі суседняй краіны раздзяліў святкаванне Дня Перамогі з ляхавічанамі.
Самадзейныя артысты “ажывілі” сцэнкі ваенных гадоў, гучалі песні. Яркія ўражанні засталіся ад выступлення танцавальных калектываў. Экспрэсіяй, дынамікай, уменнем трымаць строй, захоўваць рытм вызначалася дэфіле барабаншчыц. З новага – матацыклісты, што гучнай калонай прайшлі перад гледачамі. Марш парадных “каробак” воінаў Узброеных Сіл завяршыў тэатралізаваную частку мерапрыемства. Святкаванне ж працягвалася, каб з Кургана пазней перамясціцца ў райцэнтр. Салют, што расфарбаваў вячэрняе неба Ляхавіч, стаў у прамым сэнсе яскравым апафеозам урачыстасцяў з нагоды юбілею Вялікай Перамогі.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *