Як па нотах. Ляхавічанін Андрэй Цямчык выступіць у фінале рэспубліканскага маладзёжнага вакальнага конкурсу «Новыя імёны Беларусі»

Мяккі, чаруючы тэмбр, манера выканання, харызма і, канешне, любоў да песні нікога не пакідаюць абыякавым – Андрэя Цямчыка любяць і ведаюць землякі, прыхільнікі яго творчасці не толькі з нашага раёна.

Родам ён з Іванава Брэсцкай вобласці, але менавіта на ляхавіцкай зямлі талент спевака раскрыўся і зазіхацеў рознакаляровымі фарбамі. Калі 7 гадоў назад юнак стаў навучэнцам аграрнага каледжа і не думаў нават, што захапленне песняй у студэнцкім клубе “Юнацтва” будзе для яго стартам у свет вакальнага мастацтва.

2015 год азнаменаваны для Андрэя адразу двума дасягненнямі. Першае – чарговы выхад у фінал конкурсу маладых выканаўцаў ХV Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2015”, які традыцыйна пройдзе ў чэрвені. Другое – не менш знакавае, а для Андрэя, які ніколі не займаўся музыкай прафесійна, доўгачаканае – выхад у фінал рэспубліканскага маладзёжнага вакальнага конкурсу “Новыя імёны Беларусі”, арганізатарам якога выступае Федэрацыя прафсаюзаў краіны пры падтрымцы Міністэрства культуры і Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь. Конкурс праходзіць пад дэвізам “Новыя галасы для любімай краіны!”. Андрэй Цямчык трапіў у лік 20 шчаслівых фіналістаў, якія з 27 красавіка па 10 мая ў Мінску на спартыўна-аздараўленчай базе ФПБ рыхтаваліся да фінальнага шоу-конкурсу пад кіраўніцтвам высокакваліфікаваных спецыялістаў і наглядам тэлекамер. Педагогамі Андрэя сталі Заслужаная артыстка Беларусі Ірына Дарафеева і прадзюсар Юрый Саваш. Фінальнае шоу адбудзецца 22 мая ў рэспубліканскім Палацы культуры прафсаюзаў.

Пажадаем поспехаў нашаму таленавітаму земляку і будзем з хваляваннем сачыць за яго выступленнямі. Мары здзяйсняюцца! Інакш прырода не надзяліла б нас здольнасцю марыць…

Святлана СТАЛЯРЧУК,

старшыня райкама

прафсаюзаў работнікаў культуры.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *