Увага не адмяняе кантроль

Першым пытаннем апаратнай нарады ў старшыні райвыканкама стала справаздача начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Святланы Якубоўскай аб стане спраў у дамах сямейнага тыпу, апякунскіх сем’ях.

У Ляхавіцкім раёне ў 3-х дамах сямейнага тыпу выхоўваецца 16 дзяцей, 39 прыёмных (54 дзіцяці) і 27 апякунскіх сем’ях (35 хлопчыкаў і дзяўчынак). Дзяржава клапоціцца пра дзяцей, якія па розных прычынах засталіся без апекі біялагічных бацькоў, у тым ліку ствараючы ім магчымасць выхоўвацца ў замяшчальных сем’ях. Такія ячэйкі грамадства пад пастаянным кантролем педагогаў, псіхолагаў, сацыяльных работнікаў, спецыялістаў службы аховы дзяцінства.

Апошнім часам змяншаецца колькасць дзяцей, якім неабходна абарона дзяржавы ад іх жа бацькоў, і ўсё часцей хлопчыкі і дзяўчынкі з прытулкаў вяртаюцца ў свае сем’і. Гэта адбываецца тады, калі дарослыя выправіліся, пазбавіліся ад шкодных звычак, навялі парадак у доме, працаўладкаваліся.

Кіраўнік раёна даў даручэнне спецыялістам, якія курыруюць работу дамоў сямейнага тыпу, перыядычна аналізаваць расходванне дзяржаўных грошай, якія выдаткоўваюцца ім.

Слабая “троечка” – менавіта такой адзнакай ацаніў кіраўнік раёна работу старшыні Конькаўскага сельвыканкама Рамана Бубена па навядзенні парадку ў населеных пунктах і на землях сельсавета. Ніхто не аспрэчвае: пэўныя справы выконваюцца. Аднак, не на належным узроўні, што і пацвердзілі галоўны санітарны ўрач раёна Віталій Ціханаў і галоўны спецыяліст райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Курловіч.

Падчас рэйдавых праверак санітарнай службы на тэрыторыі сельсавета адзначана недастаткова эфектыўная работа па ліквідацыі несанкцыянаваных сметнікаў каля вёсак Чвыры, Лабузы, Туркі, аграгарадка Конькі, утрыманні могілак у Літве і Малым Падлессі. Па-ранейшаму патрабуе навядзення і падтрымання парадку зона адпачынку ў Дараве. А вось зрабіць гэта на прыдарожных палосах – абавязак ДЭУ-24.

Ёсць пытанні да сельвыканкама ў супрацоўнікаў прыродаахоўнай службы.

Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч запатрабаваў ад землеўпарадкавальнай службы раёна больш дэталёва і ўважліва кантраляваць пытанні навядзення парадку.

І адзначыў галоўны недахоп у рабоце старшыні сельвыканкама – недастаткова актыўную работу з жыхарамі сельсавета, дачнікамі (на тэрыторыі 7 садаводчых таварыстваў і ніводнае з іх не заключыла дагавор з камунгасам на вываз смецця). Кіраўнік раёна параіў не баяцца ісці да людзей, цікавіцца, у якіх умовах яны жывуць, з якімі праблемамі сутыкаюцца. У справе навядзення парадку добрыя і метад прымусу і метад пераканання. Трэба не толькі ўказваць на недахопы, але і дабівацца іх выпраўлення, прыцягваць за безгаспадарчасць і нядбайнасць да адміністрацыйнай адказнасці. Дарэчы, такі алгарытм дзеяння ў рабоце з насельніцтвам неабходна ўзяць на ўзбраенне і кіраўнікам іншых сельвыканкамаў.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *