Настаўнік чэмпіёнаў. І трэнераў

Сам ён рэкордаў гучных не ставіў, аднак, у кожнай спартыўнай вышыні, якую бралі яго шматлікія падшэфныя, бясспрэчна, была важкая доля ад Андрэя Барысавіча. У той час (з 1969 па 2000 гады), калі Куркач стаяў на чале камітэта па фізкультуры і спорце райвыканкама, Ляхавіччына грымела і лёгкаатлетычнымі, і гандбольнымі, і баскетбольнымі дасягненнямі. Масавыя заняткі фізкультурай, спартакіяды вучнёўскія і працоўных калектываў, зборы, чэмпіянаты ўжо былі ў раскладзе актыўнага жыцця. Самыя таленавітыя, сапраўдныя самародкі, якіх знаходзілі, выхоўвалі, трэніравалі звычайныя выкладчыкі фізкультуры і кіраўнікі секцый, бралі прызавыя месцы на абласных, рэспубліканскіх, усесаюзных і нават міжнародных спаборніцтвах.

Не па расказах ведаю асабістае дачыненне, надзвычай беражлівае стаўленне Андрэя Барысавіча да спартсменаў. Пад яго крылом і яны набіралі моц, і калегі-трэнеры ўдасканальвалі сваё майстэрства да высокага прафесіяналізму. Сярод юных спартыўных зорачак раёна быў і мой брат, тады вучань СШ № 1 Аляксандр Бычкоў, пра чые спартыўныя дасягненні Куркач і сёння гаворыць з павагай. Ніколькі не адмаўляю здольнасцяў брата (ён станавіўся пераможцам у лёгкаатлетычных дысцыплінах нават на Спартакіядзе народаў СССР), аднак лічу справядлівым зазначыць, як мэтанакіравана, паслядоўна, пастаянна трымаў яго ў полі свайго зроку, увагі, клопату Андрэй Барысавіч. І калі ў складзе беларускай зборнай брат трапіў у Крым на зборы, ледзь не штодня цікавіўся, што ад яго чуваць, як поспехі.

Гэта пры ім загучалі прозвішчы Валюкевіча, Пастарнакевіч, Арловай і многіх іншых землякоў, хто ў спорце пакінуў свой прыгожы след. “Сярод маіх галоўных дасягненняў лічу будаўніцтва пяці спартыўных залаў у раёне”, – з гонарам гаворыць Куркач. Ахвотна і шчодра называе тых, з кім пашчасціла працаваць на любімай сэрцу “ніве” – стадыёнах, кортах, бегавых дарожках… Рыгор Хіліцкі, Юрый Кіслы, Валерый Каспяровіч і многія іншыя – гэта ягоная каманда калег-аднадумцаў. Разам яны здолелі многае. Не ў крыўду будзе сказана, але сёння па пэўных спартыўных пазіцыях Ляхавіччына саступіла ўзроўню, на якім была ў канцы мінулага стагоддзя. Хаця яркія старонкі і цяпер запаўняюцца юнымі спартсменамі і іх педагогамі, чаму надзвычай радуецца апантаны фізкультурай і спортам Андрэй Куркач.

Дарэчы, у свой час ён скончыў у Мінску фізкультурны інстытут, а ў Ляхавічы прыехаў пасля пяцігадовай працы па спецыяльнасці ў школе горада Іванава. Сорак шосты год жыве ў нашым райцэнтры. І наўрад ці хтосьці аспрэчыць, што ягонае слова ў спорце аказалася гучным, трапным і выразным.

Сёння Андрэй Барысавіч збірае матэрыял для кнігі пра Ляхавіччыну спартыўную. І робіць гэта, як і ўсё, за што бярэцца, вельмі адказна і скрупулёзна. Мяркую, што ў дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту яму патэлефануюць былыя выхаванцы, каб сказаць заслужанае: дзякуй, настаўнік.

Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *