Захапляюся, бачу, адчуваю…

Як маці і дачушка

У небе ўзнялася вясёлка – агромністая, рознакаляровая, прыгожая. Апусцілася недзе ў раку – ваду п’е. А ніжэй з’явілася малюсенькая вясёлачка – гуллівая, далікатная, гэтакі жэўжык: то схаваецца, то зноў з’явіцца. Песціцца! Доўга-доўга стаялі яны ў небе.
Як маці і дачушка!

У зацішку лепш

Вырасла кветачка-самасейка каля брамкі. Адчыняеш брамку – можаш паламаць кветачку. А яна пярэсценькая, яркая! Расце сабе і цвіце пад летнім сонейкам. Гаспадыня вазьмі ды і перасадзі яе на клумбу, каб прасторней было кветачцы. А яна зажурылася, засаромелася, лісцейкі апусціла. Некамфортна ёй навідавоку.
У зацішку лепш!

Жыццялюбка

У фуксіі ствол крэпенькі, бы ў дзерава. Расце яна высокая, разгалістая, пасынкаў многа, а кветак яшчэ больш! Чырвона-фіялетавыя або чырвона-белыя бэмбейкі звісаюць, як дарагія завушніцы. Пасадзіла гаспадыня некалькі фуксій разам, адну абламала, бо загуста стала ў вазоне. Абламала, а фуксія зноў вырасла. Колькі ні ламала – адыходзіла.
Жыццялюбка!

Святая

Прыгожанькая, сціплая, безадказная. Ні сям’і не мела, ні дзяцей. Усіх даглядала і даглядае: спачатку бацькоў, брата, цяпер дапамагае сёстрам, пляменнікам. Накорміць і прылашчыць катоў і сабачак. Цяжка ёй, бо немаладая ўжо, а нікому не жаліцца. І чужым паможа, ніколі не адкажа. Цярпліва нясе свой крыж.
Святая!

Прарочым быў сон

Сніцца ёй, што стаіць яна на высокай зялёнай гары, а над галавой – яркае сонейка і сіняе-сіняе неба. Людзі ўнізе – маленькія-маленькія, а яна адна стаіць на гэтай прыгожай высокай гары… Была яна закамплексаваная, як у путах якіх жыла. Але прайшлі гады, яна раскрылася, нібы скінула з сябе гэтыя путы. Узнёслая, вельмі духоўная, адкрытая, добрая, яна заняла сваё месца сярод людзей і ў сваёй запатрабаванасці сапраўды стала вышэй за многіх…
Прарочым быў сон!
Вера ДЫДЫШКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *