Шчасце наша мнагадзетнае. У Дзень сям’і ў Ляхавічах віншавалі мнагадзетныя сем’і /фота/

Самым важкім дасягненнем пяцігадовага сямейнага саюзу Наталля і Анатолій Ламанос лічаць сваіх чацвярых дзяцей.

Дзяржпадтрымка інстытута сям’і – адзін з ключавых напрамкаў дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі нашай краіны і адна з асноў яе дэмаграфічнай бяспекі. Сістэма мер, якая дзейнічае сёння ў Беларусі, акрамя розных матэрыяльных выплат і дапамог, дазваляе маці знаходзіцца ў аплачваемым водпуску па доглядзе за дзіцём да трох гадоў. У рэспубліцы прымаюцца значныя меры для паляпшэння жыллёвых умоў маладых і мнагадзетных сем’яў. Да таго ж, усе дзеці ва ўзросце да 3 гадоў забяспечваюцца бясплатнымі лекавымі сродкамі ў межах пераліку, аказваецца падтрымка і па іншых напрамках.

З 1 студзеня гэтага года ўведзены ў дзеянне ўказ аб назначэнні сямейнага капіталу. 15 мая раённая арганізацыя РГА “Белая Русь” запрасіла ў купалаўку сем’і, у якіх сёлета нарадзіліся трэцяе і наступныя дзеці. У раёне 10 сямей прэтэндуюць на атрыманне сямейнага капіталу.

З Днём сям’і павіншавала землякоў намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень. Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Леанід Калбаса падрабязна расказаў пра алгарытм дзеянняў па назначэнні гэтага віда дзяржаўнай падтрымкі і дакументы, што неабходна прадаставіць для яе афармлення, спыніўся на найбольш распаўсюджаных пытаннях, якія часцей за ўсё цікавяць з гэтай нагоды.

Сем’ям нагадалі і пра ўмовы атрымання бясплатнага дзіцячага харчавання для малых ва ўзросце да двух гадоў.

Псіхолаг сацыяльна-педагагічнага цэнтра Таццяна Гаўдзіс падзялілася практычнымі парадамі па выхаванні дзяцей.

Сярод удзельнікаў сустрэчы – Наталля і Анатолій Ламанос з Рагачоў. Двухмесячная Маша стала чацвёртай у іх вялікай і дружнай сям’і. Сакрэтам сямейнага шчасця тут лічаць любоў і ўзаемапавагу, уменне стварыць атмасферу даверу і ўзаемаразумення, шанаваць традыцыі і арганізоўваць святы, якія аб’ядноўваюць родных людзей. А галоўнае багацце бацькоў Ламанос – усмешкі іх дарагіх кветак-дзетак.

Цёплую атмасферу “круглага стала” дапоўнілі падарункі ад раённых арганізацый “Белай Русі” і Чырвонага Крыжа. Святочны настрой прысутным дарылі самадзейныя артысты гарадскога Дома культуры.

Пра кожную сям’ю можна расказаць цікавую непаўторную гісторыю. Але ў адным яны падобныя – у любві да сыночкаў і дачушак.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Чатырохмесячны Міша Пахвалаў утульна адчувае сябе на руках у таты Аляксандра пакуль мама Наталля занята з трыма старэйшымі сёстрамі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *