Разумнікі і разумніцы атрымалі па заслугах. Іх ушаноўвалі вельмі ўрачыста ў Ляхавіцкім гарадскім Доме культуры

Напрыканцы навучальнага года фестываль дзіцячай творчасці “Сузор’е талентаў” чарговы раз сабраў у гарадскім Доме культуры пераможцаў рэспубліканскіх, абласных, раённых прадметных алімпіяд, навукова-практычных канферэнцый, конкурсаў і выстаў, спартыўных і турыстычных спаборніцтваў.
Перш чым трапіць у актавую залу, дзе праходзілі ўрачыстасці, можна было азнаёміцца з выставай “Пад мірным небам Беларусі”, на якой дэманстраваліся разнастайныя вырабы з гліны, паперы, дрэва, футра, кубкі за спартыўныя перамогі, граматы і дыпломы. Многія з цікавасцю спыняліся, слухалі і глядзелі відэаролікі, прадстаўленыя на раённы конкурс ваенна-патрыятычнай песні “Мы светлай памяці верныя”. Дарэчы, яго пераможцам стала піянерская дружына “Палымяныя сэрцы” з гімназіі. Не толькі журы пакарылі сваімі работамі пераможцы Х абласной выставы мяккай цацкі ляхавічанкі Дзіяна Мацюшэнка і Ксенія Юрлевіч, рэспубліканскага конкурсу “Новыя таленты Беларусі” – Ульяна Шайкоўская і Таццяна Маслоўская. Наўрад ці каго пакінула абыякавай творчасць юнага разьбяра па дрэве Валерыя Кузняцова з Жарабковіцкай СШ.
Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч, які азнаёміўся з выставай, адзначыў выніковасць і паспяховасць творчага дуэта ”настаўнік-вучань”, зацікаўленасць дарослых у развіцці задаткаў дзяцей і іх імкненне да ўдасканалення сваіх талентаў. Кіраўнік раёна прапанаваў арганізаваць пастаянна дзеючую экспазіцыю з работ самых таленавітых ляхавіцкіх хлопчыкаў і дзяўчынак.
Творчых, мэтанакіраваных, з умелымі рукамі, спрытных і вынаходлівых разумнікаў і разумніц, а таксама іх педагогаў, выхавальнікаў, трэнераў сабралася поўная зала. Вячаслаў Сельмановіч уручыў узнагароды пераможцы раённай, абласной і рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “З навукай у будучыню” 10-класніцы гімназіі Ніно Квернадзэ, чэмпіёнцы Рэспублікі Беларусь па самба і прызёрцы чэмпіянату свету сярод кадэтаў Кацярыне Мацулевіч; пераможцы абласнога і рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!” вучню Крывошынскай СШ Сяргею Дубіне, а таксама іх настаўнікам Святлане Ермаковіч, Рашыду Байрашэўскаму і Галіне Зыранавай. Таленавітая гімназістка Ніно яшчэ неаднойчы падымалася за ўзнагародамі — як пераможца раённай, абласной і лаўрэат рэспубліканскай прадметнай алімпіяды па беларускай мове, лаўрэат абласнога этапу алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычнае і духоўнае адзінства”.
Шмат шчырых слоў у адрас разумніц і разумнікаў, іх настаўнікаў сказала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Якубоўская.
Адзін за адным па імправізаваных рознакаляровых дарожак падымаліся пераможцы ў намінацыях “З навукай у будучыню”, “Са спортам па жыцці”, “Адоранасць у творчасці”.
Арыгінальныя выступленні сямейнага дуэта ў складзе намесніка дырэктара гімназіі Аксаны Гатоўчыц і яе дачкі Міхаліны – акампаніятара цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, пераможцы раённага конкурсу лідараў Аляксандра Горбіка і педагога-арганізатара Востраўскай СШ Юрыя Дзяміда, каманды вясёлых і знаходлівых СШ № 1 і іншыя дадалі святочнасці заключнаму акорду фестываля.
Было нямала і іншых запамінальных момантаў.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

На сцэне – лаўрэаты ў намінацыі «З навукай у будучыню».

Дапамагае развіваць таленты ў Крывошынскай СШ педагог Галіна Зыранава.

Наталлю Пішч, Ганну Куніцкую, Сяргея Дубіну віталі як пераможцаў у намінацыі «Адоранасць у творчасці».

Ганарацца сваімі дасягненнямі юныя спартсмены.

Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч уручае ўзнагароду настаўніцы гімназіі Святлане Ермаковіч і гімназістцы Ніно Квернадзэ

One thought on “Разумнікі і разумніцы атрымалі па заслугах. Іх ушаноўвалі вельмі ўрачыста ў Ляхавіцкім гарадскім Доме культуры

  • 20/05/2015 в 05:36
    Permalink

    Даже гордость взяла за наш район! Оказывается, в районе столько талантливых и творческих ребят живёт. Да ещё столько в этом году побед и достижений. Так держать!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *