Не проста так разбіць бівак. У Ляхавіцкім раёне прайшоў чарговы турысцка-краязнаўчы злёт школьнікаў

Фота з архіва цэнтра турызму і краязнаўства.

15 і 16 мая ў лясным масіве каля вёскі Набярэжная праходзіў чарговы турысцка-краязнаўчы злёт школьнікаў раёна, прысвечаны 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і Году моладзі. Злёт сабраў 15 устаноў адукацыі раёна. Адкрыўся ён на прыемнай ноце – з уручэння прызоў і грамат лепшым па выніках турыстычна-краязнаўчых мерапрыемстваў, якія праводзіліся ў зімова-вясенні перыяд.

Амаль адразу ж каманды чакала першае выпрабаванне – краязнаўчая віктарына, прысвечаная 70-годдзю Вялікай Перамогі. Лепшае веданне тэмы паказала каманда СШ №2. Другой стала Начаўская, а трэцяй – Навасёлкаўская СШ.

Наступнае выпрабаванне — спартыўнае арыентаванне па выбары. Удзельнікі атрымалі спартыўныя карты з абазначэннем кантрольных пунктаў рознай “каштоўнасці”. За адведзены час неабходна было саб-раць як мага большую колькасць балаў. З няпростай задачай найлепш справіліся гімназісты, другімі сталі турысты Крывошынскай СШ, трэцімі – Малагарадзішчанскага ДС-СШ.

Пакуль адны бегалі па лесе, другія паказвалі сябе ў конкурсе экскурсаводаў “Мая радзіма Беларусь”. Суддзі засталіся задаволены ўсімі выступленнямі, але ж перамогу аддалі Начаўскай СШ. Другое месца падзялілі экскурсаводы Тальмінавіцкай і Тухавіцкай школ, трэцяе – Мядзведзіцкай і Ліпскай.

Выпрабаванні стартавага дня прадоўжыліся ўвечары, калі і адбыўся конкурс прэзентацыі каманд: спявалі, танцавалі, дэкламавалі вершы. Найлепш гэта атрымалася ў мядзведзіцкіх школьнікаў-турыстаў, на другім месцы рабяты з Крывошынскай СШ, на трэцім – СШ №2.

На другі дзень удзельнікаў злёту чакала краязнаўчае арыентаванне. Выдатна з заданнем справілася каманда начаўскіх школьнікаў, другімі і трэцімі сталі краязнаўцы Дараўскага ДС-СШ, Востраўскай СШ адпаведна.

А турысты ў гэты час паказвалі навыкі валодання тэхнікай горна-пешаходнага турызму. Ацэньваліся хуткасць, дакладнасць, правільнасць праходжання кожнага з этапаў дыстанцыі. Самымі хуткімі, спрытнымі, умелымі аказаліся прадстаўнікі Крывошынскай СШ, майстэрства ўдзельнікаў спаборніцтва Конькаўскага ДС-СШ атрымала другую ацэнку суддзяў, а Малагарадзішчанскага – трэцюю.

У раскладзе злёту значыўся таксама конкурс на лепшы калаж “Вялікай Перамозе – 70! Маладыя памятаюць”.

Конкурс жа на лепшы бівак праходзіў на працягу ўсяго турыстычнага выхаду.

Краязнаўчую частку злёту выйграла каманда Начаўскай СШ. Другое і трэцяе месцы падзялілі каманды СШ №2 і Тальмінавіцкай СШ. Па выніках турыстычнага блоку конкурсаў прызавую тройку ўзначаліла каманда Малагарадзішчанскага ДС-СШ, другі прыз адправіўся ў гімназію, трэці – у Крывошынскую СШ.

Надзея ЛАПІЧ,

дырэктар раённага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *