Зялёны канвеер чакаць не будзе. Адбылося чарговае пасяджэнне Ляхавіцкага райвыканкама

Навядзенне парадку на зямлі, добраўпарадкаванне — задачы, якія стаяць сёння перад кожным прадпрыемствам і арганізацыяй. Працаваць канкрэтна ў гэтым накірунку – з такога патрабавання пачаў чарговае пасяджэнне райвыканкама яго старшыня Вячаслаў Сельмановіч.

Парадак патрабуецца і ў арганізацыі корманарыхтовак. Намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Сяргей Баргамон назваў лічбы: у гэтым годзе ў раёне запланавана назапасіць 26 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы; з траў першага ўкосу мяркуецца нарыхтаваць 4500 тон сена і 55400 тон сенажу. Створаны штаб для аператыўнага кіраўніцтва і каардынацыі дзеянняў, за гаспадаркамі замацаваны спецыялісты райсельгасхарчу.

Што датычыцца шматкампанентных пашаў, то сёння горшае становішча ў СВК “Тальмінавічы” – 0,31 гектара на адну карову (сярэднераённы паказчык – 0,44 га) і райаграсэрвісе – 0,36 га. У 2014 годзе ўсе гаспадаркі, акрамя СВК “Жарабковічы”, выканалі заданне па перазалужэнні лугавых угоддзяў. Сёлета, па стане на 21 мая, да перазалужэння не прыступілі ў СВК “Ліпнянка”, марудна вядуцца работы ў райаграсэрвісе. Са станоўчага боку адзначаны “Шлях новы”, “Ляхавіцкі”, “Нача”.

Па раёне запланавана закласці 520 гектараў насеннікаў шматгадовых траў пад ураджай наступных гадоў, пакуль закладзена 320 гектараў. Не пачаты работы ў “Жарабковічах”, “Ліпнянцы”, агракаледжы. Не падкормлівалі травы азотнымі ўдабрэннямі “Ліпнянка” і “Востраў-Агра”, нязначныя плошчы падкормлены ў “Тальмінавічах” і райаграсэрвісе.

Пры такім падыходзе да справы з боку агранамічнай службы раёна, у сельгаспрадпрыемстваў і іх кіраўніцтва гаспадаркі застануцца без неабходнай кармавой базы. Па разліках спецыялістаў райсельгасхарчу сёлета будзе нарыхтавана 136000 тон сіласу. Але, калі ўлічваць, што кукурузы (асноўнай сянажнай культуры) пасеяна толькі 96 працэнтаў ад мінулагодняга, то ўраджайнасць яе павінна скласці 400-410 цэнтнераў з гектара (у 2014 выходзіла каля 240 цэнтнераў)… Старшыня райвыканкама запатрабаваў рабіць не павярхоўныя разлікі, а ўлічваць асаблівасці развіцця сельскай гаспадаркі ў нашым раёне.

Што датычыцца запасу зялёных кармоў, то ў якасці станоўчага прыкладу Вячаслаў Сельмановіч прывёў ЗАТ “Белпрампрыбор”: ужо нарыхтавана 200 тон сенажу і засталіся немалыя запасы з мінулага года. Павялічваюцца надоі, таварнасць малака. Палепшыўся фінансавы стан гаспадаркі, яна можа дазволіць сабе закупляць новую кормаўборачную тэхніку, сучасныя камплектуючыя да яе і неабходную ўпакоўку для захоўвання кармоў.

Да таго ж тут адказна падышлі да перазалужэння траў, закладкі насеннікаў і падрыхтоўкі іншых складальнікаў трывалай кармавой базы.

Нібы на супрацьлеглым полюсе райаграсэрвіс. На пашы каля Альхоўцаў буяе ў асноўным толькі дзьмухавец. Грошы, укладзеныя райаграсэрвісам у падрыхтоўку пашы, аказаліся выкінутымі дарэмна.

Нямала нараканняў і да падрыхтоўкі тэхнікі да касавіцы. Кіраўнік раёна адзначыў, што гэта – недапрацоўка райсельгасхарчу і інжынерна-тэхнічнай службы асобных гаспадарак, напрыклад, СВК “Тальмінавічы” (нямала тэхнікі раскрадзена, вінаватыя не ўстаноўлены), “Ліпнянка”, “Востраў-Агра”, райаграсэрвіса.

Ішла размова і пра захаванне правілаў тэхнікі бяспекі падчас нарыхтоўкі кармоў. Ні ў якім разе нельга дапусціць паўтарэння мінулагодніх выпадкаў, калі на жніве згарэў новы камбайн у ЗТАА “БелДан”, загарэлася сенасховішча ў “Белпрампрыборы”, склад у “Жарабковічах”…

Райвыканкам прызнаў недастатковай работу кіраўнікоў “Жарабковічаў” Віталія Бусько, “Тальмінавічаў” – Мікалая Варажуна, “Ліпнянкі” – Мікалая Каплынова, райаграсэрвіса – Дзмітрыя Несцяровіча, “Востраў-Агра” – Мікалая Малахвея па стварэнні трывалай кармавой базы.

Старшыня райвыканкама запатрабаваў ад спецыялістаў райсельгасхарчу больш адказна кантраляваць ход касавіцы. Пастаўлена задача перад ветслужбай раёна: узмацніць кантроль за якасцю нарыхтоўкі травяных кармоў.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *