Сацыяльны дэсант. Больш за 180 чалавек атрымалі прававую дапамогу падчас акцыі “Дзень з Мінпрацы і сацабароны” ў Ляхавіцкім раёне /фота/

Прыём грамадзян па асабістых пытаннях вядзе першы намеснік міністра Пётр Грушнік.

Тры гады назад у Беларусі стартавала акцыя “Дзень з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны”. У яе праграме — сустрэчы кіраўнікоў падраздзяленняў міністэрства з працоўнымі калектывамі прадпрыемстваў, жыхарамі і актывам раёнаў, асабісты прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб, кансультацыі і тэматычныя “прамыя лініі”, работа электроннай прыёмнай. Акцыя прайшла ва ўсіх абласцях і фінішавала на Брэстчыне, а дакладней — у нашым раёне. Менавіта тут у мінулы аўторак высадзіўся цэлы дэсант з кіраўніцтва міністэрства на чале з першым намеснікам міністра Пятром Грушнікам.

Напачатку адбылася сустрэча з актывам раёна. Пётр Грушнік падкрэсліў, што сацыяльная накіраванасць – прыярытэт нашай дзяржаўнай палітыкі.
Падчас размовы закраналіся пытанні пенсійнага забеспячэння, аплаты і аховы працы, сацыяльныя гарантыі, новаўвядзенні Працоўнага кодэкса, сітуацыя на рынку працы і дадатковыя меры па падтрымцы сям’яў, якія выхоўваюць дзяцей (у тым ліку і атрыманне сямейнага капіталу). Асобая ўвага – Дэкрэту №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”.
Першы намеснік міністра правёў асабісты прыём грамадзян. Са сваімі праблемамі да яго звярнуліся двое ляхавічан і жыхарка Ганцавіцкага раёна. Нашага земляка, інваліда ІІ групы, цікавіла пытанне назначэння пенсіі дзяржслужачага. Пётр Грушнік даручыў спецыялістам свайго ведамства сумесна з супрацоўнікамі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама дакладна разабрацца ў сітуацыі і даць тлумачэнні заяўніку.
Каляска для ляхавічанкі, інваліда І групы, на працягу многіх гадоў – адзіны сродак перамяшчэння. Падабраць неабходную ёй так і не змаглі. Пётр Грушнік патлумачыў, што для вызначэння тыпу каляскі трэба атрымаць заключэнне МРЭК. Камітэту па працы, занятасці і сацыяльнай абароне сумесна з упраўленнем аховы здароўя Брэсцкага аблвыканкама дадзена даручэнне разабрацца ў гэтай праблеме. Таксама заяўніцу цікавіла, калі будзе заасфальтавана вуліца Куйбышава ў райцэнтры, бо без цвёрдага пакрыцця дарогі немагчыма рухацца на калясцы. Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч прапанаваў найбольш прымальны варыянт рашэння.
Усе ўзнятыя пытанні першы намеснік міністра будзе трымаць на асабістым кантролі.
Пётр Грушнік і Вячаслаў Сельмановіч наведалі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, пабывалі ў аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў.
Адбылася і сустрэча з калектывам СААТ “Ляхавіцкі малочны завод”. Ад наведвання прадпрыемства засталіся самыя станоўчыя ўражанні: высокая арганізацыя вытворчага працэсу, узровень аховы працы, якасць выпускаемай прадукцыі – узорныя.
У праграме акцыі праведзены 3 “круглыя сталы”. “Круглы стол” па тэме “Практычнае прымяненне норм заканадаўства аб ахове працы” сабраў у аграрным каледжы не толькі інжынераў па ахове працы, але і іншых адказных асоб, хто да яе мае дачыненне. На пытанні ўдзельнікаў дыялогу адказвалі начальнік упраўлення аховы і дзяржаўнай экспертызы ўмоў працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Іван Карчэўскі, першы намеснік дырэктара дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Аляксандр Сёміч і начальнік аддзела дзяржаўнай экспертызы ўмоў працы камітэта па працы, занятасці і сацабароны Брэсцкага аблвыканкама Міхаіл Валчэцкі.
Іван Карчэўскі расказаў пра змяненні, якія ўнесены ў Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь, закон аб ахове працы і пра шэраг іншых навацый. Акрэсліў абавязкі і правы наймальнікаў і работнікаў па ахове працы. Разгледжаны і іншыя актуальныя важныя пытанні.
З 2011 года, у адпаведнасці з рэспубліканскай праграмай паляпшэння ўмоў і аховы працы, ажыццяўляецца комплекс мерапрыемстваў па далучэнні бакоў сацыяльнага партнёрства ў кіраванне аховай працы шляхам правядзення года бяспечнай працы. Мінулы год Мінпрацы і сацабароны аб’яўляла годам без траўматызму ў лясной гаспадарцы, гэты – на транспарце. Мерапрыемствы праграмы дазволілі знізіць вытворчы траўматызм.
Усе ўдзельнікі сустрэчы атрымалі кампетэнтныя і вычарпальныя адказы на пытанні.
Надзвычай дзелавы дыялог адбыўся падчас “круглага стала” па тэме “Парадак заключэння, пераводу, перамяшчэння і спынення працоўнага дагавора. Працоўны і сацыяльны водпуск. Афармленне дакументаў для прадастаўлення ў органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне для прызначэння пенсій. Новае ў пенсійным заканадаўстве”. З кіраўнікамі арганізацый, сельвыканкамаў, юрыстамі, кадравікамі, старшынямі прафкамаў сустрэліся начальнік юрыдычнага ўпраўлення міністэрства Валянціна Маслоўская і кансультант аддзела арганізацыі пенсійнага забеспячэння галоў-нага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння Людміла Грыцэнка.
Пытанні, з якімі жыхары раёна звярталіся ў рамках акцыі за кансультацыяй на “прамыя лініі” і да спецыялістаў ведамства, у большасці датычыліся разліку пенсій, вызначэння каэфіцыента зарплаты ў адпаведнасці са стажам работы. Нашых землякоў цікавілі тэмы захавання заканадаўства аб працы і аплаце працы, назначэнні дзіцячай і дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі, матэрыяльнай падтрымкі, занятасці, прадастаўлення сацыяльных паслуг і аздараўлення ў санаторыях, забеспячэння тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі.
Упершыню падчас акцыі РУП “Беларускі пратэзна-артапедычны аднаўленчы цэнтр” арганізаваў выставу-продаж тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі. Спецыялісты цэнтра па просьбе інваліда ІІ групы наведалі яго дома, каб вырашыць пытанне з артапедычным абуткам.
Падводзячы вынікі “Дня Мінпрацы і сацабароны” ў Ляхавіцкім раёне, Пётр Грушнік канстатаваў, што пастаўленная акцыяй мэта — як мага больш поўны ахоп усіх груп насельніцтва па праблемах і нявырашаных пытаннях, што знаходзяцца ў кампетэнцыі міністэрства, з мэтай іх ухілення, дасягнута. 183 жыхары Ляхавіцкага раёна атрымалі прававую дапамогу. На асабістым прыёме ў кансультатыўных груп пабывалі 20 чалавек, падчас “прамых тэлефонных ліній” разгледжаны 18 зваротаў, больш за 140 чалавек удзельнічалі ў дыялогу за “круглымі сталамі”.
“Калі мы змаглі, рэалізуючы наш праект, камусьці дапамагчы, значыць, працавалі недарма”, — падагуліў гэты насычаны працай сацыяльны дэсант першы намеснік міністра.
Галіна КАНЬКО.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

У кінатэатры «Кастрычнік» адбылася выстава-продаж тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі.

"Круглы стол " па тэме "Практычнае прымяненне норм заканадаўства аб ахове працы"

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *