Аб’ект з “гісторыяй”. Першая чарга МТФ “Сакуны” ў Ляхавіцкім раёне павінна запрацаваць праз 2 месяцы

Такой была будаўнічая пляцоўка МТФ "Сакуны" ў 2014 годзе.

Кожную пятніцу па гэтым адрасе збіраецца раённы штаб па будаўніцтве МТФ “Сакуны” СВК “Шлях новы”. Штаб узначальвае старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч. Што зроблена, праблемы, задачы на наступны тыдзень – кола пытанняў для абмеркавання і вырашэння. На гэты раз пасяджэнне штаба адбывалася пад акампанемент дажджу, які аказаўся добрым “кантралёрам” і выявіў агрэхі, дапушчаныя пры будаўніцтве даху. У адным з памяшканняў струмяні вады цяклі па акне, сцяне, прабіваліся праз стыкі перакрыццяў, адтуліны для вентыляцыйных каналаў…

Відавочнае не аспрэчыш: спецыялісты падраднай арганізацыі ПМК-13 паабяцалі выправіць свае промахі.

На гэты раз штаб засяродзіў увагу на далейшай рабоце падрадчыкаў і субпадрадчыкаў па мантажы камунікацый. І будаўнікам, і мантажнікам патрэбна прыбавіць тэмпаў. Першую чаргу МТФ “Сакуны” неабходна ўвесці ў дзеянне да 1 жніўня.

Пачалі гэтую будоўлю ў 2010 годзе. СВК “Ордэна “Знак пашаны “Кастрычнік” зрабіў праект і выканаў першыя аб’ёмы мантажных работ. Пасля рэарганізацыі гаспадаром будоўлі стаў СВК “Шлях новы”, які штогод “выкройвае” сродкі на ўзвядзенне новай МТФ. Тут плануецца размясціць 765 кароў.

Выканана работ на 20 мільярдаў рублёў. Сёлета даўгабуд ажыў: крэдыты, пазыкі з абласнога бюджэту, уласныя сродкі СВК “Шлях новы” мэтанакіравана ідуць на “Сакуны”. Будынак практычна поўнасцю завершаны, вядуцца аддзелачныя работы. Гэтымі днямі СПМК-10, згодна дагавору субпадраду, прыступіла да мантажу воданапорнай вежы, сумесна з Ляхавіцкай ПМК-13 пракладваюцца шляхі электразабеспячэння. Плануецца, што да 20 чэрвеня водаправод будзе поўнасцю гатовы на ўсёй уводнай чарзе МТФ.

СВК “Шлях новы” зараней паклапаціўся пра абсталяванне для даільнай залы. Спецыялізаваная арганізацыя ЗААТ “СалігарАграСэрвіс”, якая выйграла тэндар на мантаж гэтага абсталявання, неўзабаве пачне работу.

Райвыканкам трымае пад кантролем усе пытанні будаўніцтва. У прыватнасці, ПМК-13 павінна тэрмінова знайсці пастаўшчыка стойлавага абсталявання. Неабходна падкарэкціраваць праект, зроблены “Брэстбудпраектам”. Дагэтуль прадстаўнікі інстытута, нягледзячы на неаднаразовыя запрашэнні, так і не прыехалі для ўзгаднення шматлікіх пытанняў.

У распараджэнні заказчыкаў і падрадчыкаў для завяршэння работ – 2 месяцы.

Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *