“Не куру. Трымаюся”. Ёсць пытанне ад «ЛВ»

Як не ўзгадаць знакамітую фразу Марка Твена: “Кінуць курыць лёгка. Я сам кідаў разоў сто”. Аднак, на шчасце, многія ўсё ж знаходзяць у сабе сілы развітацца з цыгарэтай. Як адносяцца ляхавічане да курэння і курцоў – тэма чарговага апытання “ЛВ”.

Таццяна УСЦЮШКОВА,  урач-валеолаг райбальніцы:
— Дзень без тытуню, які штогод адзначаецца 31 мая, – чарговая нагода расказаць пра шкоднасць гэтай звычкі. Як урач, як маці, як неабыякавы чалавек адмоўна стаўлюся і да курэння, і да тых, хто курыць. Мала таго, што яны нішчаць уласнае здароўе, але яшчэ псуюць яго людзям, што знаходзяцца побач. Так званыя пасіўныя курыльшчыкі з-за ўздзеяння цыгарэтнага дыму атрымліваюць сардэчна-сасудзістыя і анкалагічныя захворванні, хваробы дыхальнай сістэмы і страўнікава-кашэчнага тракту. Мы з мужам урачы, ніколі не курылі, пра што не шкадуем, не кураць і дочкі-студэнткі.
А наша райбальніца даўно з’яўляецца зонай некурэння. І гэта адназначна правільна.
Марына ЗАВАДСКАЯ, галоўны спецыяліст аддзела  ЖКГ райвыканкама:
— Некалі яшчэ мая мама гаварыла, што ў жыцці трэба многае паспрабаваць і амаль усё ўмець, аднак, не абавязкова потым гэта рабіць. Калі вучылася ва ўніверсітэце, цыгарэту “пакаштавала”. На шчасце, не мой гэта інтарэс і не маё захапленне. Потым шмат чытала і чула пра шкоду, якую курэнне наносіць чалавеку. Спрабую адвучыць ад нездаровага сяброўства мужа. Зраблю ўсё магчымае, каб у сына, якому цяпер 8 гадоў, ніколі не з’явілася жаданне закурыць. Асабліва абурае, калі з цыгарэтай цяжарная жанчына.
Міхаіл Пятровіч, пенсіянер:
— Я ў сям’і адзіны курэц, прычым з 57-гадовым стажам. Некалі ў маладосці пачынаў з тытуню, які бацька вырошчваў на агародзе, цяпер вось цыгарэты. На шчасце, сын нават не пачынаў курыць, зяць нядаўна кінуў. Жонка з дачкой, а цяпер і ўнукі ў адзін голас крычаць: кінь курыць, цыгарэты – гэта шкодна! Разу-мець разумею, а развітацца са звычкай не магу.
Мікалай, дзяржслужачы:
— З маіх без малога 50 гадоў каля 30 сябрую з цыгарэтай. Пачаў курыць яшчэ падлеткам. Спачатку рэдка, потым часцей, сам нават не заўважыў, як трапіў у тытунёвы палон. Калі служыў у арміі спрабаваў кінуць, хапіла сілы волі на месяц. І потым былі неаднаразовыя спробы. Нядаўна здароўе дало канкрэтны збой, урачы настойліва парэкамендавалі кінуць курэнне, інакш наступствы могуць быць самыя цяжкія. Скажу праўду — спалохаўся, прыслухаўся да іх парад. Не куру паўгода, трымаюся. Прозвішча сваё не назваў, баюся сурочыць.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *