Каб не загрыпаваць


З наступленнем асенне-зімовага перыяду вялікая колькасць жыхароў планеты пакутуе ад так званых вострых рэспіраторных вірусных інфекцый (ВРВІ, ВРЗ), адной з якіх з’яўляецца грып.
Грып – гэта вострае інфекцыйнае захворванне, якое характарызуецца паражэннем слізістай дыхальных шляхоў і высокай інтаксікацыяй.
Шляхі перадачы і сімптомы заражэння грыпам:
— хворы грыпам чалавек з першых гадзін захворвання з’яўляецца крыніцай інфекцыі;
— вірус можа заставацца і пасля выздараўлення: да 5-7, а часам і да 10 дзён з моманту захворвання. Інкубацыйны перыяд вагаецца ад некалькіх гадзін да 1-2 дзён, але можа працягвацца і да 5 дзён;
— паветрана-кропельны шлях перадачы інфекцыі. Пры кашлі, чханні, размове з насаглоткі хворага або вірусаносьбіта выкідваюцца часцінкі сліны, слізі, макроты з хваробатворнай мікрафлорай, у тым ліку з вірусамі грыпу;
— праз прадметы ўжытку (ручнік, насоўкі, посуд і г.д.).
Асноўнымі сімптомамі з’яўляюцца:
дрыжыкі, раптоўнае рэзкае павышэнне тэмпературы цела, агульнае недамаганне, боль у мышцах, галаўны боль (пераважна ў вобласці лба), мляўкасць або ўзбуджэнне, пачырваненне вачэй і твару, сухое навязлівае пакашліванне, закладзенасць носа з невялікімі выдзяленнямі.
Ход хваробы
Захворванне пачынаецца раптоўна. З’яўляюцца дрыжыкі, тэмпература цела хутка падымаецца да 38-40 градусаў. Хворы скардзіцца на моцны галаўны боль, ламату ва ўсім целе, разбітасць, закладзенасць носа, святлобоязь, слёзацячэнне, пяршэнне ў горле, мляўкасць, санлівасць, галавакружэнне. У шэрагу выпадкаў магчыма бяссонніца, часам ірвота, беспрытомны стан, тры-зненне, сутаргі, страта прытомнасці. Калі грып працякае без ускладненняў, то востры перыяд працягваецца 3-5 дзён, а канчатковае выздараўленне наступае праз 5-10 дзён.
Лячэнне грыпу:
— хворыя павінны захоўваць пасцельны рэжым на працягу ўсяго ліхаманкавага перыяду, каб пазбегнуць ускладненняў;
— выконваць усе рэкамендацыі ўрача, своечасова прымаць выпісаныя лякарствы;
— праводзіць сімптаматычную тэрапію – гарачкапаніжальныя сродкі, снатворныя, адкашвальныя сродкі, кроплі ў нос, паласканне ротаглоткі адварам траў і г.д.
— прадоўжыць дзённы і начны сон хворага;
— паўнацэннае харчаванне, ба-гатае вітамінамі. Пры высокайтэмпературы пажадана аддаваць перавагу малочна-вугляводнай ежы;
— вялікая колькасць цёплага піцця з малінай, мёдам, адварам ліпавага цвету, а таксама цёплае малако са шчолачна-мінеральнай вадой або харчовай содай з мэтай змяншэння пяршэння ў горле.
Меры прафілактыкі і абароны:
— найбольш эфектыўным і эканамічным метадам прафілактыкі грыпу з’яўляецца вакцынапрафілактыка. Асабліва прышчэпкі па-трэбны дзецям, пажылым людзям і тым, хто пакутуе хранічнымі захворваннямі сасудаў і сэрца, бранхіяльнай астмай, цукровым дыябетам і г. д. Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, прышчэпка абараняе ад грыпу ў 97 працэнтах выпадкаў. Вірус грыпу па-стаянна відазмяняецца, таму, каб адчуваць сябе абароненым, пры-шчэпку супраць грыпу трэба рабіць штогод;
— праветрыванне памяшканняў – адзін з найбольш даступных сродкаў папярэджання грыпу;
— напярэдадні або ў перыяд эпідэміі грыпу штодзённа на працягу 20-30 дзён прымайце полівітамінныя прэпараты тыпу “Гексавіт”, “Ундэвіт”, “Дэкамевіт” або аскарбінавую кіслату (вітамін С);
— у якасці прафілактыкі выкарыстоўваюць супрацьвірусныя сродкі (“Рэмантадзін”, “Антыгрыпін”, “Анаферон”, “Арпетол” і інш.);
— перад выхадам з дому змазвайце насавыя хады аксалінавай маззю або растворам гаспадарчага мыла, каб “заблакіраваць” слізістую ад пападання хваробатворных мікробаў;
— паколькі вірус грыпу гіне ў шчолачным асяроддзі, карысна рабіць дома інгаляцыю з содай (чайная лыжка соды на шклянку вады).
— ешце больш часнаку, цыбулі, якія ўтрымліваюць фітанцыды;
— прафілактыцы грыпу дапамагае ўсё, што ўмацоўвае арганізм: свежае паветра, фізічная культура і спорт, рацыянальны рэжым жыцця, насычаная вітамінамі ежа;
— калі ў час эпідэміі грыпу побач з вамі знаходзіцца ўжо захварэўшы чалавек, адыдзіце на больш бяспечную адлегласць, адгарадзіцеся газетай або падыміце каўнер. (Па самых прыблізных падліках, адзін загрыпаваўшы можа заразіць пры чханні 20-25 здаровых, якія аказаліся побач з ім).
Для папярэджання распаўсюджання такіх рэспіраторных захворванняў, як грып, неабходна прытрымлівацца звычайных мер паўсядзённай гігіены:
— прыкрываць рот і нос папяровай сурвэткай у час кашлю або чхання. Пасля выкарыстання сурвэтку выкінуць;
— дасканала і часта мыць рукі з мылам, асабліва пасля кашлю або чхання;
— не датыкайцеся да вачэй, носа або рота. Інфекцыя перадаецца менавіта такім спосабам;
— старайцеся пазбягаць блізкага кантакту з захварэўшымі людзьмі;
— калі захварэлі, неабходна заставацца дома на працягу 7 дзён пасля выяўлення сімптомаў.
Гэта неабходна для папярэджання заражэння іншых людзей і далейшага распаўсюджання вірусу.
— Пазбягаць месцаў скаплення людзей.
Калі ў сям’і хворы, вельмі важна правядзенне простых супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў: ізаляцыя хворага, выдзяленне яму асобнага посуду, ручніка, праветрыванне і вільготная ўборка памяшкання, нашэнне маскі пры доглядзе за хворым.
Кожны чалавек валодае дастатковай інфармацыяй пра грып, можа свядома зрабіць свой выбар: прышчэплівацца супраць грыпу ці не. Медыкі раюць: прышчэпку варта зрабіць.
Таццяна УСЦЮШКОВА, урач-валеолаг.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *