Гайда на працу! Ляхавіцкія школьнікі жадаюць працаваць

Лета і праца для многіх старшакласнікаў паняцці непадзельныя. Стала своеасаблівай “фішкай”: адгучаў апошні званок – гайда на працу!

Камунгас штогод ідзе насустрач школьнікам, якія жадаюць у час канікулаў падзарабіць. І сёлета 70 ляхавіцкіх хлопчыкаў і дзяўчынак у лагеры працы і адпачынку на базе ўстаноў адукацыі ў чэрвені праявяць дызайнерскія здольнасці пры добраўпарадкаванні гарадскіх клумбаў і газонаў, гаспадарскія – пры навядзенні чысціні на прышкольных і прыдамавых тэрыторыях.

Старшакласнікам гэта форма занятасці, калі яны сумяшчаюць працу і адпачынак, даспадобы. Сумесныя справы аб’ядноўваюць, згуртоўваюць. Рабяты не толькі заводзяць новых сяброў, але і вучацца адзін у аднаго. А разнастайная забаўляльная праграма і смачныя абеды ў лагеры прыемна дапаўняюць пазітыўны агульны настрой. Дарэчы, сёлета гэтыя радасці даступныя толькі гарадскім школьнікам.

З абласнога бюджэту на арганізацыю другаснай занятасці навучэнцаў Ляхавіцкага раёна выдзелена 35 мільёнаў рублёў. Грошы накіроўваюцца толькі на аплату працы рабят. У Крывошынскай і гарадскіх школах, Малагарадзішчанскай ДС-СШ школьнікі будуць займацца праполкай, афарбоўкай, добраўпарадкаваннем тэры-торыі і іншым.

У студзені і красавіку аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама сумесна з райкамам БРСМ накіроўвалі заяўкі ва ўсе арганізацыі і прадпрыемствы Ляхавіччыны для высвятлення пытання аб наяўнасці свабодных вакансій для моладзі. Адгукнуліся толькі некалькі. ДРБУ і “Трансэлектракамплект” можа забяспечыць працай маладых людзей ва ўзросце 18 гадоў і старэйшых. На базе ЖКГ плануецца стварэнне буд-атраду. Мясцовыя СВК, як правіла, не адмаўляюць у працаўладкаванні школьнікам.

Першы сакратар РК БРСМ Тамара Пракап’юк адзначае, што магчымасцю падзарабіць пасля заняткаў падчас вясенніх работ скарысталіся ўжо 100 рабят. Школьнікі ведаюць, што за дапамогай можна не толькі звярнуцца непасрэдна ў райкам, але і пакінуць заяўку ў адпаведнай групе “В Контакте”.

Многія хлопчыкі і дзяўчынкі ўладкоўваюцца на працу без пасрэднікаў. Так, у мінулым годзе самастойна забяспечылі сябе месцам працы 96 чалавек.

Лепшыя навучэнцы ЛДАКа па традыцыі праявяць сябе ў ліпеньскія дні ў студатрадзе. Фронт работ вядомы ўжо сёння – рамонт інтэрнатаў.

Ёсць яшчэ вакансіі для работы выхавальнікамі ў першай змене аздараўленчага лагера “Чайка” – астатнія ўсе ўкамплектаваны студэнтамі педагагічных навучальных устаноў і інстытута культуры, якія паклапаціліся пра працу загадзя.

Улічваючы попыт на рабочыя месцы сярод дарослых, адсутнічае ажыятажная патрэбнасць і на працу падлеткаў. Не спяшаюцца раённыя прадпрыемствы ўзяць на сябе адказнасць па працоўным выхаванні пад-растаючага пакалення. А, глядзіш, вырасцілі б сабе сумленных і адказных работнікаў.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *