Зямлі рэстаўратары. 7 чэрвеня ляхавіцкія меліяратары адзначаюць прафесійнае свята

У дырэктара Ляхавіцкага ПМС Сяргея Юшкевіча адказнае ”амплуа” і шырокае поле дзейнасці.

Прагучыць вельмі ўжо “па-савецкі”, аднак, і абсалютна па сутнасці: нашым прадстаўнікам у рэспубліканскай кагорце людзей гэтай няпростай прафесіі ёсць з чым сустрэць свята. Размова пра УП “Ляхавіцкае ПМС” і вытворчыя здабыткі прадпрыемства. Апошняе асабліва каштоўна на фоне новых эканамічных рэалій, якія не лепшым чынам адбіліся на рабоце многіх вытворцаў. Але не ўсіх: хто “круціцца”, той мае і заказы, і аб’ёмы вытворчасці, і выручку, і … настрой напярэдадні прафесійнага свята.

“Лічбавая”  эканоміка

Параўнальная характарыстыка, як і статыстыка і ўсё астатняе, утрымлівае куды больш інфармацыі, чым проста характарыстыка, проста статыстыка. Вось і тут, прыводзячы эканамічныя паказчыкі работы прадпрыемства меліярацыйных сістэм за час са студзеня па красавік бягучага года, аналагічны леташні перыяд прымем у якасці “базы”. Станоўчая дынаміка назіраецца фактычна па ўсіх пунктах. Напрыклад, сёлетнія тэмпы росту выкананых работ на 25 працэнтаў апярэдзілі аналагічны леташні паказчык. На 45 працэнтаў паднялася ўдзельная – у разліку на аднаго работніка прадпрыемства – выпрацоўка. Заработная плата ляхавіцкіх меліяратараў, як таго патрабуе самы просты і, бадай, самы першы эканамічны пастулат, прывязана да прадукцыйнасці працы. Намінальны сярэдні заробак ушчыльную наблізіўся да 6 мільёнаў рублёў. А гэта – плюс 20 працэнтаў да ўзроўню мінулага года. Прадпрыемства працуе з прыбыткам: па выніках чатырох месяцаў года паказчык рэнтабельнасці склаў амаль 10 працэнтных пунктаў.

Вытворчасць:  “фіфці-фіфці”

У чым эфект? З чаго складваецца, на чым трымаецца вытворчая стабільнасць раённых меліяратараў? “Прыкладна палову ўсіх нашых падрадаў складаюць работы немеліярацыйнага характару. Пяцьдзесят на пяцьдзесят, калі адным словам”, –гаворыць дырэктар Сяргей Юшкевіч. Пра “немеліярацыйнасць” нашых меліяратараў паразважаем пасля. Спачатку – пра асноўны від дзейнасці, пра будаўніцтва, рэканструкцыю, рамонт, абслугоўванне меліярацыйных сістэм і аб’ектаў. “Час зараз няпросты, — працягвае ўводзіць у курс спраў Сяргей Вікенцьевіч. – Грошай на меліярацыю паступае мала. Але пэўныя сумы ўсё ж выдаткоўваюцца.Фінансаванне вядзецца як з абласнога, так і з рэспубліканскага бюджэтаў. Дзякуючы гэтаму некаторыя з аб’ектаў мы ўжо завяршылі, на іншых працягваем комплексна працаваць”.

У расшыфроўцы гэта азначае, што ў бягучым годзе ПМС завяршыла рамонт часткі меліярацыйных сетак, пракладзеных па тэрыторыях СВК “Шлях новы” і “Тальмінавічы”. Аб’екты набылі іншую функцыянальнасць, свежую эстэтыку. Але калі тэма “Тальмінавіч” гэтым, бадай, і заканчваецца, — супрацоўніцтва ПМС і “Шляху новага” можна ахарактарызаваць як працяглае, узаемавыгаднае. Так, у мінулым месяцы быў дадзены старт работам па рэканструкцыі меліярацыйнай сістэмы “Ведзьма”, даўно пракладзенай на землях гаспадаркі. Праектам прадугледжана выкананне поўнага комплексу работ: ачыстка каналаў ад мулу і водарасцяў, разраўноўванне кавальераў, ліквідацыя хмызняку на каналах і тэрыторыях, узворванне апошняй, яе выраўноўванне і бульдозерная планіроўка. Прыступілі да рамонту шлюза, а пераезд праз канал мяркуецца перааснасціць трубой большага дыяметра. Адпаведна, узрасце яе прапускная здольнасць. Апошняе вельмі актуальна, паколькі старое ўстройства часта не спраўлялася з патокам. Вада перапаўняла сістэму, падмывала пераезд, наносіла іншую шкоду. Здача аб’екта “пад ключ”, а ў нашым выпадку — “пад сяўбу” запланавана на восень. Гэта – плюс паўтары сотні гектараў зямлі на баланс “Шляху новага”. Упэўненасць у тым, што адносіны СВК і ПМС мала назваць прагматычным дзелавым партнёрствам, пацвярджае і Сяргей Юшкевіч: “У нас паразуменне з усімі гаспадаркамі раёна. У каго б ні працавалі, заўсёды знаходзім падтрымку. Можна без клопату пакінуць на захоўванне тэхніку. Пры неабходнасці рамонту – дапамогуць, зварка – калі ласка. Могуць выручыць з нейкай запчасткай. Але найбольш цесныя, сяброўскія адносіны склаліся з СВК “Шлях новы” і “Жарабковічы”. Мы выручаем іх, яны — нас. Хачу яшчэ раз падзякаваць кіраўнікам гэтых гаспадарак – Аляксандру Вашчуку і Віталію Бусько”.

А зараз – пра абяцанае, пра немеліярацыйныя падрады ляхавіцкіх меліяратараў. Напрыклад, шукаюць і знаходзяць заказы на добраўпарадкаванне населеных пунктаў і тэрыторый як на Ляхавіччыне, так і па-за межамі раёна. Гэтым часам механізаваныя звенні ПМС працуюць у агракамбінаце “Мір” Баранавіцкага раёна, на Баранавіцкім камбінаце хлебапрадуктаў. Прычым у некаторых “замежных” кантрактах “вінавата” рэпутацыя ляхавічан: і ў названым рэгіёне, і ў суседнім Клецкім нашых меліяратараў ведаюць як праверанага, добрасумленнага падрадчыка, знаёмы з якасцю работы, прафесіяналізмам. З Клецкам атрымалася іменна так: прапанавалі супрацоўніцтва. У выніку ў адным з іх сельгаскааператываў пракладзена новая меліярацыйная сетка. Да работы прыступілі ў красавіку. Частка асушаных такім чынам зямель трапіла пад яравыя работы.

Атрымала прадпрыемства ангажэмент і ад Клецкага камбікормавага завода, дзе занята на рэкультывацыі выпрацаванага і адкрыцці новага кар’ераў. Валодаюць ляхавіцкія меліяратары дазволам на работу з тратуарнай пліткай і ўстаноўку бартавога каменя, маюць вопыт устройства пляцовак пад кантэйнеры для бытавых адходаў і дарог з гравійным пакрыццём, спрактыкаваны ў пракладцы ліўнёвай і бытавой каналізацыі. З прэтэнзіямі на перамогу ў тэндэрных таргах, манітораць прастору і сітуацыю. Падрыхтавана ўся неабходная база, вытрыманы праверкі, пройдзены тэсты і ўзгадненні на атрыманне УП “Ляхавіцкае ПМС” сертыфіката адпаведнасці патрабаванням міжнароднай сістэмы якасці СТБ ISO 9001-2009. “Думаю, гэты дакумент прадпрыемства атрымае ў бліжэйшы час”, – гаворыць дырэктар. Міжнародны сертыфікат якасці адкрывае іншыя магчымасці, мары ўраўноўвае з рэальнасцю. Напрыклад, вельмі часта наяўнасць сертыфіката з’яўляецца абавязковай умовай для ўдзелу прадпрыемства ў тэндары на права выканання падрада.

Дамашняя работа

Ці работай па доме можна назваць перманентныя клопаты меліяратараў па ўдасканаленні тэхнічных магчымасцяў майстэрняў і цэхаў асноўнай базы прадпрыемства, добраўпарадкаванні і аздабленні яе тэрыторыі ў стылі “рэлакс”. Каб у адным флаконе бесканфліктна размясціць і функцыянальнасць, і эстэтыку, і тэматычнасць, і арыгі-нальнасць.

У вясенне-летні перыяд, калі рамонтна-механічныя майстэрні працуюць у рэжыме хутчэй экстранай дапамогі, чым на рэгулярнай аснове, самы час удзяліць увагу самім РММ: на завяршальным этапе знаходзяцца работы па арганізацыі ацяплення, выконваецца ці пачнецца касметычны рамонт слясарнага і сталярнага цэхаў, зварачнага паста. Адно з памяшканняў будзе адрамантавана і пераабсталявана пад кабінет галоўнага механіка, каб кіраваць працэсам той мог не “дыстанцыйна” – з кабінета ў адміністрацыйным будынку, а будучы ў эпіцэнтры рамонтных работ. У абрысах аднаго з аб’ектаў на тэрыторыі машдвара ўгадваецца будучая мыйка тэхнікі. Зроблена многае: узведзена эстакада, выканана ўкладка жалезабетонных пліт. У ліпені павінна запрацаваць мыйка, аптымізавана мадэрнізаваная заправачная станцыя.

Эстэтычнае ўдасканаленне тэрыторыі прадпрыемства быццам і не спыняецца. З’яўляюцца ўсё новыя малыя архітэктурныя формы, “зялёныя” куточкі. Апошні з такіх у поўнай меры пакуль не зазелянеў, аднак, абяцае – у колерах і фарбах футбольнага поля. Дэкаратыўна-эстэтычны варыянт такога спартаб’екта ў агульных рысах ужо гатоў. Тыдзень-два і заквітнее “футбольны мяч” у цэнтры, ізумрудам пакрыецца “гульнявая” паляна. У тэрміновай перспектыве – устаноўка лавачак, зялённыя насаджэнні, іншае.

У целе   здаровым

Дэкарацыя ў выяве футбольнай паляны – не выпадковасць. Футбольную каманду “Меліяратар” з поўным правам можна назваць дзецішчам УП “Ляхавіцкае ПМС”. Пра поспехі каманды ў турнірах рознага ўзроўню па футболе, міні-футболе, фут-зале гаворыць спартыўны куток у кабінеце дырэктара. Але “Меліяратар”, за які выступаюць не толькі работнікі ПМС, хутчэй, вяршыня спартыўнай піраміды прадпрыемства. У аснове – сяброўскія стасункі з фізкультурай многіх меліяратараў. Так, што гульнявая зала ДЮСШ, “трэнажорка”, якія па пэўных днях ПМС арандуе для сваіх работнікаў, не пустуюць.

Персанал, іх галоўны капітал

Прагучыць банальна, але ж вельмі у тэму: сёння Ляхавіцкае ПМС – сплаў маладосці і вопыту, свежага задору і паважнай упэўненасці. Некаторыя з маладых сталі меліяратамі і працягваюць расці ў майстэрстве на прыкладзе старэйшых калег. Пра што, як не пра прафесіяналізм, адказнасць, сумленнасць у рабоце маладых меліяратараў з Ляхавіч, сведчыць адзнака іх працы з боку абласнога і рэспубліканскага галіновага кіраўніцтва. Да свята граматай ДА “Брэстмеліявадгас” будуць узнагароджаны юрыст прадпрыемства Вольга Рулінская і бульдазерыст Андрэй Стэцко, падзячнае пісьмо атрымае аглядчык гідратэхнічных збудаванняў Алег Аўчынка. Таксама падзячнае пісьмо, толькі ад ДА “Белвадгас”, заслужыла загадчыца склада прадпрыемства Ядзвіга Шлег. Не забываюцца сённяшнія меліяратары і пра сваіх калег-ветэранаў. Тых, хто стаяў ля вытокаў развіцця меліярацыйнай справы на Ляхавіччыне, хто доўгія гады прысвяціў яе служэнню. Тым больш напярэдадні такога дня. “Дзень меліяратара – святы дзень”, – заўважыла Таццяна Крук, калі да яе з віншаваннямі прыехалі работнікі ПМС на чале з дырэктарам. 7 гадоў як Таццяна Фёдараўна знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Гэтаму папярэднічала 25-гадовая работа на ніве меліярацыі. Касір, бухгалтар, а апошнімі часамі трымала ў руках ніткі аператыўнага кіравання прадпрыемствам – была дыспетчарам. На пытанне, што з працоўнай біяграфіі ўзгадваецца больш за ўсё, адказвае: “Калектыў…”.

“Усё жыццё – галоўны бухгалтар. Паважалі ўсе ў вобласці. Заслугоўвае звання заслужанага меліяратара”, – заўважыла ў адрас Вольгі Міхеевай адна з работніц ПМС. Усё так: Вольга Навумаўна ў прафесіі з 1967 і бесперапынна да 1995 года. Можа лічыцца адным з пачынальнікаў меліярацыйнай справы ў раёне. “Не было ні ручак, ні алоўкаў на першым часе. Адзін маленькі кабінецік. Працавалі, ездзілі вучыцца ў іншых”, – мякка ўзгадвае тыя часы Вольга Навумаўна. І гэтак жа мякка, асцярожна, выключна інтэлігентна і вельмі добразычліва гаворыць пра тых, хто працаваў побач.

Аляксандр Мацкевіч стаў меліяратарам у пачатку 70-х гадоў. Аднойчы і назаўсёды, што называецца. Узначальваў Ляхавіцкі эксплуатацыйны ўчастак міжраённага ўпраўлення асушальна-арашальных сістэм. Шмат сіл, нерваў ды і здароўя пакінуў Аляксандр Іосіфавіч у свяціцкіх, востраўскіх балотах, на ўзвядзенні тамтэйшых сістэм меліярацыі. Узгадвае, часам, каб заправіць экскаватар, бочку з палівам даводзілася ў прамым сэнсе сплаўляць да месца па канале. Інакш нельга. “Але самы складаны аб’ект – “Ведзьма”. І для будаўніцтва, і ў ходзе эксплуатацыі. Ну і намэнчыліся”… – думкамі ветэран-меліяратар, здаецца, усё яшчэ там.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота аўтара.

Заслужаныя меліяратары Беларусі Іван Краўчук, Аляксандр Гутырчык і механік па цяжкай тэхніцы Ігар Глушко.

Машыніст пагрузчыка і футбаліст па сумяшчальніцтве Аляксандр Кендыш (злева) і механік па колавай тэхніцы Павел Ешану.

За ўзгадненнем вытворчай задачы першы намеснік дырэктара Андрэй Шумік і заслужаны меліяратар Беларусі экскаватаршчык Анатолій Цімашкевіч.

Вытворчы «кансіліум» у складзе майстра Мікалая Альшэўскага, інжынера па эксплуатацыі Кацярыны Рачынскай, эканаміста Таццяны Саковіч, галоўнага інжынера Таццяны Клявец (злева направа) і вядучага эканаміста Аксаны Пастушак (сядзіць).

Сакратар Юлія Кендыш працуе на прадпрыемстве параўнальна нядаўна. Меліярацыйны стаж інжынера па ахове працы Ніны Клявец вымяраецца дзясяткамі гадоў.

Мілы галоўны бухгалтар Ірына Какуціч, загадчыца склада Ядвіга Шлег і бухгалтар Валянціна Рыжко (злева направа).

Таццяна Фёдараўна Крук.

Вольга Навумаўна Міхеева.

Аляксандр Іосіфавіч Мацкевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *