Бедная авечка,ці Калі аўчынка стане вартай вырабу?

Год мінуў пасля рэарганізацыі, у выніку якой СВК “Канюхі” стаў вытворчым падраздзяленнем СВК “Жарабковічы”. Ва ўзбуйненай гаспадарцы з’явілася новая галіна – авечкагадоўля.

Заняцца ёю патрабавалася самым сур’ёзным чынам, найперш накарміць 2928 авечак, стварыць нармальныя ўмовы для іх утрымання. Тэрмінова адрамантавалі некалькі аўчарняў, адпаведную работу правялі ветэрынары і заатэхнікі. На падтрымку і развіццё авечкагадоўчай галіны пачалі паступаць сродкі з рэспубліканскага бюджэту. Для развядзення новай пароды, якая найбольш прыгодная для гадавання ў нашых умовах, а таксама для абнаўлення статка закупілі 262 паўтанкарунныя авечкі – мерыналандшаф, асканійскую.
Сёння ў атары 3602 жывёліны. На 100 матак і ярак ва ўзросце ад года прыпадае па 41,2 ягняці (столькі прыплоду атрымана сёлета за 4 месяцы). Сярэднясутачныя прывагі за гэты перыяд склалі 312 грамаў — павялічыліся больш, чым удвая. Расце і выручка сельгаскааператыва ад авечкагадоўлі: за апошнія 4 месяцы мінулага года прадалі прадукцыі на 588 мільёнаў рублёў, а сёлета за такі ж прамежак часу – на 793 мільёны.
СВК “Жарабковічы” ёсць што паказаць на міжнароднай спецыялізаванай выставе “Белагра-2015”, якая праходзіць у Мінску. Туды дастаўлены бараны, ярачкі, ягняты чатырох парод: прэкасы, тэкселі, мерыналандшаф, асканійская. Загадчык авечкагадоўчай фермы Рыгор Зубік падкрэслівае, што ў гаспадаркі выдатная магчымасць знайсці сярод удзельнікаў і наведвальнікаў выставы новых спажыўцоў прадукцыі, а таксама тых, хто плануе ці ўжо займаецца авечкагадоўляй: СВК “Жарабковічы” можа прадаць 1400 высокапародных ягнят. Сёння гэта самы выгадны спосаб для гаспадаркі атрымаць ад авечкагадоўлі найбольшую выручку. Іншая прадукцыя (мяса, аўчыны, воўна) запатрабаваная менш, ды і танная яна. Летась, напрыклад, прадалі 6300 кілаграмаў воўны Смілавіцкай валільна-лямцавай фабрыкі, але выгады не адчулі: за стрыжку авечак заплацілі больш, чым выручылі ад продажу.
Ну, а калі самім даводзіць да ладу? Каб памыць воўну, трэба адвесці яе ў Рагачоў Віцебскай вобласці, заплаціць сур’ёзныя грошы. Наступны маршрут – у Зэльву Гродзенскай вобласці – там спрадуць, за што зноў трэба плаціць. Атрымліваецца сапраўды “залатое руно”.
Ляжаць закансерваваныя аўчыны – няма збыту. За бараніну, якую сельгаскааператыў пастаўляе на Бярозаўскі мясакансервавы камбінат, таксама даюць нядорага. А мяса, па сутнасці, далікатэснае.
Эканаміст СВК “Жарабковічы” Ірына Жамойдзік назвала страты ад вядзення авечкагадоўлі: летась яны склалі 1 мільярд 400 мільёнаў рублёў, за 4 месяцы сёлета – 700 мільёнаў рублёў. З аднаго боку, як кажуць, прадукцыя пайшла, з другога – дзе яе збываць выгадна…
Выйсце з сітуацыі бачыць намеснік начальніка райсельгасхарчу Ірына Страмавус. На яе думку, развіццё авечкагадоўчай галіны ў СВК “Жарабковічы” на пачатковай стадыі. Каб дабіцца эканамічнай трываласці, трэба будаваць авечкагадоўчы комплекс, рэканструяваць старыя пабудовы. Месца для размяшчэння атары пакуль хапае, хоць і зроблена ўшчыльненне. На рэспубліканскім узроўні вырашаецца пытанне фінансавай падтрымкі галіны ў плане павелічэння пагалоўя. Адначасова варта падумаць і пра развіццё ўласных падсобных промыслаў. Рэальна для сельгаскааператыва пабудаваць мясны цэх, абсталяваць яго, наладзіць выпуск якаснай і запатрабаванай прадукцыі, пастаўляць яе ў гандлёвую сетку.
Наогул, развіццё авечкагадоўлі — гэта магчымасць стварэння мноства промыслаў і дапаможных вытворчасцяў: выраб аўчын, швейны цэх, прадзільны, з папярэднім мыццём і расчэсваннем воўны, трыкатажны, кансервавы. Тут і рабочыя месцы, і насычэнне рынку таварамі і прадуктамі. Канечне, усё “ўпіраецца” ў фінансы, але, калі ўзяўся за гуж…
Старшыня СВК “Жарабковічы” Віталій Бусько ў гэтым сэнсе не губляе аптымізму і замахваецца на тое, каб авечкагадоўля прынесла гаспадарцы прыбытак ужо сёлета. Згодна рэспубліканскай праграмы развіцця галіны, “Жарабковічы” павінны стаць племянной гаспадаркай. Гэта значыць, што сельгаскааператыў будзе прадаваць прадпрыемствам, арганізацыям, прыватным гаспадарам высокапародных жывёл. Падтрымка гарантуецца: сродкі з рэспубліканскага бюджэту паступаюць.
У планах павелічэнне пагалоўя да 6000 авечак, а значыць – і новае вытворчае будаўніцтва. Сёння ферма добраўпарадкуецца, агароджваецца тэрыторыя, рамантуюцца старыя аўчарні.
Не выключаецца стварэнне падсобных промыслаў, у прыватнасці, па словах старшыні гаспадаркі, хутка ляхавічанкам можна будзе прымераць цёплыя жакеты, а зімой сагрэюць вязаныя шкарпэткі з авечай воўны.
Магчыма ўжо зусім хутка “аўчынка будзе варта вырабу”.
Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *