Па-людску. Ляхавіцкая раённая арганізацыя Чырвонага Крыжа аб’ядноўвае каля 7000 чалавек

Старшыня раённай арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа Жанна Лешык.

Калі ўпершыню сутыкаешся з сур’ёзна хворымі дзецьмі, якія вымушаны літаральна кожную хвіліну змагацца з болем і адчаем, але ў той жа час напоўнены такой шчырай любоўю да жыцця, якую рэдка сустрэнеш нават у здаровых, адчуваеш нешта падобнае на шок. І пачынаеш многае пераасэнсоўваць. Становіцца сорамна скардзіцца на лёс з-за адсутнасці нейкіх дробных даброт. Абуджаецца міласэрнасць і жаданне дапамагчы.

Гуманнасць, незалежнасць, добраахвотнасць, адзінства, універсальнасць, нейтральнасць – асноўныя прынцыпы дзейнасці рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа”, якое мае ўнікальны статус і добра вядомую ва ўсім свеце эмблему. Галоўнай крыніцай існавання гэтай дабрачыннай структуры з’яўляюцца добраахвотныя ахвяраванні насельніцтва, арганізацый як айчынных, так і замежных.

Старшынёй Ляхавіцкай раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа сёмы год з’яўляецца загадчыца аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Жанна Лешык. Чалавек нераўнадушны, мэтанакіраваны, ініцыятыўны, яна аб’яднала вакол сябе аднадумцаў, гатовых падтрымаць іншых.

— У раёне членамі таварыства з’яўляюцца каля 7000 чалавек – гэта педагогі, медыкі, школьнікі, студэнты, прадстаўнікі іншых прафесій, аб’яднаныя ў 82 пярвічкі. Хачу запрасіць уступаць у арганізацыю ўсіх жадаючых, хто мае добрае сэрца, умее спагадаць і жадае дапамагаць трапіўшым у цяжкую жыццёвую сітуацыю, — зазначае Жанна Леанідаўна.
Пад асаблівым патранажам – мнагадзетныя сем’і. У маі па 25 такіх адрасах дастаўлялі прадуктовыя наборы, а ў 10 дамах падчас сумеснай з раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях акцыі ўстаноўлены аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі.
Пад сцягам Чырвонага Крыжа аб’яднаны людзі, якім баліць чужое гора. Напрыклад, ляхавічане збіралі сродкі і рэчы для перасяленцаў з Украіны, якія прыехалі з Луганскай і Данецкай абласцей на часовае ці пастаяннае пражыванне ў наш раён. 4 сям’і і 6 маладых людзей атрымалі прадуктовыя і гігіенічныя наборы, адзенне, абутак, і інш. А зусім нядаўна Беларускі Чырвоны Крыж ініцыяваў акцыю “Дапамога Непалу” па зборы сродкаў для пацярпелых ад землятрасення ў Непале, ініцыятыву падтрымалі і ляхавічане. Хто жадае дапамагчы, тэлефануйце па нумары 2-03-20.
Чырвонакрыжаўскі рух не робіць адрозненняў па веры, нацыянальнасці, палітычных поглядах – дапамагае ўсім, прычым бясплатна. Кожны, хто становіцца членам аб’яднання дэманструе сваю прыхільнасць ідэалам гуманізму, міласэрнасці, бо асноўнае ў рабоце, у тым ліку і раённай арганізацыі – гуманітарная дапамога людзям. Асаблівая ўвага – сацыяльна неабароненым грамадзянам: адзінокапражываючым, састарэлым, інвалідам, дзецям-сіротам, так званым цяжкім падлеткам.
Жанна Лешык расказвае, што вельмі папулярнай сярод ляхавічан стала акцыя “З рук у рукі”, падчас якой нашы землякі перадаюць для іншых людзей адзенне, абутак, цацкі і г.д. Найбольш актыўныя – Ірына Гатоўчыц, Наталля Бурбіцкая, Вячаслаў Новік, Пётр Юзэфовіч, Кацярына Навагран, Марыя Цімончык, Наталля Мацкевіч і іншыя.
Ніколі не адмаўляюць у дапамозе Чырвонаму Крыжу, робяць ахвяраванні многія арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі, сярод якіх СААТ ”Ляхавіцкі малочны завод”, ТАА “Трансэлектракамплект”, Віктар Яраш, ТДА “Карвента”.
Ёсць у старшыні раённай арганізацыі і надзейныя намеснікі, у якіх мноства ідэй і прапаноў, – намеснік дырэктара гімназіі Аксана Гатоўчыц і настаўніца гісторыі СШ № 2 Нэлі Пастушак. Прычым і старшыня і яе намеснікі працуюць у Чырвоным Крыжы на грамадскіх пачатках.
Адзін з асноўных накірункаў дзейнасці раённай арганізацыі БТЧК – валанцёрскі рух. На Ляхавіччыне актыўна працуюць рознаўзроставыя валанцёрскія атрады. Добраахвотнікі арганізоўваюць і праводзяць разнастайныя акцыі, наведваюць тых, каму патрэбны клопат і падтрымка. Калі стваралі першыя валанцёрскія брыгады, часам Жанне Лешык задавалі пытанне: “А колькі мне за гэта заплацяць?”. Цяпер такіх пытанняў не задаюць, а жадаючых дапамагаць становіцца ўсё больш. Хаця быць валанцёрам зусім няпроста. Цёплыя словы ўдзячнасці ад падапечных чуюць члены валанцёрскіх груп “Пошук” з гімназіі,
“Данка” з СШ № 2, “Чыстыя сэрцы” з СШ № 1. Адна з апошніх паспяховых акцый – “Душэўныя сэрцы”, прымеркаваная да 70-годдзя Вялікай Перамогі. Школьнікі пабывалі ў ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, уручылі падарункі ад Чырвонага Крыжа і, самае галоўнае, запісалі такія дарагія сэрцу ўспаміны ветэранаў. Усе нататкі ўвойдуць у Кнігу памяці, якая будзе выдадзена за сродкі арганізацыі ў кастрычніку гэтага года.
А яшчэ традыцыйна валанцёры праводзяць акцыі ў падтрымку здаровага ладу жыцця і супраць шкодных звычак. 23 мая група “Данка” арганізавала на вуліцах горада акцыю “Спынім спайс”. Чырвонакрыжоўцы актыўна ўдзельнічалі ў Сусветным дні супраць курэння. Не абыходзяцца без іх удзелу конкурсы дружын, спартыўныя спаборніцтвы і дабрачынныя мерапрыемствы. А нядаўна вельмі цікава і насычана прайшоў першы ў раёне валанцёрскі злёт.
Спраў у ляхавіцкіх актывістаў БТЧК хапае. Самае галоўнае, па словах Жанны Лешык, што неабыякавых людзей, гатовых адгукнуцца на сігнал аб дапамозе, становіцца ўсё больш. Гэта абнадзейвае.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Група «Данка» праводзіла акцыю «Спынім спайс».

Надзейныя памочнікі Чырвонага Крыжа



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *