Мой любімы “Кужалёк”


Ідэя стварэння вучнёўскага фальклорнага калектыву належыць настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Наталлі Сідор. Яна вельмі цікавіцца культурнай спадчынай землякоў і гэтае захапленне здолела перадаць сваёй дачцэ Паліне, а пасля і многім яе аднакласнікам. Спачатку гурт існаваў як тэатр аднаго акцёра: Паліна расказвала народныя паданні, спявала песні, якім навучыла яе бабуля. Акампаніраваў Андрэй Асімовіч, ён цудоўна іграў на скрыпцы. Аратарскія здольнасці, артыстызм Паліны і чароўныя гукі скрыпкі не раз пакаралі ўдзельнікаў фальклорных семінараў, што ладзіліся ў школе, раёне, вобласці. Аднойчы знаўцы фальклору ўбачылі выступленне “Кужалька” на “Радаводзе” ў Брэсце і захапіліся яго творчасцю.
У 2006 годзе аснову калектыву складалі вучні 6 ”А” класа. Для папаўнення рэпертуару арганізоўваліся этна-графічныя экспедыцыі ў вёскі раёна. Разам з Наталляй Мікалаеўнай мы шукалі бабуль і дзядуль, якія памяталі песні і танцы сваёй маладосці. Знаходзілі такіх, і пажылыя людзі былі вельмі рады, што маладое пакаленне цікавіцца культурнай спадчынай. Многія з асаблівым задавальненнем спявалі нам песні, расказвалі легенды, паданні, успаміналі прыказкі і прымаўкі, нават танцавалі з намі. А “кужаляты” ўважліва слухалі, запаміналі, многае занатоўвалі. Напрыклад, танцаваць кракавяк так, як гэта калісьці рабілі ў вёсках Туркі і Вялікая Лотва, навучыў нас Мікалай Русін. Аказваецца, што той самы танец, напрыклад, у вёсцы Гайнін танцуюць не так, як, напрыклад, у Зарытаве.
Шмат паданняў і легендаў расказала нам Марыя Русіна.
На жаль, многіх людзей, якія вельмі дапамаглі ў пошуках фальклору, сёння ўжо няма ў жывых. Аднак, яны жывуць у нашай памяці і песнях, якія навучылі нас спяваць…
Такія экспедыцыі праводзіліся з пачатку вясны і да позняй восені, таму ў рэпертуар гурта трапілі адпаведныя творы, у якіх услаўляліся вясновае аднаўленне прыроды, сяўба і вырошчванне хлеба, збор ураджаю і іншыя. А вось цудоўныя мілагучныя калыханкі мы запісалі ў Юліі Сідор з вёскі Ураджайная.
Сцежкі-дарожкі нашага “Кужалька” праходзяць па ўсёй Ляхавіччыне, і сёння мы спяваем песні “Пава гуляла”, “Як павесіў я дуду”, “Ой, за гаем, гаем”, танцуем “Мальвіну”, “Суботу” і танец “Лысы”.
Асаблівым нацыянальным каларытам адрозніваюцца строі ўдзельнікаў “Кужалька”. Узорам для іх стварэння стала адзенне 19-га стагоддзя, у якое апраналіся падлеткі.
Цяпер нашы гурткоўцы ўжо вучацца ў 10 класе і іх удзел у фальклорным калектыве стаў яшчэ больш прадукцыйным. На падставе фальклорных твораў пішуцца навукова-даследчыя работы, пры-свечаныя асаблівасцям фальклору Ляхавіччыны і яго адрозненням ад народнай творчасці суседзяў з іншых раёнаў. Напрыклад, даследчая работа “Роля і сімволіка раслін у вусным фальклоры Ляхавіччыны” была адзначана ў вобласці і ўвайшла ў зборнік “Берасцейскі вазок”, які ўяўляе сабой збор матэрыялаў этнаграфічных экспедыцый.
Без нашага любімага “Кужалька” не абыходзяцца ні адно школьнае мерапрыемства, раённыя агляды, абласныя семінары. Мы перакананы, што творчасць такіх калектываў заўсёды застанецца запатрабава-най.
Марына ЖАБІК, вучаніца САШ № 1.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *