Шчасце па асабістым праекце. Сям’я з Ляхавіцкага раёна ў абласным конкурсе заняла 3 месца

Мама, тата, мы – лепшыя сябры.

У кожнага чалавека павінен быць свой дом. Але гэта не толькі і не столькі дах над галавой. Галоўнае — сям’я, блізкія людзі, якія цябе разумеюць, чакаюць і абавязкова любяць. Калі хлопчыкі і дзяўчынкі, якія па волі лёсу пазбаўлены бацькоўскага цяпла і клопату, урэшце рэшт знаходзяць найвялікшае багацце — сапраўдную сям’ю, у іх з’яўляюцца мама і тата, брацікі і сястрычкі, а таксама найважнейшыя спадарожнікі – сумесныя абеды, адпачынак, чытанне казкі на ноч і дапамога ў падрыхтоўцы ўрокаў, магчымасць падзяліцца  з блізкім сакрэтам і пяшчотна прашаптаць на вушка: “Я так цябе люблю, мамуля” ці “Ты ў мяне самы моцны, татачка”.

У Ляхавіцкім раёне таксама ёсць замяшчальныя сем’і: 3 дамы сямейнага тыпу, у якіх выхоўваюцца 16 дзяцей, 39 прыёмных (54 дзіцяці) і 27 апякунскіх (35 хлопчыкаў і дзяўчынак). Дзяржава робіць усё магчымае, каб такія сем’і ні ў чым не мелі патрэбы. Сацыяльна-педагагічныя службы, органы апекі аказваюць падтрымку ўсынавіцелям, апекунам, прыёмным сем’ям – усім, хто адкрыў свае сэрцы дзецям і паспяхова выконвае такую неабходную, адказнейшую місію.
Напрыканцы мая ў Брэсцкім цэнтры маладзёжнай творчасці прайшоў фінальны этап абласнога конкурсу прыёмных сем’яў, дзіцячых дамоў сямейнага тыпу “Мая прыёмная сям’я”(праводзіцца раз у тры гады). Да гэтага быў адборачны тур. На ім Ляхавіцкі раён прадстаўлялі прыёмная сям’я Галіны і Віктара Кульбіцкіх з аграгарадка Малое Гарадзішча і дзіцячы дом сямейнага тыпу Святланы і Аляксандра Страмавусаў з райцэнтра. У фінал трапілі Страмавусы, якія і сталі аднымі з 6 прэтэндэнтаў на перамогу і званне лепшай прыёмнай сям’і Брэстчыны.
“Візітоўка” — нібы дзённік сям’і, і не важна які ён, друкаваны ці рукапісны — галоўнае, каб шчыры, яскравы, змястоўны. Менавіта такім было прадстаўленне дома сямейнага тыпу — Святланы і Аляксандра і іх дзецей Наталлі, Данііла, Ільі, Яўгеніі, Дар’і, Кацярыны, Уладзіміра.
Творчасць – гэта пра ўсіх іх. Нашым фіналістам удаўся ўдзел у конкурсе “Сацыяльная рэклама”, заданне трэцяга этапу “Педагагічная майстэрня”. А ў апошняй намінацыі “Дом мары” Страмавусы “пабудавалі” імправізаваны фундамент дружнай, моцнай і шчаслівай сям’і, дзе галоўныя каштоўнасці — узаемадапамога, узаемапавага, любоў. Прыёмныя бацькі паспелі стаць роднымі і блізкімі для яшчэ нядаўна чужых дзяцей, вучаць іх дабру і справядлівасці, любіць і суперажываць, змагацца і перамагаць, дапамагаць таму, каму гэта найбольш неабходна, не быць абыякавымі да чужой бяды і радавацца разам з іншымі, развіваюць сямейныя традыцыі, выбіраць здаровы лад жыцця.
Па выніках конкурсу дом сямейнага тыпу Страмавусаў заняў трэцяе месца. На другім месцы – прыёмная сям’я з Баранавічаў, а пераможцам прызнаны ДДСТ са Століна. Усе ўдзельнікі атрымалі падарункі і кветкі.
Па дарозе дамоў Святлане і Аляксандру патэлефанавалі з надзвычай прыемнай навіной – яны ў чарговы раз сталі бабуляй і дзядулям!
Напрыканцы гэтага года сямейны дом Страмавусаў адзначыць сваё першае пяцігоддзе. У самастойнае дарослае жыццё выпусцілі траіх выхаванцаў: Уладзімір – студэнт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка,  Андрэй хутка стане дыпламаваным будаўніком, а Аляксандр – меліяратарам. Як расказала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Галееўская, у гэтым доме пануе атмасфера добразычлівасці, энтузіязму, добрага гумару і ўзаемападтрымкі. З сумам і ў той жа час радасна развітваюцца з выхаванцамі, калі ў тых з’яўляецца магчымасць вярнуцца ў свае біялагічныя сем’і. Вось і нядаўна да роднай маці, якая выправіла свае паводзіны, вярнуліся дзве дачушкі.
Зусім нядаўна ў сям’і Страмавусаў выхоўваліся пяцёра непаўналетніх. А літаральна пасля вяртання з Брэста адбылося папаўненне – дабавіліся дзве сястрычкі: чатырохгадовая Даша і двухгадовая Вераніка адразу сталі любімцамі ўсіх, і кожны са “старажылаў” стараецца парадаваць і папесціць маленькіх . І на іх хопіць пяшчоты клапатлівых мамы і таты: цяпла і спагады бацькам Страмавусам не займаць.

Думкі ўслых

— Скажу і ад сябе і ад мужа: даўно не ўжываем займеннік “я”. Мы разам – дарослыя і дзеці. Упэўнена і спакойна за дзяўчынак – добрыя гаспадыні будуць, клапатлівыя маці і жонкі – камусьці пашчасціць. А нашы хлопчыкі такія майстры, бацьку дапамога, якую прыгажосць дружна навялі ў двары.
— Перажываем, не тое слова, якім можна ахарактарызаваць пачуцці, калі чакаем чарговага папаўнення ў сям’і. І справа не ў тым ці спадабаецца навічкам, як прыжывуцца ў новых умовах, галоўнае– як іншыя іх сустрэнуць. У кожнага свой характар. Цяжка адагрэць маленькае сэрца, якое столькі пакут перацярпела. Асабліва напружана было спачатку, потым з вопытам, слушнай падтрымкай сацыяльна-педагагічнай службы стала лягчэй.
— Старэйшая на другі дзень падбегла, абняла і сказала: я цябе буду мамай называць, — з пяшчотай гаворыць гаспадыня дома.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *